Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маштабная дэвальвацыя беларускага рубля, абвешчаная ўрадам і Нацыянальным банкам учора, не прывяла да стабілізацыі фінансавага рынку.

Адпусьціўшы рубель, цэнтрабанк зноў абмежаваў магчымасьць пашыраць валютны калідор больш як на 2% ад афіцыйнага курсу. У выніку рэанімацыі так званай маржы зьдзелкі на міжбанкаўскай біржы спыніліся ўвогуле. Разам з тым Нацбанк заявіў, што не зьбіраецца прадаваць валюту для абменных пунктаў. У выніку ўсё засталося па-старому: множнасьць курсаў і адсутнасьць даляраў ды эўра ў вольным доступе.

Кіраўніцтва Нацбанку сваімі дзеяньнямі пацьвердзіла, што і надалей будзе ажыцьцяўляць адміністрацыйны кантроль за валютным рынкам. Як кажа прадстаўнік аднаго з камэрцыйных банкаў, немагчымасьць свабоднага курсаўтварэньня пакідае праблему насычэньня рынку валютай нявырашанай:

"Дэвальвацыя сама па сабе яшчэ не панацэя. Яна павінна пацягнуць за сабой шэраг іншых кардынальных захадаў, уключна са свабодным
няма гарантыі, што празь нейкі прамежак часу нам зноў не запатрабуецца валявая зьмена курсу ...

курсаўтварэньнем. Перадусім трэба выконваць патрабаваньні МВФ, найперш у тым, каб прывязацца да рынку. То бок свой курс прывязаць да рынку — да попыту і прапановы. А не наадварот, як гэта спрабуюць зрабіць у нас. Нават калі яны цяпер і вырашылі, што іх курс падскочыў больш чым на 50%, то гэта ня значыць, што потым зноў, згодна зь іхняй лёгікай, яны не захочуць прывязаць рынак да свайго курсу. Іншымі словамі, няма гарантыі, што празь нейкі прамежак часу нам зноў не запатрабуецца валявая зьмена курсу".

Дырэктар па разьвіцьці камунікацыйнага агенцтва "АРС Кам'юнікейшнз" Раман Касьціцын перакананы, што само па сабе эканамічнае становішча, якое склалася ў Беларусі, не адпавядае памеру дэвальвацыйных ды спэкулятыўных працэсаў на фінансавым рынку. Хаос ды ажыятаж правакуюць самі ўлады, якія так і не патлумачылі, чаму здарыўся валютны крызіс і дзеля чаго робяцца захады, якія, апроч крытыкі, пакуль што нічога не выклікаюць.

"Я настойваю, што асноўная праблема гэтага валютнага каляпсу, крызісу, як хочаце яго называйце, — інфармацыйны складнік, а не эканамічны. І
асноўная праблема гэтага валютнага каляпсу, крызісу, як хочаце яго называйце, — інфармацыйны складнік, а не эканамічны ...

калі трымацца думкі пра інфармацыйны складнік, то любыя дзеяньні свае неабходна тлумачыць. Я маю на ўвазе тых, хто прымае адказныя рашэньні, ад якіх у дадзеным выпадку залежаць асабістыя фінансы мільёнаў людзей, прынамсі соцень тысяч беларусаў, бо ў дзяцей няма фінансаў. Дык вось гэтыя захады па-ранейшаму не тлумачацца. Няма ў нас з вамі як у грамадзянаў краіны разуменьня, які сэнс укладае ў свае дзеяньні Нацыянальны банк. Няма разуменьня, які сэнс укладаюць у гэтыя дзеяньні іншыя асобы, якія прымаюць адказныя рашэньні ў краіне. Я маю на ўвазе разуменьне дзяржаўнай пазыцыі, бо ніхто пра яе не гаворыць, а проста канстатуюць факт: мы зрабілі вось гэта, дадалі 2%, нешта прыбралі. А навошта, чаму, зь якой прычыны, чаму гэта робіцца менавіта цяпер, а не на 10 дзён пазьней і не на месяц раней — няма тлумачэньня".

Аналітык Міжнароднай фінансавай карпарацыі Валеры Фадзееў схільны лічыць, што ўлады сваімі захадамі расьпісаліся ў непрафэсіяналізьме, заганяючы сытуацыю ў бескантрольнае рэчышча. Пры гэтым ні Нацбанк, ні ўрад, ні Аляксандар Лукашэнка не зьбіраюцца праводзіць рэформы, якія патрабуюцца дзеля таго, каб нармалізаваць сытуацыю:

"У нейкім сэнсе я згодны з былым кіраўніком Нацбанку спадаром
што ж урэшце трэба рабіць — дык мы пра гэта ўвесь час гаворым. Гэта, зноў жа, і прыватызацыя, і прыватная ўласнасьць, і шмат што іншае ...

Багданкевічам, які прадказваў беларускай фінансавай сыстэме каляпс. Таму што адпаведныя захады трэба было рабіць нашмат раней. А цяпер, на мой погляд, склаўся цэлы шэраг абставінаў. Гэта і дэфіцыт плацёжнага балянсу, і адмоўнае сальда зьнешняга гандлю. Але, напэўна, самае галоўнае, — гэта нерэфармаванасьць нашай эканомікі і тое, што абсалютна спазьніліся з рэформамі, з прыватызацыяй і г.д. Думаю, гэта якраз асноўныя прычыны, якія і прывялі да цяперашняй сытуацыі. А што тычыцца адказу на пытаньне — што ж урэшце трэба рабіць — дык мы пра гэта ўвесь час гаворым. Гэта, зноў жа, і прыватызацыя, і прыватная ўласнасьць, і шмат што іншае".

Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч запэўніваў беларусаў, што ніякая дэвальвацыя нікому не пагражае, а галоўная задача ўраду — давесьці цягам пяцігодкі сярэднія заробкі да тысячы даляраў. Цяпер тыя абяцаньні дэвальваваліся разам зь беларускім рублём:

"Пакуль я зьяўляюся старшынём праўленьня, ніякай разавай дэвальвацыі, аднамомантавай, ніколі ня будзе. Нам дастаткова таго досьведу, што мы назапасілі за 15 гадоў, і нам гэты досьвед кажа пра тое, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў. А раз дрэннае рашэньне — мы яго выконваць ніколі ня будзем. Пад словамі "разавая дэвальвацыя" я разумею дэвальвацыю ня тое, што вы думаеце, на 20—30%, а дэвальвацыю вышэй за 5%. Нават 5% у нас ніколі ня будзе разавай дэвальвацыі. У нас адна мэта, адна задача: забясьпечыць падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню людзей у гэтай пяцігодцы ў 1,7 раза, давесьці сярэдні заробак з улікам узроўню цэнаў гэтага году ня меней чым да 3 мільёнаў рублёў. Гэта задача рэальная, гэтую задачу можам выканаць усе, калі ўсе разам будзем над гэтым працаваць".






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG