Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рабочых зачыняюць у цэхах, каб яны ня кралі. А яны згарэлі"


Афіцыйная прычына пажару на аршанскім мясакансэрвавым камбінаце, у часе якога загінулі 4 чалавекі, — парушэньні тэхнікі бясьпекі падчас правядзеньня зварачных прац. Аднак тамтэйшыя рабочыя распавядаюць пра іншыя парушэньні супрацьпажарных патрабаваньняў з боку кіраўніцтва прадпрыемства.

Паводле афіцыйнай інфармацыі МНС, пажар, які здарыўся на аршанскім мясакансэрвавым камбінаце 24 траўня, пачаўся таму, што была парушана тэхніка бясьпекі пры зварцы, калі вялі рамонт у галерэі цэху халадзільных установак. Галерэя прызначана для размарожваньня мяса. Яна злучае цэх халадзільных установак з цэхамі, дзе робяць кілбасу і кансэрвы, тлумачаць рабочыя.

"Загінула жанчына-пэнсіянэрка, якая працавала вахцёркай паміж цэхам, дзе адбываецца забой ската, і халадзільным цэхам. Бо ў нас з цэху ў цэх так проста ня трапіш — некаторыя нават зачыняюць на замок на ўвесь працоўны дзень, каб работнікі ня кралі мяса. Бывалі выпадкі, калі з цэху халадзільных установак выкідалі марожаныя сьвіныя тушы праз вакно… І гэта таксама ж парушэньне супрацьпажарнай бясьпекі — калі чалавек ня можа пакінуць памяшканьне. А яшчэ ў нас тут усё рамантавалі і абшылі ўсё, што можна, плястыкавымі панэлямі. Яны гараць дужа хутка, і смурод тады атрутны. Людзі ў цэху халадзільных установак апынуліся ў ізаляцыі: у суседні цэх ня трапіць, а ў галерэі гарэў плястык і цеплаізаляцыя", — на ўмовах ананімнасьці распавёў работнік прадпрыемства.

Яшчэ трое загінулых — мужчыны сярэдняга веку. Паводле афіцыйнай інфармацыі МНС, яны мелі магчымасьць уратавацца, але замест гэтага спрабавалі тушыць пажар. Супрацоўнікі супрацьпажарнай і газадымаабарончай службаў выратавалі з пажару 9 чалавек і яшчэ 14 — эвакуіравалі.

Аршанская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 306 — "Парушэньне правілаў аховы працы, якое пацягнула за сабой празь неасьцярожнасьць сьмерць чалавека або нанясеньне цяжкога цялеснага пашкоджаньня дзьвюм і больш асобам". Некаторыя работнікі лічаць, што пра неасьцярожнасьць гаворкі не павінна ісьці, бо ізаляцыя рабочых у цэхах — гэта відавочнае парушэньне тэхнікі бясьпекі.

Акалічнасьці пажару на мясакансэрвавым камбінаце будуць пільна вывучацца яшчэ й таму, што з 24 траўня ў Воршы і Аршанскім раёне працуе камісія МНС, якая вывучае, сярод іншага, і стан супрацьпажарнай бясьпекі на прадпрыемствах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG