Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі актывістаў "Эўрапейскай Беларусі"


Сёньня раніцай у Менску затрымалі актывістаў грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэя Молчана, Данілу Ганчарова і Андрэя Бажына.

Пра гэта паведаміла каардынатарка праваабарончай службы "Эўрапейскай Беларусі" Вераніка Лазоўская.

Андрэй Бажын і Андрэй Молчан цяпер знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС Менску. Міліцыянты раніцай правялі ў іх ператрусы, забралі кампутарную тэхніку. Іх дапытаюць па справе аб спробе падпалу будынка Дома правасудзьдзя.

Пакуль невядома, пры якіх абставінах затрымалі актывіста Данілу Ганчарова.

Раней супрацоўнікі міліцыі і КДБ дапыталі іншых актывістаў "Эўрапейскай Беларусі". Сярод іх Улад Беразоўскі, Мікіта Вялікаборац, Георгій Русак, Арсені Гурскі, Алег Селіванаў, Яўген Асінскі, Алег Ярасеня, Ігар і Аляксандар Кудлаевы. Арсенія Гурскага, Алега Селіванава, Яўгена Асінскага арыштавалі на трое сутак.

Менская гарадзкая міліцыя пачала крымінальную справу па факце хуліганства ля Дома правасудзьдзя, дзе судзілі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты ды іншых удзельнікаў Плошчы.

Паводле інфармацыі, якая разьмешчана на сайце ГУУС Менгарвыканаму, у ноч на 15 траўня ў 4:40 ад вартаўніка Дома правасудзьдзя паступіў сыгнал, што ў будынку на першым паверсе спрацавала пажарная сыгналізацыя. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі да Дома правасудзьдзя, знайшлі з тарца будынка бутэльку ёмістасьцю 0,7 літра з кнотам і гаручай вадкасьцю, а таксама фрагмэнты трох пабітых бутэлек. Мяркуецца, што бутэлька была напоўнена сумесьсю бэнзіну і алею, так званым "кактэйлем Молатава". Агнём пашкоджаныя дзьверы службовага ўваходу, на сьцяне ёсьць сьляды копаці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG