Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падаткоўцы паспрабавалі апісаць маёмасьць БХК


Падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску 24 мая паспрабавала апісаць маёмасьць праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі камітэт".

"Нам час ад часу нагадваюць пра нявыплачаную суму. Мы рэгулярна ходзім і ў пракуратуру, і ў падатковую інспэкцыю, дзе сьцьвярджаем, што грошы, атрыманыя ў рамках праграмы ТАСІС, не абкладаліся падаткамі. У той час, калі мы атрымлівалі грошы па гэтай праграме, Савет міністраў не прывёў беларускае заканадаўства ў адпаведнасьць з указам прэзыдэнта, згодна зь якім гуманітарная дапамога, якая атрымліваецца ў рамках праграмы ТАСІС, павінна абкладацца падаткам. Таму вінаватымі ў няплаце падаткаў мы сябе ня лічым", — заявіў юрыст БХК Гары Паганяйла.

Паводле Паганяйлы, усе рахункі арганізацыі заблякаваныя. БХК ня мае ніякай уласнасьці — усё абсталяваньне і маёмасьць ён арандуе. Таму, як заявіў Паганяйла, у адпаведнасьці з законам апісаць у БХК няма чаго.

Канфлікт паміж падатковай інспэкцыяй і БХК цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспэкцыя выставіла да БХК прэтэнзіі, што арганізацыя не сплаціла падаткі на сродкі, атрыманыя ў якасьці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС.

Летам 2004 году гаспадарчы суд Менску зьняў з БХК абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, аднак гэтае рашэньне апратэставаў намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўген Сьмірноў. У сьнежні 2004 году прэзыдыюм Вярхоўнага суду задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі на суму прыкладна 75 000 даляраў ЗША.

1 лістапада 2006 году гаспадарчы суд Менску пастанавіў канфіскаваць частку маёмасьці БХК на суму 255 тысяч рублёў у лік сплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых запазычанасьцяў.
XS
SM
MD
LG