Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Класкоўская: "Перажылі лета гарачае, перажывем і дзярмо сабачае"


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Сястра былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага Вольга Класкоўская падчас доўгага зачытваньня прысуду не стаяла, як таго патрабуе судовы парадак, а села на знак непавагі да суду.



Соўсь: Вольга, як вы мяркуеце, за што вашага брата пакаралі 5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму?

Класкоўская: Ад самага пачатку было відавочна, што сытуацыя з Аляксандрам – паказальны працэс. Пакаралі, каб іншым праваахоўнікам нават думак не было бунтаваць супраць рэжыму. Бо рэжым вельмі баіцца бунту сілавых структураў, нават больш, чым папулярнасьці апазыцыйных кандыдатаў.

Соўсь: Як вы лічыце - тое, што людзі крычалі на плошчы: “Міліцыя з народам!” - гэты заклік будзе калі-небудзь пачуты?

Класкоўская: Вельмі хацела б спадзявацца на гэта. Мне даводзілася кантактаваць з міліцыяй, і магу сказаць, што на 100 адсоткаў гэты рэжым міліцыя не падтрымлівае. Шмат якія Сашавы калегі са спачуваньнем ставіліся да ягонай сытуацыі, распытвалі мяне і казалі: "Навошта ён адзін палез?" Я кажу: "А чаго ты не далучыўся? Калі далучыцеся - тады будзе эфэкт." Таму я спадзяюся, калі на плошчу выйдзе тысяч 100, міліцыі хопіць мужнасьці і сумленьня перайсьці на бок народу.

Соўсь: Як Аляксандар успрыняў прысуд?

Класкоўская: Спакойна, ён ад пачатку быў падрыхтаваны да 10 гадоў, ён так пісаў у лістах. Я ведаю, што ў Сашы хопіць сіл, мужнасьці, годнасьці ўсё гэта перанесьці. Ёсьць прымаўка: "Перажылі лета гарачае, перажывем і дзярмо сабачае". Так што перажывем усё гэта.

Соўсь: Як трымаецца ягоная жонка Натальля? Ці ведаюць ужо дзеці пра прысуд бацьку?

Класкоўская: Натальля трымаецца вельмі годна, старэйшыя дзеці ведаюць пра прысуд. Ім патрэбная перш за ўсё маральная падтрымка і салідарнасьць, і хацела б зазначыць, што гэтая хваля салідарнасьці, якую мы пабачылі пасьля арышту, ня можа не выклікаць цёплыя пачуцьці. Пасьля таго, як у СМІ зьявілася інфармацыя, што сям'я Сашы ў цяжкай сытуацыі, пачало адгукацца вельмі шмат людзей, дапамагаюць як могуць: хто вопраткай, хто прадуктамі, хто паштовымі пераводамі. Многія нават не называюць імя. Нават на адным заводзе рабочыя зьбіралі грошы для яго сям'і. Заўсёды гэты кантынгент лічыўся электаратам Лукашэнкі, але бачыце - выказваюць і салідарнасьць, і практычна дапамагаюць Сашавай сям'і. Калі гэта бачыш - ёсьць упэўненасьць, што перамены неўзабаве адбудуцца. І я веру, што нашы родныя людзі, якія цяпер за кратамі, не адседзяць і паловы гэтага тэрміну і хутка будуць з намі.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG