Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша рэчаіснасьць — дакладны зьлепак з жыцьця адсталага савецкага калгаса..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 25 траўня 2011 году

У той час, як беларускія грамадзяне ў паніцы спрабуюць укласьці свае рублі, якія імкліва абясцэньваюцца, хоць у што-небудзь больш надзейнае, улада працягвае судовы перасьлед лідэраў і актывістаў апазыцыі. Вось якія меркаваньні пра апошнія палітычныя працэсы, што адбываюцца ў гэтыя дні ў Менску, выказвае ў сваім лісьце на "Свабоду" Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну, зь якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

"Гэта — не суды, а расправа за тое, што людзі, чыё сумленьне бездакорнае, якія хочуць паслужыць краіне, не спалохаліся і не захацелі служыць хлусьні.

Суд, задуманы як судзілішча над сумленьнем нацыі, ператварыўся ў суд над хлусьнёй. Не здабыта ніякіх пераканаўчых доказаў, што падсудныя нібыта чынілі масавыя беспарадкі. Затое сьведкі паказалі, што ніякіх беспарадкаў на плошчы, па сутнасьці, не было — за выключэньнем таго, што некалькі правакатараў білі шыбы (і іх чамусьці не чапала міліцыя). А чаго вартае падслухоўваньне тэлефонных размоў кандыдатаў у прэзыдэнты? За падобныя дзеяньні ў ЗША прэзыдэнт у свой час вымушаны быў падаць у адстаўку, каб пазьбегнуць імпічмэнту (так званы скандал Уотэргейт). А ў Беларусі прэзыдэнту чамусьці можна ўсё. І зьбіць дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, і разагнаць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня — апошні, які яшчэ выбіраў народ. І ўхіліць прынцыповага старшыню Цэнтравыбаркаму Ганчара так, што яго ўжо 12 год ня могуць знайсьці... Што для гэтай улады воля народу, калі ёсьць воля правадыра, які адзін клапоціцца пра гэты народ, корміць яго. Як толькі што пачуў ад Саўкі ды Грышкі — "Абы не было вайны".


Дзякуй дэмакратычным кандыдатам у прэзыдэнты за праўду, якую яны нясуць народу. Ліст падтрымкі Някляеву я ўжо напісаў — якраз перад пачаткам суду. Трымайцеся, хлопцы, за вамі — праўда і будучыня!".

У Беларусі такая завядзёнка існуе ўжо прынамсі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Кожны апазыцыйны палітык ведае: зьбіраесься скласьці канкурэнцыю дзейнаму кіраўніку дзяржавы на прэзыдэнцкіх выбарах — значыць, рыхтуйся да таго, што можаш трапіць у турму. Улада, відавочна, разьлічвае на тое, што і далей будзе спрацоўваць стары, даўно апрабаваны сцэнар: народ у адказ на рэпрэсіі маўчыць; Масква робіць выгляд, што не заўважае; а Захад пасьля пачатковых пратэстаў празь нейкі час пачынае шукаць шляхі да дыялёгу, прапаноўваць саступкі і крэдыты ўзамен за вызваленьне палітвязьняў. Ці спрацуе гэты сцэнар зараз? Гэта — прынцыповае пытаньне, ад якога залежыць трываласьць рэжыму Лукашэнкі. І эканамічная сытуацыя, і грамадзкія настроі, і стаўленьне да палітыкі Лукашэнкі з боку Ўсходу і Захаду сёньня зусім іншыя, чым на пачатку і ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя.

Аўтар наступнага ліста — вэтэран вайны Мікалай Барысевіч са Слуцку быў уражаны драматычнай гісторыяй сям'і Дашкевічаў, пра якую мы апошнім часам ня раз распавядалі. Нагадаю: напрыканцы красавіка ў Старых Дарогах заўчасна памерла Вольга Дашкевіч — маці лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, асуджанага да турмы паводле палітычнага абвінавачаньня. Улады далі дазвол на тое, каб сын мог разьвітацца з маці, але прысутнічаць на могілках не дазволілі. Спадар Мікалай з гэтай нагоды піша:

"Напэўна, спэцназ проста не хацеў лішніх клопатаў. У Слуцку паблізу моргу, куды прывезьлі Зьмітра, стаялі чалавек пятнаццаць міліцыянтаў — быццам даставілі мацёрага забойцу. Фатаздымкі рабіць забаранілі, доступ у памяшканьне моргу і нават у дворык ля яго — закрылі. Хтосьці са знаёмых перадаў Зьмітру чатыры гвазьдзікі — каб паклаў на труну маці. Праз паўгадзіны яго зноў пасадзілі ў спэцназаўскую машыну і павезьлі ў Менск. А спадарыню Вольгу ў той жа дзень пахавалі ў Старых Дарогах.

Вялікі грэх узялі на сябе тыя, хто даваў каманду дапусьціць сына да памерлай маці толькі ў моргу"
.

Гэтыя палітычныя суды, арышты, расправы зламалі і пакалечылі шмат чалавечых лёсаў. Пакутуюць ня толькі самі арыштаваныя — але і іхныя маці, бацькі, дзеці. У сваіх перадачах за апошнія паўгода мы ня раз апавядалі падобныя гісторыі.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра і аўтара Кастуся Сырэля з мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам. Гэтым разам ён спрабуе асэнсаваць вытокі стылю кіраўніцтва краінай, які ўласьцівы цяперашняму кіраўніку Беларусі. Спадар Кастусь піша:

"Прыйшоў з працы, ладжу сабе сьціплую вячэру. Уключыў па спадарожніку "Свабоду", пераключыў гук на кухню, слухаю "Экспэртызу" Віталя Цыганкова. Эксперты Войцех Бародзіч-Смалінскі і Віктар Марціновіч абмяркоўваюць магчымыя санкцыі Эўропы супраць беларускіх уладаў, праблемы эскаляцыі канфлікту Рыгоравіча з Захадам, надзяляючы пры гэтым Рыгоравіча якасьцямі не абы-якога палітыка. Спадар Войцех нават сказаў нешта накшталт: "Паспрабуй, здагадайся, што ў ягонай (Рыгоравічавай) галаве". Так і хочацца сказаць экспэртам: "Спадарства, не будуйце вы ніякіх мудрагелістых схем". Рыгоравіча, на мой погляд, трэба ня столькі разумець, колькі адчуць.

Тут трэба ведаць мэнталітэт калгаснага брыгадзіра, гэткага вясковага грамацея пэрыяду заняпаду сацыялізму, які выпадкова трапіў на пасаду старшыні калгасу. Ён выбівае ў "раёне" грошы, за якія будуе калгасную саўну, купляе більярдны стол і новы "УАЗік". Прычым гэта ўсё набываецца ў той час, калі на калгаснай фэрме няма кармоў і цячэ дах, палова трактароў і камбайнаў стаяць паламаныя, а калгасьнікі ўцякаюць працаваць у райцэнтар. Грошы ён аддаваць, зразумелая справа, не зьбіраецца, патаемна спадзеючыся, што іх, можа, "сьпішуць" па старой саўковай завядзёнцы. Ён брудна лаецца на старшыняў суседніх калгасаў і райвыканкамаў, шчодра надзяляе зубатычынамі непаслухмяных мэханізатараў і заляцаецца да аграномавай жонкі, бо са сваёй ён у "грамадзянскім разводзе". Ён час ад часу выяжджае на шашлыкі і рыбалку на новым "УАЗіку", ладзіць канцэрты мастацкай самадзейнасьці, на якія запрашае знакамітасьцяў з раённага Дома культуры, узнагароджвае даярак і паляводаў імяннымі гадзіньнікамі "Луч", выклікае "на кавёр" загадчыка фэрмы, які "загнаў" за пляшку самагонкі два мяхі камбікорму…

…І гэтак далей, і да таго падобнае. Прыгледзьцеся ўважліва, шаноўнае спадарства, да нашай беларускай рэчаіснасьці, і вы ўбачыце ў ёй дакладны зьлепак з жыцьця-быцьця шараговага савецкага адсталага калгаса. Ніякай эканомікай ці палітыкай тут і блізка ня пахне, ніякай стабілізацыі рынку і фінансаў ці рэфармаваньня эканомікі нам ня бачыць, як сваіх вушэй — ні праз два месяцы, ні праз два гады. Будуць часовыя зацішшы, калі "раён" кіне нашаму "калгасу" чарговую крэдытную костку. Будуць чарговыя бадзёрыя справаздачы на чарговым калгасным сходзе. А потым зноў — чарговыя правалы, у якіх зноў абвінавацяць ці то свой "раён", ці суседні, ці засушлівае лета, ці марозную зіму"
.

І які ж далейшы лёс у такога калгаса, спадар Кастусь? Ня будзе больш датацый з раёну — дык вельмі хутка канчаткова дэградуе: палі зарастуць быльнягом, фэрмы разваляцца, а апошнія калгасьнікі паўцякаюць на заробкі ў горад ці ў суседнія калгасы. Але ж ёсьць і іншы варыянт. У раёне, назіраючы за ўсім гэтым, вырашаць, што пара мяняць старшыню. Таго, які давёў гаспадарку да ручкі, прымусяць напісаць заяву "па ўласным жаданьні", і прывязуць калгасьнікам на зацьвярджэньне і так званыя "выбары" новага вылучэнца. Зрэшты, ёсьць і яшчэ адзін зусім сумны для нашага ўмоўнага калгаса фінал: старшыню звальняюць, кантору зачыняюць, а збанкрутаваную гаспадарку далучаюць да суседняй — вялікай, ня надта эфэктыўнай і пасьпяховай, затое там і тэхніка новая, і старшыня больш талковы, і грошай на банкаўскіх рахунках багата...

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з водгукамі, падзякамі, прапановамі ад нашых слухачоў. Вось што піша Аляксандар Маркевіч зь Вілейкі:

"Шчыра дзякую ўсім супрацоўнікам "Свабоды". Вы патрэбны людзям. Асаблівая падзяка — Аляксандру Лукашуку: за шчырасьць, чуласьць, пісьменьніцкі талент валоданьня словам.

Пажаданьне да вас: працягвайце сачыць за лёсамі тых, хто вымушаны быў зьехаць зь Беларусі — Міхалевіча, Радзінай, Гарбачова ды іншых
".

Слушная заўвага, спадар Аляксандар. Час ад часу мы вяртаемся да тых тэмаў ды імёнаў, якія раней займалі значнае месца ў нашым эфіры. Лёсы апазыцыйных і грамадзкіх актывістаў, якія пад ціскам палітычных абставінаў вымушаны былі ўцякаць зь Беларусі — адна з такіх тэмаў.

І яшчэ адзін ліст — ад Пятра Ўладамірскага зь вёскі Жураўлёўка Гомельскага раёну. Слухач перакананы, што Радыё Свабода ў Беларусі глушаць. Ён піша:

"Будуць у вас доказы глушэньня "Свабоды" ці не — на нашу ўладу гэта не паўплывае. Як не паўплываюць і патрабаваньні выпусьціць усіх палітзьняволеных. Як кажуць у такіх выпадках: "А Васька слухае ды есьць". Адзінае, што яшчэ можа паўплываць, — дык гэта перанос хакейнага чэмпіянату сьвету ў іншую дзяржаву. Вось гэта Лукашэнку па-сапраўднаму турбуе.

І яшчэ адна заўвага. Навошта вы паведамляеце нам прагноз надвор'я? Гэтага дабра хапае і на лукашэнкаўскім радыё і тэлебачаньні. Лепш бы павялічылі на гэты час "Званочкі" альбо прачыталі лішні верш"
.

Прагноз надвор'я займае ня так шмат часу, спадар Пятро, а многія слухачы (асабліва тыя, якія прынцыпова ня хочуць уключаць дзяржаўную "радыёкропку") якраз жадаюць атрымліваць такога кшталту інфармацыю. Зрэшты, за заўвагі мы ўдзячныя, будзем абмяркоўваць іх і па магчымасьці ўлічваць у сваёй далейшай працы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG