Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Рымашэўскі: «Гэта пытаньне палітычнага выжываньня ўсёй краіны»


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымага вызваленьня палітвязьняў, зробленую 25 траўня ў Казахстане.

«Я перакананы, што абсалютна ўсе палітвязьні могуць выйсьці на волю нашмат раней за тыя тэрміны, якія яны атрымалі. Адзінае, што гэта павінны быць ня толькі „арганізатары“ масавых беспарадкаў, як іх назваў Лукашэнка, але і простыя хлопцы. Мы не павінны рабіць розьніцу паміж імі: гэта экс-кандыдат на прэзыдэнта ці проста ўдзельнік акцыі, які атрымаў ад 2 да 4 год. Улады павінны вызваліць усіх».

Што прымусіла Аляксандра Лукашэнку зрабіць гэтую заяву адносна магчымага вызваленьня палітвязьняў? Віталь Рымашэўскі кажа пра некалькі фактараў.
Спадзяюся, беларускія ўлады разумеюць, што тут ня толькі пытаньне палітычнага выжываньня іх саміх, а палітычнага выжываньня ўсёй Беларусі як краіны.

«Найперш, зразумела, гэтая заява абумоўленая эканамічнай сытуацыяй, тым, што Захад ня будзе ісьці на супрацу без вызваленьня палітвязьняў. Тут пазыцыя Захаду цьвёрдая, у тым ліку дзякуючы беларускім палітыкам, якія прынцыпова паставіліся да апошніх падзей. І дзякуючы ў тым ліку пазыцыі Расеі, якая дзейнічае, мякка кажучы, прагматычна і нават беспардонна, зьніштажаючы эканамічную незалежнасьць Беларусі, карыстаючыся сытуацыяй, у якую Беларусь трапіла. Таму ў гэтым пляне, спадзяюся, беларускія ўлады разумеюць, што тут ня толькі пытаньне палітычнага выжываньня іх саміх, а палітычнага выжываньня ўсёй Беларусі як краіны. Гэта праблема стасункаў з Захадам. А яны немагчымыя без вызваленьня палітвязьняў. Таму можна проста — вітаць, не вітаць, але... Гэта азначае, што сапраўды плён у гэтым кірунку магчымы. І трэба прыкладаць усе намаганьні, каб людзей вызваляць, і яны будуць вызваленыя. Гэта можа адбыцца цягам бліжэйшых месяцаў і нават на наступным тыдні».
XS
SM
MD
LG