Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст: Непрыемныя часы могуць цягнуцца і некалькі дзесяцігодзьдзяў


Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Госьць Свабоды -- эканаміст Яўген Прэйгерман, каардынатар моладзевага дыскусійнага клюбу «Лібэральны клюб».

Соўсь: Сёньня пешы дзень пасьля дэвальвацыі беларускага рубля. Якія пазытыўныя і нэгатыўныя наступствы гэтага вымушанага кроку ўраду?

Прэйгерман: Першы пазытыўны чыньнік - тое, што ўрад прынамсі пачаў нешта рабіць. Таму што на працягу апошніх месяцаў урад, Нацбанк. Аляксандар Лукашэнка проста зьніклі некуды з экранаў, нічога не тлумачылася, і было бачна, што яны фактычна ня ведаюць, што рабіць.

Можна было б казаць, што гэта павінна было адбыцца нават не пазаўчора – але гэта адбылося зараз і гэта, зразумела, адбываецца ў становішчы нашмат больш цяжкім, чым магло быць некалькі месяцаў таму, тым ня менш я б такую сьмеласьць ураду і Лукашэнкі ацаніў пазытыўна.

Соўсь: А што да нэгатыўных наступстваў?

Прэйгерман: Мы можам казаць, што цяпер Беларусь - гэта не краіна з заробкамі 500 даляраў, мы з такой дэвальвацыяй набліжаемся да становішча краінаў кшталту Малдовы, якая лічыцца самай беднай у Эўропе. Таму гэта разьвейвае пэўныя міты - якія шмат у каго былі ў галовах, у тых, хто "сэрцам" галасаваў за праграму Лукашэнкі, таму гэтае развейваньне - нэгатыўнае, гэта ў пэўнай ступені дэстабілізацыя краіны.

Соўсь: Ці прывядзе рост сацыяльнай напружанасьці ў выніку дэвальвацыі да грамадзкіх пратэстаў?

Прэйгерман: Цяжка казаць. Калі за дэвальвацыяй урад пачне рабіць неабходныя крокі -- перастане адміністратыўна ўсім кіраваць, правядзе скарачэньне грашовай масы, падвысіць стаўку рэфінансаваньня, зробіць некаторыя іншыя захады, калі перастане палітычны чыньнік адыгрываць такую ролю ў кіраваньні эканомікай, то я б ня выключыў магчымасьці пэўнай стабілізацыі. Гэта, вядома, яшчэ не сыстэмнае рэфармаваньне, але пэўная стабілізацыя можа наступіць, і тады чакаць сацыяльных выбухаў не даводзіцца.

Але ж калі будзе працягвацца ўсё як сёньня, калі пачнуць прымацца вар'яцкія пастановы накшталт сёньняшняй прапановы стварэньня манапольнага дзяржаўнага імпартэра - то гэта просты шлях да сацыяльнага напружаньня, і некаторыя яго рысы мы кожны дзень бачым у розных частках краіны.

Соўсь: Што б вы параілі зрабіць тым, хто клапоціцца пра свае зьберажэньні, каб яны маглі, па магчымасьці, уратаваць іх?

Прэйгерман: Спакойна сябе адчуваць нікому не давядзецца, становішча амаль кожнага грамадзяніна Беларусі пагаршаецца і будзе пагаршацца, гэта непазьбежна, гэта вынік той эканамічнай палітыкі, якая праводзілася ў краіне і шмат у каго выклікала захапленьне. Трэба, па-першае, падрыхтавацца да непрыемных часоў, якія могуць цягнуцца як некалькі год, так і некалькі дзесяцігодзьдзяў. Беларусь будзе адкінутая на апошнія месцы ў Эўропе па эканамічным дабрабыце. А зь іншага боку, як казаў мой калега-эканаміст, трэба слухаць нашых кіраўнікоў і рабіць наадварот, і некаторая рацыя ў гэтых словах ёсьць. Трэба жыць больш эканомна, бо мы ўсе прызвычаіліся да адносна добрага жыцьця: шмат каму з маладых будзе цяжка адмовіцца ад паходаў у рэстарацыі і кафэ, а больш сталым людзям трэба паклапаціцца пра дадатковыя крыніцы існаваньня: сельская гаспадарка на вёсцы і г.д.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG