Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку дэвальвацыі найбольшыя страты панесьлі тыя людзі, якія, спадзеючыся на абяцаныя банкамі высокія працэнты, трымалі свае зьберажэньні на рублёвых дэпазытах. Паводле розных ацэнак, гэтыя страты складаюць каля 1,3 мільярда даляраў. Пры гэтым ніякіх кампэнсацый ад дзяржавы ці банкаў не прадугледжваецца. Прадстаўнікі банкаўскай сфэры тлумачаць, што маюць абавязак 100-працэнтнага вяртаньня ўкладаў кліента, але валюта, абраная для захаваньня ашчаджэньняў,— справа добраахвотная.

Паводле афіцыйных дадзеных, да 1 сакавіка насельніцтва трымала ў банках у эквіваленце 4 мільярды 700 мільёнаў даляраў. Гэта больш, чым золатавалютныя рэзэрвы дзяржавы. Аднак падзеі на фінансавым рынку прывялі да таго, што толькі за красавік беларусы забралі грошай амаль на 460 мільёнаў даляраў — 10% ад усіх укладаў. У траўні, кажуць экспэрты, тэндэнцыя ня толькі захавалася, але і ўзмацнілася — асабліва пасьля таго, як Нацыянальны банк пачаў адпускаць рубель спачатку дозамі, а потым адразу на 55%.

Людзі ў банкаўскіх чэргах кажуць, што ніякія абяцаньні "звышгадавых" ужо не завабяць, бо нават 20% па рублёвых укладаньнях літаральна за дзень могуць страціць у вартасьці напалову:

"Ніхто нікуды ўжо ня пойдзе, бо ніхто гэтым пустым абяцаньням ня верыць. І асабліва, як мне падаецца, гэта тычыцца якраз беларускіх рублёў. Больш ні на якія дэпазыты свае заробкі класьці ніхто ня будзе. Дзеля чаго? І ўрэшце: колькі яшчэ можна трываць гэтае прыніжэньне, якое цягнецца дагэтуль?".

"Ураду ніхто больш ня верыць. І наколькі б яны ні павялічвалі свае стаўкі,
Ураду ніхто больш ня верыць ...

усё роўна пры цяперашняй палітыцы розьніца прыкладна ў тысячу рублёў на курсе так званага афіцыйнага і чорнага рынку будзе заставацца. Калі быў даляр фармальна 3000, на чорным рынку за яго давалі 4000. Стаў ён 4000 — давалі ўжо 5000. Цяпер ён 5000, але ўсё адно, як расказваюць людзі, ён на чорным рынку 6000. Нават ужо 6200—6300. То бок, пакуль валюта ў абменьніках ня зьявіцца, курс будзе расьці".

Трымальнікі ўкладаў лічаць, што пры наяўнасьці ў вольным доступе даляраў ды эўра рублёвыя дэпазыты апусьцелі б зусім. Аднак канвэртаваць беларускія грошы ўжо амаль тры месяцы немагчыма, а да бясконцасьці ўкладаць іх у бытавую тэхніку ці будаўнічыя матэрыялы няма сэнсу. Да таго ж, кажа фінансавы кансультант Георгі Кацельнікаў, улады паклапаціліся, каб заробленае нельга было ўкласьці і ў тое, што зь цягам часу не абясцэньваецца — прыкладам, у каштоўныя мэталы:

"Самае для мяне дзіўнае, што сёньня ў сваёй беларускай дзяржаве я не магу набыць золата за нацыянальную валюту. Вось гэта ўжо наагул парадокс. Гэта проста не ўкладаецца ў галаве. Усё астатняе — ладна, выдаткі агульнай неразьбярыхі. Але калі я за свае заробленыя беларускія грошы, у сваёй жа краіне не магу канвэртаваць іх у тое ж золата, дык якая тады каштоўнасьць нашага рубля? Рэальна скажыце: якая насамрэч вартасьць нацыянальнай валюты? Колькі яна каштуе? Бо пакуль што суцэльныя парадоксы".

На пачатак траўня ўклады насельніцтва склалі амаль 23 трыльёны рублёў, зь іх рублёвыя перавысілі 10 трыльёнаў. Папулярнасьць дэпазытаў у нацыянальнай валюце тлумачылася высокімі працэнтнымі стаўкамі.

Цяпер у банках заяўляюць, што не нясуць адказнасьці за тое, у якой валюце грамадзяне вырашылі захоўваць свае ашчаджэньні. Толькі адзінкі ўстановаў у якасьці кампэнсацыі абяцаюць падвышэньне працэнтнай стаўкі — праўда, максымум на два пункты. У той жа час толькі за ўчорашні дзень рубель страціў у вартасьці больш чым напалову. Адзін з банкіраў не выключае, што дзеля захаваньня ўкладаў Нацбанк прымусіць падняць стаўкі:

"Па-першае, у нас ёсьць такое паняцьце, як адміністратыўны фактар. Таму думаю, што і ў працэнтах адміністратыўны фактар будзе адыгрываць істотную ролю, а гэта значыць, працэнты ўсё ж пачнуць паціху ўздымацца. Вядома, будзе пэўны дысбалянс, бо інфляцыя, мяркуючы па ўсім, наўрад ці будзе паніжацца. І калі працэнты пры гэтым будуць расьці, то, зноў жа, у нас будзе адбывацца нейкі чарговы дзіўны працэс".

Ці можа сытуацыя скласьціся такім чынам, што насельніцтва пачне масава забіраць з банкаў беларускія рублі, якія фактычна штодня абясцэньваюцца?

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў ня думае, што такое рэальна здарыцца, але маральна да гэтага шмат хто гатовы. Па яго словах, у цяперашняй сытуацыі найбольш абачліва складаць грошы не ў падкантрольныя дзяржаве банкі, а ў шкляныя слоікі:

"Нават ня ведаю. Усё, вядома, не забяруць. Бо ёсьць такія людзі, якім, як кажуць, што кол на галаве чашы, што мордай аб стол — усё роўна не рэагуюць. Ці проста нічога не разумеюць. Ёсьць, натуральна, і такія. Але, безумоўна, каб на нешта спадзявацца, трэба было нешта вырашаць неадкладна, як пачалі паступаць трывожныя сыгналы, а не марудзіць столькі часу. А пра які давер можна гаварыць пасьля таго, што здарылася?".

Востры фінансавы крызіс справакаваў адток ня толькі рублёвых, але і валютных укладаў. Людзі апасаюцца замарожваньня рахункаў з ініцыятывы банкаў. І сапраўды, ёсьць прыклады, калі вярнуць зьберажэньні ў валюце — задача ня з простых. Суразмоўца "Свабоды" з Клецку сёньня расказаў, што мінуў месяц ад напісаньня ім заявы на вяртаньне даляравага ўкладу, аднак сваіх грошай ён дагэтуль ня ўбачыў, а таму зьбіраецца падаваць на банк у суд.
XS
SM
MD
LG