Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 траўня стала вядома аб пераглядзе Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця прынятай у сьнежні 2009 году краінавай стратэгіі па Беларусі і адмове ад заплянаваных праектаў у дзяржаўным энэргетычным сэктары. Ці можна сказаць, што рашэньне ЭБРР стане арыенцірам сур’ёзных для замежных інвэстараў? Якую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі абярэ Міжнародны валютны фонд? На гэтыя пытаньні адказвае кандыдат юрыдычных навук, выкладчык у Лёнданскай школе эканомікі Яраслаў Крывой.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што рашэньне ЭБРР стане арыенцірам для сур’ёзных замежных інвэстараў? Наколькі ўвогуле істотная вага гэтага банку для прыняцьця рашэньня аб інвэстыцыях у Беларусь?

Крывой: Вага гэтага банку для прыняцьця рашэньня інвэстарамі не настолькі вялікая. Больш важную ролю адыграюць розныя міжнародныя агенцтвы, якія даюць рэйтынгі пэўным эканомікам, у тым ліку беларускай. Вядома ж, гэта рашэньне ЕБРР будзе мець іміджавыя наступствы для Беларусі, але не настолькі драматычныя. Бо і раней ЕБРР ня вельмі шмат даваў грошай Беларусі, і цяпер яны проста пацьвердзілі, што будуць больш асьцярожнымі, і ня будуць падтрымліваць новыя праекты.

Цыганкоў: Наколькі вядома, некаторыя праекты ЭБРР пабудаваныя не як крэдыты, а як «падарункі», калі грошы ў выніку нават ня трэба вяртаць?

Крывой: У асноўным у іх усё ж пазыкі. Але ў адрозьненьні ад МВФ, ЭБРР працуе пераважна з прыватным сэктарам ці дзяржаўнымі ўстановамі — у той час як МВФ працуе, як правіла, з нацыянальнымі банкамі. Таму супрацоўніцтва з ЭБРР было, магчыма, больш цікавым для беларускіх уладаў — бо ўмовы не такія жорсткія, і сапраўды, часам грошы заставаліся ў краіне.

Цыганкоў: Нядаўна прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч паведаміў, што Беларусь будзе зноў зьвяртацца да МВФ па дапамогу. Якую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі абярэ Міжнародны валютны фонд?
Пазыцыя МВФ да афіцыйнага Менску будзе нават больш жорсткай за пазыцыю ЭБРР.

Крывой: Ня дзіва, што Мясьніковіч пачаў гаварыць пра МВФ. Нават міністар фінансаў Расеі Кудрын лічыць, што Беларусь будзе вымушана зьвяртацца да МВФ, бо Расея ня хоча і не гатовая даваць столькі грошай, колькі давала раней. Але, каб атрымаць грошы ад МВФ, трэба выканаць шэраг умоваў, якія значна больш жорсткія за тыя, што выстаўляе Расея. Пазыцыя МВФ да афіцыйнага Менску будзе нават больш жорсткай за пазыцыю ЭБРР, бо ЗША у МВФ адыграюць больш важкую ролю.

Вядома, што Вашынгтон у адрозьненьні ад Эўразьвязу займае больш рашучую пазыцыю па пытаньнях павагі правоў чалавека ў Беларусі. Таму наўрад ці на сёньняшні стан рэчаў МВФ можа задаволіць заяву беларускага боку. Як неаднаразова заяўлялі амэрыканскія і эўрапейскія палітыкі, першым крокам для таго, каб нават сесьці за стол і пачаць абмеркаваньне канкрэтных умоваў і сумаў, зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG