Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця адмовіўся ад падтрымкі ўраду Беларусі


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) скарэктаваў прынятую ў сьнежні 2009 году стратэгію па Беларусі і адмовіўся ад раней заплянаваных праектаў у дзяржаўным сэктары.

У адпаведнасьці з заявай ЭБРР, разьмешчанай на яго сайце, банк падкрэсьлівае сваю адмову ад падтрымкі беларускіх цэнтральных уладаў. "Няма падтрымкі беларускай цэнтральнай улады: няма падтрымкі, як фінансавай, так і тэхнічнай ў любым выглядзе", - сказана ў паведамленьні аб карэкціроўцы стратэгіі.

У сувязі з гэтым ЭБРР адмовіўся ад раней заплянаваных інвэстыцый у праекты ў дзяржаўным энэргетычным сэктары, у тым ліку ў справе аднаўляльных крыніц энэргіі, і ў сфэры транспартнай інфраструктуры. Умовы раней плянаваных іншых варыянтаў супрацоўніцтва з дзяржсэктарам, у прыватнасьці, крэдытаваньне дзяржбанкаў і папярэдняя прыватыцзацыйная падтрымка, таксама сталі больш жорсткімі і будуць разглядацца на падставе вышэйпаказаных крытэрыяў.

У выніку чарговай карэкціроўкі стратэгіі, ЭБРР зноў сфакусуецца выключна на падтрымцы прыватнага сэктару ў Беларусі, у тым ліку прадугледжваецца пашырэньне праграм фінансаваньня прыватнага бізнэсу. ЭБРР пацьвердзіў гатоўнасьць да партнэрства зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі ўдзельнічаць ў праектах па паляпшэньні экалягічных стандартаў.

Акрамя таго, ЭБРР заяўляе аб "падтрымцы беларускага народу". Так, апэрацыі банку будуць накіраваны на праекты, якія дазваляюць "палепшыць умовы жыцьця беларускага народу".

"ЭБРР надалей заклікае беларускія ўлады да прагрэсу на шляху дэмакратычных і рынкавых рэформаў, у адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі ў адпаведнасьці з артыкулам 1 Пагадненьня аб заснаваньні ЭБРР. Палітычнаму дыялёгу з уладамі будзе нададзена асноўная ўвага. У наступным аглядзе, у 2012 годзе, Рада ЭБРР падвядзе вынікі палітычнага і эканамічнага разьвіцьця, і будзе мець магчымасьць зноў разгледзець адпаведную карэкціроўку сваёй стратэгіі ", - сказана ў паведамленьні ЭБРР.
XS
SM
MD
LG