Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі справы Мубарака



Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, у Эгіпце будуць судзіць былога прэзыдэнта Хосьні Мубарака і двух ягоных сыноў паводле абвінавачаньня ў забойстве ўдзельнікаў дэманстрацыяў пратэсту і ў карупцыі. У часе масавых пратэстаў з патрабаваньнем адстаўкі Мубарака ў студзені і лютым сёлета загінулі да 800 чалавек.

Хосьні Мубарак цяпер знаходзіцца пад вартай у шпіталі ў Шарм-аш-Шэйху, а ягоныя сыны Алаа і Гамаль – у турме ў Каіры.

На гэтую навіну можна паглядзець з розных пунктаў гледжаньня. Можна – паводле старажытнарымскага выслоўя: гора пераможаным. Мубарака і яго сыноў аддаюць пад суд людзі, якія гадамі і дзесяцігодзьдзямі былі самымі вернымі яго паплечнікамі, якія зь яго рук прымалі генэральскія пагоны і міністэрскія партфэлі. Проста яны раней за правадыра, фараона, як яго называлі, сьцямілі, што рэжыму прыйшоў канец, і трымалі нэўтралітэт ці своечасова пераходзілі на бок пераможцаў. Так часта бывае. Часткова гэтай сумнеўнай легітымнасьцю новай улады тлумачыцца тая зацятасьць, зь якой учорашнія мубаракаўцы імкнуцца асудзіць Мубарака. Каб прыкрыць сваё не зусім чыстае сумленьне.

І тое, што сыход эгіпецкага прэзыдэнта адбыўся, гледзячы па ўсім, ня толькі дзякуючы ціску плошчы Тахрыр, але і закулісным перамовам і зьдзелкам, ня мае вялікага значэньня – тады абяцалася адно, а зараз сытуацыя зьмянілася, зараз новыя лідэры Эгіпту думаюць больш пра тое, як утрымацца ва ўладзе ці хаця б не патрапіць на месца Мубарака, чым пра выкананьне дадзеных яму абяцаньняў. Але калі б яны былі верныя Мубараку ці абяцаньням, дадзеным яму пры адстаўцы, дык крыві пралілася б значна больш. Ды можа і былі б вернымі, калі б не галоўны гулец – паўстаўшы народ, плошча Тахрыр.

Пераможаным і сапраўды гора, і, магчыма, зь лёсу свайго калегі тыя ж Муамар Кадафі і Башар Асад зрабілі слушную выснову, што прайграваць ім ніяк нельга, што зь іх палацаў ім прамы ход за краты. І за гэтую выснову лібійцам і сірыйцам даводзіцца зараз дорага плаціць.
Але ёсьць і іншы пункт гледжаньня, пазбаўлены паліталягічнай вытанчанасьці, які палягае ў тым, што самая высокая ўлада не дае права красьці і забіваць бяззбройных людзей дзеля ўтрыманьня гэтай улады. І што за гэта нарэшце будзе пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG