Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля шматгадовых марных спробаў выціснуць з абарачэньня ў Беларусі амэрыканскі даляр Нацыянальны банк адмаўляецца ад ранейшай стратэгіі і пашырае пералік дазволеных апэрацый з замежнай валютай. У прыватнасьці, будзе вернутая магчымасьць запраўляцца за замежныя грошы на АЗС, а турфірмы, санаторыі, дамы адпачынку, мэдычныя цэнтры і адукацыйныя ўстановы змогуць браць плату за пуцёўкі, лекаваньне ды адукацыю ў далярах, эўра, расейскіх рублях.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур пацьвердзіў: легалізаваўшы валютныя разьлікі, урад з Нацбанкам спадзяюцца прыцягнуць да абароту даляры ды эўра, якія ў чаканьні магчымых дэвальвацыйных працэсаў насельніцтва не сьпяшаецца траціць:

"Гэта меры, якія шмат у чым будуць зьвязаныя з пашырэньнем ужываньня і выкарыстаньня замежнай валюты пры разьліках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта і аплата паліва, і цэлы шэраг магчымасьцяў, якія будуць прадстаўляцца па аплаце паслугаў гатэляў, прыдарожнага сэрвісу, турыстычных паслугаў, сплата ўвознага мыта ў замежнай валюце і цэлы шэраг іншых момантаў. Усе яны павінны прывесьці да карэктаваньня ня толькі стану валютнага рынку, але і ў цэлым той адноснай разбалянсаванасьці, якая на сёньняшні дзень мае месца".

Аднак людзі не сьпяшаюцца разьвітвацца з замежнай валютай і ўсяляк намагаюцца павялічваць уласную "падушку бясьпекі" на выпадак далейшага абвалу рубля. Чалавек з чаргі ля пункту абмену ў менскім ЦУМе кажа, што пасьля дэвальвацыі чарга ахвотных набыць даляры, эўра, расейскія рублі толькі павялічылася; шмат хто ахвяруе працай, каб рэгулярна адзначацца ў сьпісе, бо інакш вакантнае месца зойме нехта іншы:

"Тут два абменьнікі побач знаходзяцца: адзін на першым паверсе, а другі —
з-пад Менску езьдзяць на машынах, каб пацьвердзіць сваё месца ў сьпісе ...

на трэцім. Дык вось на трэцім паверсе чарга дзесьці 240 чалавек. Калі ў сярэднім за дзень праходзяць па два ці тры чалавекі, то гэта як мінімум на два месяцы чаканьне. Адзначацца трэба а 9-й раніцы і а 9-й вечара, і людзі нават з-пад Менску езьдзяць на машынах, каб пацьвердзіць сваё месца ў сьпісе. Уявіце сабе: два месяцы неабходна людзям прыяжджаць з-за гораду, каб адзначацца, і толькі праз два месяцы (!), хоць яшчэ і ня факт — можа, паспрабаваць набыць колькі там даляраў".

Тым часам апэрацыі з валютай фактычна згорнутыя і на міжбанкаўскім рынку. Уведзеная Нацбанкам забарона на адхіленьне ад афіцыйнага курсу больш чым на 2% фактычна спаралізавала валютныя зьдзелкі — ніхто ня хоча гандляваць сабе на страту па заніжаным курсе і, як і ў выпадку з рынкам наяўнай валюты, усё больш суб'ектаў гаспадараньня пераходзяць у ценевы сэгмэнт. Гаворыць экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая:

Скажу шчыра: гэта камэнтаваць проста няма сілаў ...

"Скажу шчыра: гэта камэнтаваць проста няма сілаў... Калі б тое, што яны зрабілі, было зроблена падчас атрыманьня стабілізацыйнага крэдыту ад ЭўраАзЭС, можна было б разьлічваць, што Нацбанк адначасова зробіць інтэрвэнцыю — перадусім дзеля таго, каб замацавацца на гэтым узроўні. А тут, вядома, вельмі вялікія дэвальвацыйныя чаканьні, якія, выходзіць, не рэалізоўваюцца. Таму, натуральна, гэта будзе ствараць нейкі дадатковы ціск. Але пакуль грошай няма, на што разьлічваць? Магчыма, яны спадзяюцца, што пакуль прадпрыемствы, насельніцтва будуць да гэтага псыхалягічна рыхтавацца, а ўжо потым будзе ажыцьцяўляцца інтэрвэнцыя. Магчыма, хоць і вельмі складана паверыць. Прынамсі, я гэтую лёгіку не разумею ўвогуле".

Аналітыкі расейскай кампаніі "ВТБ Капитал" прагназуюць, што беларускі рубель давядзецца дэвальваваць яшчэ на 50%, бо краіна паглыбляецца ў новы эканамічны крызіс. На думку экспэртаў, адзіная магчымасьць не дапусьціць поўнага развалу — хуткая прыватызацыя. Аднак напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца прадаваць стратэгічную маёмасьць за бесцань. У такім разе, прадказваюць спэцыялісты, Беларусі пагражае пэрспэктыва гіпэрінфляцыі, маштабнага беспрацоўя і спаду вытворчасьці. Рубель тым часам можа апусьціцца да ўзроўню 10 тысяч за даляр. Зь імі пагаджаецца і супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак:

"Калі нават і адпусьцяць рубель на свабоду, гэтым усё ня скончыцца.
У нас няма ніводнага канкурэнтаздольнага прадпрыемства ...

Беларусь знаходзіцца на парозе трансфармацыйных пераўтварэньняў, таму што яны не былі зробленыя раней і іх трэба тэрмінова рабіць. У нас няма ніводнага канкурэнтаздольнага прадпрыемства, у нас нічога ня зроблена дзеля таго, каб мы былі канкурэнтаздольнай эканомікай. І мы гэта мусім зрабіць — тое, пра што мы гаварылі яшчэ ў 1994 годзе і што, дарэчы, апублікавана ў "Звяздзе", у "Беларускай думцы". Я гаварыў, многія гаварылі і сёньня таксама працягваюць гаварыць. Гэта толькі нашы кіраўнікі перапытваюць: што рабіць? Усім вядома, што рабіць — працаваць. Ня рыбай гандляваць і гарэлкай, ці зямлёй грамадзкай, забраўшы нашы справы, а займацца тымі пытаньнямі, якімі мусіць займацца дзяржаўны дзеяч. Дзеля чаго ён і пакліканы, дзеля чаго яго народ выбраў. Вось у чым сутнасьць".

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за апошнія дні выказаўся адносна падзеяў на валютным рынку. На яго думку, цяпер пытаньне ў тым, як "выкруціцца з гэтай сытуацыі": "Калі ёсьць жаданьне — выкруцімся", — падсумаваў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG