Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: апазыцыянэры просяць ва ўладаў дазволу параіцца з народам


Уладзімер Шанцаў

Уладзімер Шанцаў

25 траўня 12 актывістаў палітычных, грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў Магілёва зьвярнуліся ў гарвыканкам па дазвол правесьці мітынг пратэсту супраць росту цэнаў, інфляцыі, зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню працоўных.

Акцыю пратэсту магілёўскія апазыцыянэры зьбіраюцца правесьці 9 чэрвеня на вызначанай мясцовай уладай пляцоўцы — стадыёне ля аварыйнага будынка Дома культуры на вуліцы Чалюскінцаў. Ад людных вуліцаў гораду ён убаку.

Кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і адзін з заяўнікаў Уладзімер Шанцаў кажа, што на мітынг прыйдзе да тысячы чалавек. Столькі пазначана ў заяўцы:

"Цяпер жа назіраецца абвал эканомікі, які быў на пачатку 1990-х гадоў. Урад маўчыць. Лукашэнкі наагул няма. Мы добра ведаем настроі людзей. А як кажа Лукашэнка, нашаму народу ўласьцівая саборнасьць — вось мы й вырашылі з народам параіцца, каб людзі самі сказалі, хто вінаваты й што рабіць далей. Падставаў для адмовы ў правядзеньні мітынгу я ня бачу. Месца вызначанае ўладай. Канфліктаў таксама ніякіх ня будзе", зазначае Ўладзімер Шанцаў.

Усе заяўнікі мітынгу прадстаўляюць апазыцыйныя арганізацыі, якія ўваходзяць у рэгіянальную кааліцыю дэмакратычных сіл. Каб правесьці акцыю пратэсту, арганізатарам давядзецца аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў і мэдыкаў.

Апошні раз магілёўскія апазыцыянэры намагаліся правесьці акцыі пратэсту за вызваленьне беларускіх палітвязьняў у сакавіку ў цэнтры гораду. У правядзеньні трох пікетаў гарвыканкам ім тады адмовіў. Чыноўнікі адпісалі, што месца правядзеньня такіх акцыяў — стадыён на Чалюскінцаў. Рашэньне гарвыканкаму заяўнікі пікетаў абскардзілі ў судзе, бо, паводле іх, яно парушае іх канстытуцыйныя правы. Ленінскі суд Магілёва скаргі не задаволіў — прызнаў пастанову мясцовай улады законнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG