Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пазьняк: Паставіў у царкве сьвечкі за ўсіх, хто застаўся там


Андрэя Пазьняка вызвалілі ў залі суду
Андрэя Пазьняка вызвалілі ў залі суду

Андрэю Пазьняку прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, яго вызвалілі у зале суду. Першае інтэрвію ён даў Свабодзе, калі ехаў разам з бацькам да сваёй 10-гадовай дачкі.




Соўсь: Андрэй, што вы першае зрабілі на свабодзе?

Пазьняк: Першае на свабодзе - я выйшаў і ўздыхнуў гэтым сьвежым паветрам свабоды. Мне вельмі цяжка было ўявіць, што я мог выйсьці... і схадзіў у царкву і паставіў сьвечкі за тых, хто яшчэ застаўся там, хто за іх змагаецца, перажывае... за ўсіх-усіх-усіх-усіх паставіў сьвечкі, памаліўся, перахрысьціўся.

Соўсь: Як вы мяркуеце, чаму вы адзіны зь сямі фігурантаў атрымалі ўмоўнае пакараньне?

Пазьняк: Я не магу адказаць. Я думаю, што мне дапамог Гасподзь, і гэта супадзеньне абставінаў.

Соўсь: Вы, напэўна, упершыню сустрэліся на лаве падсудных з фігурантамі справы 19 сьнежня Статкевічам, Вусам, Класкоўскім, Грыбковым, Буланавым, Квяткевічам. Як вы мяркуеце, чаму так адбылося, што вас судзілі разам?

Пазьняк: Я не магу ведаць, бо ўсіх судзілі па-рознаму, я ні зь кім не быў знаёмы і нават нікога ня ведаў у твар, ні зь кім не стасаваўся, я ня ведаю, гэта так ужо вырашылі ворганы.

Соўсь: Як складваліся адносіны паміж падсуднымі падчас судовага працэсу? Нешта адметнае запомнілася?

Пазьняк: Размаўляць нам не дазвалялі, бо гэта не дазволена законам. Усе трымаліся дружна, усе адзін аднаго падтрымлівалі эмацыйна, кожны адзін аднаго адчуваў душэўна, душэўнае сыходзіла цяпло адзін да аднога. Не магу адказаць на гэтае пытаньне інакш. Таму што ўсе апынуліся за кратамі нечакана, і кожны ведаў, што ён - невінаваты.

Соўсь: Вы заўзятар футбольнага клюбу БАТЭ. Ці падтрымлівалі вас падчас сьледзтва, судовага працэсу вашы сябры-заўзятары?

Пазьняк: Усе падтрымлівалі, і ня толькі БАТЭ - уся Беларусь і за мяжой, усе заўзятары, усе блізкія, родныя людзі, і нават тыя, хто ня блізкі - усе падтрымлівалі. Дзякуй вялікі ўсім хто нас падтрымліваў, і ня толькі мяне аднаго, але і іншых.

Соўсь: Як трымаліся вашы бацькі? Ваша дачка?

Пазьняк: Я яшчэ ў дарозе, еду з бацькам. Вельмі перажываем за тое, што здарылася, абмяркоўваем. Еду наўпрост да дачкі, хачу ўбачыць дачку. Я яе столькі ня бачыў, маленькую дачку. Хачу яе абняць і пацалаваць.

Соўсь: Чаму навучыла вас турма?

Пазьняк: Гэта такая школа - гэта не перадаць на словах... Столькі многа людзей невінаватых, і ня толькі па палітычных артыкулах, шмат розных людзей. Усе церпяць. За кожнага трэба маліцца, кожнаму нейкую аказваць дапамогу, бо інакш нельга - трэба трымацца разам. Бо людзям патрэбная дапамога паўсюль, ня толькі ў турме. Я лічу, што найлепшае - гэта цьвёрдасьць, цярпімасьць і надзея на самае лепшае.

Соўсь: Што было самым страшным у зьняволеньні? Ці ўжываліся ў дачыненьні да вас катаваньні?

Пазьняк: Не, у дачыненьні да мяне такіх катаваньняў не было. Самае цяжкае для мяне - гэта адчуваць што адбываецца тут, на свабодзе. Як твае блізкія, усе астатнія, вось гэта было самы цяжкі стан - быць далёка ад сваіх родных.

Соўсь: Каму вы ўдзячны за вызваленьне?

Пазьняк: Усім-усім, хто за мяне перажываў, хто прыклаў часьціцу сябе для перажываньня за мяне і ўсіх астатніх, і я лічу - Гасподзь дапамог. І я лічу - яшчэ ўсё наперадзе і самыя лепшыя часы яшчэ настануць, і ўсіх людзей павінны вызваліць.

Соўсь: Ці выйшлі б яшчэ раз на Плошчу?

Пазьняк: На гэтае пытаньне я зараз не магу адказаць, таму што, самі разумееце: як я магу адказаць - мяне толькі вызвалілі з турмы... Гэта маё меркаваньне
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG