Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы разьвіталіся з загінулымі падчас пажару на мясакансэрвавым камбінаце


Разьвітаньне з ахвярамі пажару.

Разьвітаньне з ахвярамі пажару.


Чацьвёра работнікаў прадпрыемства загінулі 24 траўня, калі ў галерэі халадзільнага цэху загарэлася плястыкавая абшыўка памяшканьня. Маці аднаго зь іх, Дзяніса Каракіна, 15 гадоў таму таксама стала ахвярай трагедыі на аршанскім мясакансэрвавым камбінаце: яна загінула, калі выбухнуў кацёл у цэху ўтылізацыі. Сыну на той час было каля 16 гадоў.

26 траўня адбылася цырымонія разьвітаньня з загінулымі Ігарам Альховікам, Дзянісам Каракіным і Сяргеем Сьвішчовым. Сям’я Ганны Мурашкевіч адмовілася ад удзелу ў афіцыйнай імпрэзе і праводзіла жанчыну ў апошні шлях самастойна. Грошы на пахаваньне і ўстаноўку помнікаў выдаткавала прадпрыемства. Кіраўніцтва мясакансэрвавага камбіната паабяцала і матэрыяльную дапамогу сем’ям, якія страцілі родных, але ў якім памеры — невядома.

Ад казённых спачуваньняў адмовілася і маці аднаго з загінулых работнікаў: напярэдадні да яе завітала кіраўніцтва, але спадарыня сказала, што сына ёй адміністрацыя камбіната ня верне, і выправадзіла дэлегацыю з хаты.

Разьвітаньне з загінулымі адбывалася на тэрыторыі мясакансэрвавага камбінату. Работнікам, а таксама навучэнцам і супрацоўнікам прафэсійна-тэхнічнага каледжу, які рыхтуе кадры для прадпрыемства, было загадана прысутнічаць у абавязковым парадку. Людзі адзначалі, што ў паветры дагэтуль стаіць задушлівы смурод ад згарэлага плястыку. Але тушы ската, якія падчас пажару знаходзіліся ў галерэі халадзільнага цэху, усе-ткі пусьцілі на перапрацоўку ў кансэрвавы цэх. На пахаваньні гаварылі і пра тое , што ў мінулыя суткі рабочых прымушалі выбіваць цэглу, якой былі закладзены вокны ў галерэі — замест цэглы паўстаўлялі краты, так што ў выпадку небясьпекі цяпер у памяшканьне будзе трапляць паветра.

Выступае дырэктар камбіната Аркадзь Няўсіхін

Чацьвёра работнікаў загінулі ад «удыханьня атрутных прадуктаў гарэньня», як вызначылі медыкі. Калегі кажуць, што ахвяры трагедыі проста ня ведалі пра пажар: падымаліся ў ліфце, які раптам спыніўся, — у цэху адключылі электрычнасьць, каб пазьбегнуць выцечкі аміяку. Спрабуючы выбрацца з ліфта самастойна, яны адчынілі дзьверы — і трапілі ў хмару атрутных газаў. Жанчыну знайшлі нежывой недалёка ад ліфта. Мужчыны пабеглі далей, але навокал было цёмна, і яны апынуліся ў пастцы, бо халадзільны цэх складаецца зь некалькіх адасобленых камэр.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй МНС, загінулыя маглі ўратавацца, аднак пачалі змагацца з агнём, не ўлічыўшы сьмяротнай небясьпекі. У нэкралёгу на інтэрнэт-старонцы «Аршанскай газэты» напісана, што рабочыя «загінулі, ратуючы дзяржаўную маёмасьць». Доказамі гэтага, паведамляюць дзяржаўныя СМІ, сталі знойдзеныя побач пажарны «рукаў» і каска…

Грамадзянскую паніхіду здымае мясцовае тэлебачаньне

Паводле начальніка Віцебскай абласной управы МНС Васіля Чэкана, прычынай пажару на АМКК стала парушэньне тэхнікі пажарнай бясьпекі пры зварцы — у галерэі нешта рамантавалі, і іскра трапіла на плястыкавую панэль. З гэтай нагоды Аршанская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу, аднак толькі пасьля адпаведнай праверкі стане вядома, паводле якога артыкула пакараюць вінаватых.

Пра гатоўнасьць аказаць матэрыяльную дапамогу сем’ям загінулых заявіў і аршанскі гарвыканкам. «Сума дапамогі вызначаецца, рашэньне будзе прынятае бліжэйшымі днямі», — заявіў намесьнік старшыні Аршанскага гарвыканкаму Мікалай Самсонаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG