Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Мы не былі знаёмыя зь Віталём у звычайным жыцьці. Магчыма, я ніколі не даведалася б пра гэтага чалавека, калі б не 19 сьнежня 2010 году. Сёньня Віталь – гэта чарговы палітвязень у нашай краіне. Яго асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі.

Лёс гэтага хлопца вельмі сумны. Яшчэ ў лютым, калі Віталь быў на свабодзе, асобныя блогеры апублікавалі інфармацыю, нібыта ён зьяўляецца супрацоўнікам КДБ, нават далі непрыемную мянушку – “чырвоны нос”, некаторыя выклалі фота, дзе, быццам бы, у вуху хлопца бачны навушнік – правакатарскі атрыбут. Толькі гэта была звычайная завушніца, якую яму падаравала каханая дзяўчына.

А потым Мацукевіча затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Ён быў апошнім арыштаваным у межах справы, пасьля яна была зачынена.

На судзе даказальная база на яго адсутнічала ўвогуле, на прагледжаных відэаматэрыялах ні судзьдзя, ні пракурор ня здолелі знайсьці зьдзяйсьненьня чагосьці супрацьпраўнага гэтым чалавекам. Мацукевіч стаў ахвярай паказаньняў сьведкі абвінавачваньня – магілёўскай актывісткі Хрысціны Шацікавай, якая ўбачыла ў ім правакатара. Яе словы сталі прыгаворам для хлопца.

Віна Віталя была толькі ў тым, што ён быў на Плошчы. Пасьля прысуду давялося паразмаўляць зь яго сваякамі. Яны распавялі, кім быў іх Віталік на свабодзе. Безумоўна, ён не зьяўляўся супрацоўнікам КДБ. Такія неабдуманыя і неправераныя пасты некаторых блогераў, якія агаварылі хлопца, бязьмежна пакрыўдзілі яго бацькоў і родных. На Плошчу ён прыйшоў па ўласнаму жаданьню, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. У звычайным жыцьці 23-гадовы Мацукевіч быў шчырым і добразычлівым чалавекам. У яго цудоўныя бацькі, якія яго вельмі любяць. Наперадзе яго чакала шмат справаў. У гэтым годзе ён павінен быў скончыць Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, таму рыхтаваўся да абароны дыплёму. І выкладчыкі, і аднагрупнікі характарызавалі Віталя толькі з добрага баку. Мабыць, таму дэкан дазволіў яму абараніцца ў наступным годзе, бо сёлета, відавочна, не атрымаецца. Улетку Віталь зьбіраўся ажаніцца. Яго каханая кожны дзень прысутнічала на пасяджэньнях суду, кожны дзень плакала… Віталь быў кампанейскім і аптымістычным хлопцам, шанаваў сваіх сяброў, якія таксама прыходзілі яго падтрымаць. На пасяджэньнях было заўважна, наколькі сумныя вочы ў Віталя. Але ён застаўся годным чалавекам і мужна трымаўся.

Пляны і мары, якіх было так шмат, пакуль застаюцца недасяжнымі для Віталя Мацукевіча, бо ён у турме. Давайце падтрымаем яго лістамі!

Насьця Машчава, намесьніца старшыні руху "Маладая Беларусь".

Усе Партрэты на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG