Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўка А.Грыбкова: «Хутка людзі стануць зусім злыя»


Арцём Грыбкоў
Арцём Грыбкоў
Сяброўка вязьня Плошчы Арцёма Грыбкова Сьвятлана Юронак пасьля выступу Лукашэнкі ў Астане спадзявалася на ўмоўныя прысуды.



Соўсь: 4 гады зьняволеньня прысудзілі вашаму сябру Арцёму Грыбкову. Ці вы спадзяваліся, што пасьля тыднёвага перапынку ў судовым працэсе яго вызваляць?

Юронак: Я ішла на суд са спадзяваньнем, што ім усім дадуць умоўна, бо прачытала ў навінах, што Аляксандар Лукашэнка сказаў у Астане, і ішла з надзеяй. А тут... Я такога не чакала...

Соўсь: Як трымаўся Арцём падчас суду, падчас вынясеньня прысуду?

Юронак: Ён нават пасьля вынясеньня прысуду сьмяяўся. Але адчуваю, што ў душы яму вельмі кепска. Ён можа, яшчэ проста гэтага не ўсьвядоміў да канца, але яшчэ ўсьвядоміць.

Соўсь: Арцём ня быў сябрам палітычных партый. Як вы мяркуеце, чаму менавіта яго асудзілі за Плошчу?

Юронак: Гэта проста выпадковасьць. У той дзень мы зь ім пасварыліся, і ён сказаў: "Назло табе пайду!"

Соўсь: Ці былі на судзе ягоныя бацькі? Што яны кажуць пра прысуд?

Юронак: Яны расстроеныя, таксама не чакалі, ім вельмі цяпер складана. Арцём адзіны ў іх.

Соўсь: Як можна падтрымаць яго за кратамі?

Юронак: Можна напісаць яму ліст.

Соўсь: Што павінна адбыцца, каб яго вызвалілі?

Юронак: Я ня ведаю. Можа, каб нехта сышоў з улады, таму што так нельга, хутка людзі стануць вельмі злыя, і, мне, здаецца, у любым выпадку ён ня ўвесь тэрмін адсядзіць.

Соўсь: Што б вы сказалі яму, калі б цяпер мелі такую магчымасьць?

Юронак: Я сказала б яму адно: што вельмі моцна яго кахаю, і вельмі ім ганаруся. Ён у мяне самы лепшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG