Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікава, Бандарэнку ды іншых перавядуць у жодзінскі ізалятар


З Андрэем Саньнікавым на «Валадарцы» сустрэлася маці. Дзьмітрыю Бандарэнку, паводле лекара, патрэбная апэрацыя. Мікалай Статкевіч папрасіў падрыхтаваць усе неабходныя для турмы рэчы. Дзьмітрый Дашкевіч азнаёміўся з пратаколам суду.

24 траўня Ала Саньнікава мела з сынам гадзінную сустрэчу ў турме на вуліцы Валадарскага, дзе экс-кандыдата Андрэя Саньнікава трымаюць пасьля суду. Ала Ўладзіміраўна распавяла «Свабодзе»:

«Духам ня падае, сказаў, што яму тут лепей, камэра лепей, праблемаў такіх, якія былі ў „амэрыканцы“, няма. Мусілі ў Жодзіна перавесьці, але пакуль пакінулі тут. Паўтаруся, ён такі бадзёры, зь верай сваёй не разьвітаўся».

Ён такі бадзёры, зь верай сваёй не разьвітаўся.
Андрэй Саньнікаў быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і пакараны 5 гадамі зьняволеньня. 24 траўня стала вядома, што судзьдзя Натальля Чацьвярткова, якая вынесла прысуд Саньнікаву, трапіла ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу.

Чальцу штабу Саньнікава Зьмітру Бандарэнку неадкладна патрэбная апэрацыя. Гэтак мяркуе лекар-нэўроляг, які аглядзеў Дзьмітрыя Бандарэнку ў турме. Жонка вязьня Вольга прачытала пра гэта ў лісьце мужа:

«Кансультацыі зроблены, патрэбная апэрацыя. Зараз ідзе яшчэ і абвастрэньне з-за таго, што ён прастыў».

Паводле адмыслоўцаў, калі Бандарэнку не зрабіць тэрміновую апэрацыю, справа можа для яго скончыцца інваліднасьцю. Паводле зьвестак, якія атрымала Вольга Бандарэнка, яе мужа зьбіраюцца перавесьці ў Жодзінскі сьледчы ізалятар, як і іншых асуджаных паводле падзей 19 сьнежня.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч, паводле ягонай жонкі Марыны Адамовіч, знаходзіцца дагэтуль у турме на вуліцы Валадарскага — чакае, калі прызначаць дзень агалошаньня прысуду. Марына спрабавала высьветліць гэта ў судзе, але пакуль ніякай інфармацыі не далі. Тое самае 24 траўня сказала і адвакат Статкевіча Тацяна Станкевіч:

«Ніякай інфармацыі няма. А што кажуць у судзе? Мне — нічога».

Мая спроба даведацца ў Ленінскім судзе Менска, калі закончыцца хвароба судзьдзя Грачовай і будзе прызначаны дзень агалошаньня прысуду аказалася марнай — на гэтую тэму размаўляць супрацоўнікі суду адмаўляюцца.

Спрабаваў, але не атрымаў зьвестак з суду і былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус:

«Ня ведаю, ня кажуць. Пытаўся, сказалі, што выклічуць».

Дзьмітры Вус застаецца ў ранейшым статусе абвінавачанага пад падпіскай пра нявыезд.

Лідэр «Малодога фронту» Зьміцер Дашкевіч завяршыў азнаямленьне з пратаколам суду і чакае, пакуль тое самае зробіць Эдуард Лобаў, якога судзілі разам зь ім і ўжо накіравалі для адбыцьця пакараньня ў Івацэвіцкую калёнію. Дашкевіча трымаюць у ізалятары на Валадарскага. Дзень разгляду іх касацыйнай скаргі яшчэ не прызначаны, паведаміла Наста Палажанка з «Маладога фронту».

Вязень турмы на Акрэсьціна Мікола Дземідзенка працягвае галадоўку, мяркуе праваабаронца Наста Лойка. Паводле Насты Лойкі, Мікола прымае рэчавыя перадачы. «Такім чынам, ён, відаць, на Акрэсьціна», — кажа Наста Лойка. Раней была інфармацыя, што Дземідзенка трапіў у шпіталь. Мікола Дземідзенка, якога пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, выйдзе на волю 29 траўня.
XS
SM
MD
LG