Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве будуць гаварыць пра Беларусь


Саміт краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Варшаве

Саміт краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Варшаве

Прэзыдэнты эўрапейскіх краінаў і ЗША плянуюць, сярод іншага, абмеркаваць стан дэмакратыі ў Беларусі. Беларускае пытаньне значыцца ў парадку дня XVII саміту краінаў цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, які распачаўся сёньня ў Варшаве.

У саміце бяруць удзел прэзыдэнты 20 эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Літвы, Нямеччыны, Украіны, Чэхіі, Італіі ды іншых. Адмовіліся ад удзелу ў спатканьні прэзыдэнты Сэрбіі і Румыніі - на знак пратэсту супраць запрашэньня на саміт прэзыдэнта Косава, бо Бялград ды Бухарэст не прызнаюць незалежнасьці гэтай краіны.

Галоўная тэма варшаўскіх размоваў – перадача досьведу дэмакратычных пераменаў іншым краінам, у тым ліку дзяржавам паўночнай Афрыкі.

“Мы хочам паразмаўляць пра будучыню дэмакратыі, але і пра польскі досьвед пераходу да дэмакратычнага ладу і свабоды. Наш досьвед можа быць карысны для іншых рэгіёнаў сьвету”, - заявіў напярэдадні прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Адказваючы на пытаньне, ці зьявіцца супольная дэклярацыя сабраных у Варшаве прэзыдэнтаў адносна Беларусі, Камароўскі сказаў:

Браніслаў Камароўскі
«Цяжка гаварыць пра шлях да дэмакратыі і пра тое, як гэта ўплывае на суседзтва Эўразьвязу ў Афрыцы і Ўсходняй Эўропе, ня згадваючы Беларусі».

Польскі бок мае намер прадставіць таксама прыярытэты свайго старшыняваньня ў Эўрапейскім зьвязе, якое пачнецца 1 ліпеня сёлета. Сярод гэты прыярытэтаў – Усходняе партнэрства.

Увечары, каля 20 гадзіны паводле менскага часу да ўдзельнікаў саміту далучыцца прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які ўпершыню сустрэнецца са сваімі эўрапейскімі калегамі ў такім складзе.

Між тым на суботу увага амэрыканскага прэзыдэнта будзе сканцэнтраваная перадусім на двухбаковых дачыненьнях паміж Варшавай і Вашынгтонам. Барак Абама сустрэнецца з прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам ды лідэрамі найбуйнейшых палітычных сілаў Польшчы, у тым ліку і з прадстаўнікамі апазыцыі.

“Нашы дачыненьні застаюцца добрымі незалежна ад палітычнай каньюнктуры і Польшчы і ў ЗША,” - заявіў напярэдадні прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Саміт праходзіць у Каралеўскім замку ў Варшаве
Сярод тэмаў польска-амэрыканскіх перамоваў:

- сытуацыя ў сьвеце, у тым ліку і ў краінах, дзе разам знаходзяцца амэрыканскія і польскія жаўнеры, прыкладам – Аўганістан

- вайсковая прысутнасьць ЗША на тэрыторыі Польшчы

- удзел амэрыканскіх карпарацыяў у пошуках на польскай тэрыторыі радовішчаў сланцавага газу

- становішча дэмакратыі ў Беларусі ды іншыя.

У суботу, перад вылетам у ЗША, Барак Абама сустрэнецца таксама са сваякамі загінулых у катастрофе прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам у красавіку летась польскіх палітыкаў, вайскоўцаў, грамадзкіх дзеячаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG