Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб абставінах прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці былога прэзыдэнта Эгіпту піша сёньня ў International Herald Tribune Дэвід Кіркпатрык.

Былы прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак будзе аддадзены пад суд за змову з мэтай забойства бяззбройных дэманстрантаў. Генэральны пракурор Эгіпту абвясьціў пра гэта ўчора, саступаючы патрабаваньням грамадзтва і дэманструючы магчымы лёс дыктатараў ва ўсім рэгіёне.

Абвінавачаньне прадугледжвае пакараньне ажно да сьмяротнага. Мубарак абвінавачваецца таксама ў атрыманьні прыморскага маёнтку ў Шарм-эль-Шэйху ў якасьці ўзнагароды за карупцыйную зьдзелку. Пракуратура абвінавачвае сыноў экс-прэзыдэнта Гамаля і Алаа ў атрыманьні чатырох маёнткаў у абмен на карупцыйныя паслугі. Нарэшце яшчэ адно абвінавачваньне супраць Мубарка – зьдзелка з пастаўкай прыроднага газу ў Ізраіль, дзякуючы якой бізнэс-партнэры былога прэзыдэнта паклалі ў кішэні 714 мільёнаў даляраў.

Пракуратура спадзяецца, што шэраг былых паплечнікаў прэзыдэнта дадуць паказаньні супраць яго.

Неўзабаве эгіпцяне ўбачаць, як лідэр, які жалезнай рукой кіраваў імі 30 гадоў, сядзіць у залі каірскага суду ў жалезнай клетцы.

Савудаўская каралеўская сям'я заклікае ваенных кіраўнікоў Эгіпту пазьбегнуць жорсткага абыходжаньня з былым кіраўніком, каб ня выклікаць новую хвалю забурэньняў у рэгіёне. Некаторыя мяркуюць, што цяперашні лёс Мубарака ўзмоцніць рашучасьць такіх лідэраў, як Башар Асад і емэнскі кіраўнік Алі Абдула Салех трымацца за ўладу да апошняга.

Аднак арганізатары дэманстрацыяў на плошчы Тахрыр, якія зрынулі Мубарака, заклікалі да новых акцыяў пратэсту, чарговая зь іх адбудзецца ў пятніцу. Адно з галоўных патрабаваньняў плянаванай дэманстрацыі – больш хуткае судовае разьбіральніцтва справы былога прэзыдэнта.

Былы міністар унутраных справаў Хабіб эль Адлі ўжо асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня за карупцыю і чакае суду па абвінавачаньні ў забойстве дэманстрантаў. Прадстаўнік пракуратуры заявіў, што міністар ня мог загадаць забіваць бяззбройных грамадзянскіх асобаў бяз згоды прэзыдэнта.

На працягу 18 дзён пратэстаў гэтай зімой загінулі 850 чалавек.

На працягу 18 дзён пратэстаў гэтай зімой загінулі 850 чалавек.

Мубарак абвінавачваецца ў змове з мэтай наўмыснага забойства мірных дэманстрантаў, а таксама «ў падбухторваньні некаторых афіцэраў і супрацоўнікаў паліцыі адкрываць агонь па дэманстрантах, каб забіць некаторых зь іх і тэрарызаваць астатніх і прымусіць іх адмовіцца ад іх патрабаваньняў».

Ключавая фігура ў абвінавачаньнях экс-прэзыдэнта ў карупцыі – мільярдэр і былы бізнэс-партнэр Мубарака Хусэйн Салем. Ён таксама абвінавачваецца ў карупцыі, але ён пакінуў краіну. Аднак ордэр Інтэрполу на яго арышт ужо выдадзены.

Мубарак дагэтуль знаходзіцца пад вартай у шпіталі каля Шарм эль-Шэйха. Мэдыкі агледзяць экс-прэзыдэнта на гэтым тыдні, каб вырашыць, ці можа перавесьці яго ў каірскую турму. Сыны Мубарака, як і тузін былых паплечнікаў ужо чакаюць суду ў турме, дзе ў эпоху Мубарака ўтрымліваліся палітычныя іншадумцы.

Між тым арганізатары зімовых дэманстрацыяў на плошчы Тахрыр плянуюць на гэтую пятніцу «другую эгіпецкую рэвалюцыю». Сярод іх патрабаваньняў – хуткі суд над Мубаракам, скасаваньне ваеннага кіраваньня краінай і перанос на больш позьні тэрмін парлямэнцкіх выбараў, каб нанава створаныя партыі мелі час падрыхтавацца да іх.

Тым часам прэзыдэнт Сусьветнага банку Робэрт Зэлік паведаміў, што банк выдзяляе крэдыт у 6 мільярдаў даляраў Эгіпту і Тунісу для аднаўленьня іх эканомік пасьля народных паўстаньняў.

Сусьветны банк дасьць Эгіпту 4.5 мільярда даляраў на працягу наступных двух гадоў, грошы пойдуць на падтрымку бюджэту і крэдытаваньне прыватнага сэктару. Апошні мільярд Эгіпет атрымае, калі прадэманструе прагрэс у эканамічных і палітычных рэформах.

Зэлік адзначыў, што Туніс, акрамя эканамічных цяжкасьцяў, мае праблемы з 50 тысячамі ўцекачоў, якія ратуюцца ад канфлікту ў суседняй Лібіі.

Тэма дапамогі краінам Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі будзе адной з галоўных на саміце «вялікай васьмёркі», які адбудзецца на гэтым тыдні ў Францыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG