Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павышаецца кошт праезду ў цягніках міжнародных зносін

  • БелаПАН

З 25 траўня падвышаецца кошт праезду ў цягніках міжнародных зносін. Пра гэта 24 траўня на прэс-канфэрэнцыі паведаміў начальнік аддзелу пасажырскай службы Беларускай чыгункі Ўладзімер Столяр.

Паводле яго слоў, кошт праезду ў цягніках, якія ідуць у краіны СНД і Балтыі, "падвысяцца адэкватна падвышэньню курсу швэйцарскага франка, у заходнім кірунку – адэкватна зьмене курсу эўра". Пры гэтым ён адзначыў, што кошт праезду ў цягніках унутрырэспубліканскага паведамленьня ня зьмяняецца.

Паводле словаў Столяра, з краінамі СНД і Балтыі падпісана пагадненьне аб міждзяржаўных чыгуначных тарыфах. Згодна з гэтым дакумэнтам кожная чыгуначная адміністрацыя краіны мае права самастойна ўсталёўваць каэфіцыенты да тарыфаў на квіткі і пляцкарт.

95% аб'ёму пасажырскіх перавозак зь Беларусі прыпадае на сувязь з Расіяй і Ўкраінай. Паводле слоў спэцыяліста, з гэтымі краінамі прымяняецца гнуткая сыстэма рэгуляваньня тарыфаў па пэрыядах году. Пры узрастаньні аб'ёмаў пасажырапатоку тарыфы ўзрастаюць, пры зьніжэньні – падаюць. "Мы праводзім палітыку парытэту, гэта значыць, якія каэфіцыенты Расія і Ўкраіна ўсталёўваюць па сваіх тэрыторыях, такія ж каэфіцыенты ўстанаўліваюцца для грамадзян іншых дзяржаў па тэрыторыі Беларусі", – сказаў Столяр.

Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2011 году ў зносінах з Расеяй тарыфы былі павышаны на 15%, з Украінай – засталіся нязьменныя.
XS
SM
MD
LG