Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра «За Аўто» Арцёма Шаркова забралі ў міліцыю


Арганізатары кампаніі "Стоп-бэнзін" Канстанцін Міхайлаў і Арцём Шаркоў абмяркоўваюць свае дзеяньні

Арганізатары кампаніі "Стоп-бэнзін" Канстанцін Міхайлаў і Арцём Шаркоў абмяркоўваюць свае дзеяньні

Як паведамляе БелаПАН, дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы "За Аўто" Арцём Шаркоў знаходзіцца ў РУУС Фрунзенскага раёну Менску.

Паводле Шаркова сёньня каля будынку Менскага гарадзкога суду яго сустрэлі двое супрацоўнікаў міліцыі і выклікалі ў РУУС па невядомай крымінальнай справе, куды ён прыбыў у іх суправаджэньні прыкладна ў 15.40.

"Яны сказалі, што трэба праехаць ў Фрунзенскае РУУС па нейкай крымінальнай справе. У якасьці каго мяне выклікаюць, растлумачана не было", - паведаміў Шаркоў.

Зараз дырэктар "За Аўто" чакае сьледчага, каб "высьветліць прычыны прэвэнтыўнага затрыманьня".

Кіраўнік "За Аўто" быў адным з ініцыятараў акцый супраць павышэньня коштаў на паліва "Стоп-Бэнзін" і "Стоп-Бэнзін-2". 28 красавіка падчас чарговай акцыі Шаркоў быў затрыманы супрацоўнікамі ПМСП і дастаўлены ў Ленінскае РУУС Менска. Праз некаторы час на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні па арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў або пікетаваньня).

5 мая суд Ленінскага раёну прызнаў яго вінаватым і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (больш за 1 млн. рублёў).

24 траўня ў Менскім гарадзкім судзе адбылося паседжаньне па факце скаргі Шаркова на рашэньне суду Ленінскага раёну, аднак вышэйшая інстанцыя не задаволіла скаргу.

Арцём Шаркоў, як і ў мінулы раз (28 красавіка), выклікаецца ў міліцыю перад пачаткам акцыі супраць падвышэньня цэнаў на паліва, якую арганізатары плянавалі правесьці ўвечары 24 траўня на адной са сталічных АЗС.
XS
SM
MD
LG