Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
20 траўня Калінінград наведалі міністры замежных справаў Польшчы і Нямеччыны, Радаслаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле. Яны прыехалі туды перш за ўсё сустрэцца са сваім расейскім калегам, Сяргеем Лаўровым. Але сустрэліся і зь некаторымі іншымі.

Сікорскі і Вэстэрвэле, хутчэй за ўсё, не прыехалі да Лаўрова з прапановай даць Расеі 30 мільярдаў эўра, калі тая правядзе сумленныя і празрыстыя прэзыдэнцкія выбары ў 2012 годзе. Але рэальныя трохбаковыя перамовы, як падаецца, былі ня менш цікавыя, чым калі б на іх абмяркоўвалася такая гіпатэтычная зьдзелка.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, тры міністры абмяркоўвалі магчымасьці бязьвізавага руху паміж Расеяй і Эўразьвязам і, у прыватнасьці, падпісаньне дамовы паміж Калінінградзкай вобласьцю і Польшчай наконт бязьвізавага перамяшчэньня для жыхароў польска-расейскага памежжа. Польшча і Расея практычна дамовіліся па гэтым пытаньні; прысутнасьць Вэстэрвэле на перамовах у Калінінградзе азначае, што Нямеччына скарыстае свой немалы ўплыў у Эўразьвязе, каб гэтая дамова была ўрэшце падпісаная. Вэстэрвэле сказаў у Калінінградзе, што ў праекце дамовы ён ня бачыць «ніякай рызыкі ні для міграцыі, ні для бясьпекі».
Помнік Канту ў Калінінградзе

Калі Расея і Польшча рэальна разьлічваюць, што такое бязьвізавае супрацоўніцтва можа эканамічна актывізаваць калінінградзкі анкляў і памежнае зь ім Вармінска-Мазурскае ваяводзтва ў Польшчы, дык на якія грошы разьлічвае тут Нямеччына?

Выглядае на тое, што Нямеччыне ні расейскія, ні польскія грошы не патрэбныя, і Бэрлін хоча актывізаваць калінінградзкі анкляў, так бы мовіць, ад добрага сэрца. Або -- дзеля гістарычных сэнтымэнтаў і настальгіі. Інакш кажучы, калі сваіх грошай поўнасьцю хапае на каўбасу і піва, дык лішак можна распусьціць і на нешта больш эфэмэрнае. Напрыклад, на падтрыманьне ўнівэрсытэту і гораду, дзе правёў сваё доўгае жыцьцё Імануіл Кант.

Ёсьць таксама і шырэйшы аспэкт гэтай трохбаковай сустрэчы. У Калініградзе сустрэліся міністры трох краінаў, у кожнай зь якіх вельмі асаблівы гістарычны багаж і вельмі асаблівы погляд на Другую сусьветную вайну і яе вынікі. Спроба наладзіць трохбаковае супрацоўніцтва ў месцы, якое зьмянілася ў нешта непазнавальна і незваротна іншае якраз у выніку Другой сусьветнай вайны – гэта адначасна і спроба пераадолець бар’еры ва ўзаемных адносінах і нацыянальных дыскурсах.

Вэстэрвэле і Сікорскі ў Калінінградзе сустрэліся таксама са студэнтамі і выкладчыкамі Балтыйскага фэдэральнага ўнівэрсытэту імя Імануіла Канта. Як піша сёньняшняе выданьне International Herald Tribune, сярод студэнтаў, прысутных на той сустрэчы, чулася і адчувалася адно нецярплівае жаданьне: «Мы хочам ісьці ў Эўропу».

І яны, хутчэй за ўсё, дойдуць.

А вось ці дойдуць у Эўропу студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Уладзіміра Ільліча Леніна – гэтае пытаньне пад вялікім сумневам.

Гэтае пытаньне пад сумневам ня толькі таму, што ў Менск, хутчэй за ўсё, ужо не прыедуць Сікорскі з Вэстэрвэле, і ў студэнтаў БДУ ня будзе магчымасьці заявіць на сустрэчы зь імі, што яны хочуць ісьці ў Эўропу. Гэтае пытаньне пад сумневам і таму, што за 20 гадоў сваёй незалежнасьці беларусам настолькі закруцілася ў галаве ад незалежнага таптаньня кругом і навокал, што зараз ужо кірункі нацыянальнай хады, так бы мовіць, страцілі сваё ранейшае значэньне. Якая розьніца, па вялікім рахунку, ці ісьці ў Бэрлін зь Лісабонам, ці ў Астану з Каракасам... Хоць бы ісьці куды-небудзь... Але і гэтага ня хочацца...

СМІ згадваюць адну цікавую дэталь з той трохбаковай сустрэчы ў Калінінградзе. Выступаючы перад унівэрсытэцкай аўдыторыяй і сваімі калегамі, міністрамі Сікорскім і Вэстэрвэле, міністар Лаўроў некалькі разоў працытаваў Імануіла Канта.

Вы уяўляеце сабе, каб нехта зь беларускіх палітычных кіраўнікоў, выступаючы перад аўдыторыяй БДУ, працытаваў Канта? Ды што я кажу, Канта... Ну, няхай бы хоць самы сьціплы вершык Скарыны... Або хоць нешта зь Леніна, колішняга і цяперашняга (?) патрона БДУ... Нават гэтага не дачакаемся...

Ды што казаць – Беларусь у Эўропу... Справа ў гэтым пытаньні ня толькі ў грошах, то бок, у таньнейшых візах, каб схадзіць у тую Эўропу. Справа таксама ў мазгах, якія ў змозе адрозьніваць кірункі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG