Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто загінуў на пажары ў Воршы — самі вінаватыя?


Пракурор Віцебскай вобласьці Генадзь Дыско заявіў, што вэрсія пра парушэньне правілаў аховы працы на аршанскім мясакансэрвавым камбінаце не пацьвердзілася. А начальнік абласной службы МНС Васіль Чэкан назваў чатырох загінулых героямі, якія «не скарысталіся шляхамі адступленьня».

На брыфінгу для журналістаў начальнік абласной управы МНС Васіль Чэкан сказаў, што выратавальнікі спрацавалі хутка і якасна, таму 24 траўня пажар на мясакансэрвавым камбінаце ў Воршы быў ліквідаваны хутка. Ён падкрэсьліў, што два месяцы таму ў цэху халадзільных установак праводзіліся вучэньні, як дзейнічаць падчас пагрозы выкіду аміяку, таму рабочыя дзейнічалі адпаведна з інструкцыямі.

«Загінулыя работнікі халадзільнага цэху праявілі гераізм, спрабуючы самастойна ліквідаваць пажар з дапамогай першасных сродкаў пажаратушэньня, аднак не ўлічылі сьмяротную небясьпеку ўдыханьня атрутных прадуктаў гарэньня», — сказаў начальнік абласной службы МНС.
Загінулыя работнікі халадзільнага цэху праявілі гераізм, спрабуючы самастойна ліквідаваць пажар з дапамогай першасных сродкаў пажаратушэньня.

Спадар Чэкан падкрэсьліў, што ў загінулых была магчымасьць уратавацца, але яны «не скарысталіся шляхамі адступленьня».

24 траўня Аршанская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 306 — «Парушэньне правілаў аховы працы, якое пацягнула за сабой празь неасьцярожнасьць сьмерць чалавека або нанясеньне цяжкога цялеснага пашкоджаньня дзьвюм і больш асобам». Аднак ужо 25 траўня пракурор Віцебскай вобласьці Генадзь Дыско заявіў, што гэтая вэрсія не пацьвердзілася, і, верагодна, справу паводле вынікаў расьсьледаваньня перакваліфікуюць.

Прычыны пажару ў тэхнічнай галерэі, якая злучае цэх халадзільных установак зь перапрацоўчымі цэхамі, яшчэ ўдакладняюцца. Паводле першапачатковай вэрсіі, пажар пачаўся ў выніку парушэньня тэхнікі бясьпекі пры зварцы — падчас працы з адкрытым агнём.

Рабочыя камбінату называюць наступныя прычыны трагедыі: перадусім гэта абшыўка памяшканьня пажаранебясьпечнымі плястыкавымі панэлямі, якія хутка гараць, выдзяляючы атрутны смурод. Таксама згадваюць, што працаваць даводзіцца ў зачыненых на ўвесь працоўны дзень памяшканьнях — гэтак кіраўніцтва змагаецца з крадзяжамі мяса і мясапрадуктаў.

Супрацоўнікі камбінату ананімна распавядаюць, што на другі дзень пасьля пажару людзі на прадпрыемстве трацяць прытомнасьць: у халадзільным цэху загадана ліквідаваць смурод, распыляючы воцат, а індывідуальныя сродкі абароны рабочым не выдаюцца. Ёсьць зьвесткі, што абгарэлыя тушы жывёлы, якія падчас пажару знаходзіліся ў галерэі, будуць выкарыстаныя для вытворчасьці кансэрваў, у тым ліку дзіцячага харчаваньня. Адміністрацыя пагражае звальненьнямі ўсім, хто адмаўляецца працаваць у такіх умовах, і загадвае сьцерці фота- і відэазапісы пажару на мабільных тэлефонах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG