Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ, Беларускi Народ!
Ты -- цёмны, сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалi,
Цябе не пушчалi зь ярма
I душу тваю абакралi, --
У ёй нават мовы няма.

25 траўня чарговая гадавіна з дня сьмерці Максіма Багдановіча. Яго часта называюць не вялікім, а любімым паэтам беларусаў. Звычайна ў гэты дзень людзі прыходзілі з кветкамі да помніка паэту каля менскай Опэры, чыталі вершы, казалі словы.

Цяпер іншыя словы на слыху – дэвальвацыя, палітычныя суды, страх. Зьбірацца і выступаць у публічным месцы небясьпечна, бо адразу будзеш затрыманы міліцыяй і зьвінавачаны, што лаяўся матам. Беларусы баяцца.

Ты крыкнуць ня вольны: "Ратуйце!"
I мусiш ты "Дзякуй" крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

Пачуць гэта сёньня цяжэй, чым сто гадоў таму, калі пісаў свае радкі Максім Багдановіч.

Глухата ад страху нашмат мацнейшая за тую, што выкліканая цемрай няведаньня. Як і вера ў адраджэньне нашмат мацнейшая за бязьвер'е.

Вось сымбаль твой, забыты краю родны,
Узрушаны, нарэшце, дух свабодны.
Я ведаю, дарэмна не засьне
І зь цемры вырвецца, маўляў, крыніца,
Якая так магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG