Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бобу Дылану -- 70


Боб Дылан
Боб Дылан
Сёньня спаўняецца 70 гадоў амэрыканскаму сьпеваку, кампазытару і паэту Бобу Дылану, адной са знакавых постацяў сусьветнай культуры ХХ стагодзьдзя.

За мінулыя 50 гадоў актыўнай музычнай кар’еры Боб Дылан запісаў амаль тысячу песьняў. Шмат зь іх выконваліся іншымі сьпевакамі па ўсім сьвеце, на мовах так розных як каталёнская і эспэранта або ісьляндзкая і кхмэрская.

Паводле вэбсайту, адмыслова прысьвечанага выкананьням песьняў Боба Дылана іншымі, на сьвеце прагучала ня менш чым 32 тысячы розных выкананьняў ягоных кампазыцый. У чым сакрэт такой незвычайнай папулярнасьці Боба Дылана?

Сьвятаслаў Вакарчук, лідэр украінскага гурта «Акіян Эльзы», сказаў нашаму радыё, што найбольшай заслугай Дылана было павышэньне значэньня песенных тэкстаў:

«Па-мойму, найбольшае дасягненьне Боба Дылана заключаецца ў тым, што ён навучыў музыкаў пісаць тэксты. Ён навучыў увесь сьвет слухаць тэксты. Перад ім тэкст папулярных песьняў быў, хутчэй за ўсё, дапаўненьнем да прыгожай мэлёдыі, проста прыгожым наборам запамінальных словаў. Пасьля Боба Дылана музыканты, асабліва рок-музыканты, сталі думаць, што праз музыку, празь сьпеў, праз гітару можна перадаваць нечаканыя, палітычныя і сацыяльныя думкі. Напрыклад, пазнаёміўшыся з Дыланам, Пол МакКартні і Джон Ленан пачалі зьвяртаць вялікую ўвагу на свае тэксты, асабліва Ленан».

Падобнай думкі прытрымліваецца і кіргіскі рокер, Бакіт Кыдыкбаеў:

«Боб Дылан зьмяніў характар рок-музыкі. Гэта ягоны вялікі ўклад. Калі нават на Захадзе ў 1960-я гады людзі ўспрымалі рок-музыку як лёгкі, папулярны жанр, Боб Дылан пачаў выкарыстоўваць у песьнях моцныя словы з моцным значэньнем».

Аляксандру Андрыс, румынскі фольк-сьпявак і кампазытар, пераклаў шмат якія тэксты песьняў Дылана на румынскую мову і ў 1999 годзе запісаў альбом зь ягонымі песьнямі. Андрыс прыгадвае, як першы раз пачуў Дылана на Радыё Свабодная Эўропа ў часы рэжыму Нікалае Чаўшэску ў Румыніі:

«Першай песьняй Дылана, якая зрабіла на мяне сапраўды моцнае ўражаньне, была «A Hard Rain's A-Gonna Fall», перш за ўсё таму, што яна была неверагодна доўгая, што не было чымсьці звычайным у той час. І па-другое, яе словы сапраўды нешта значылі. З другога боку, вядома, мы мелі песьню «Hey, Jude» Бітлз, якая таксама была вельмі доўгай, але яе словы ня мелі істотнага значэньня».

У свае 70 гадоў Дылан працягвае працаваць вельмі актыўна як кампазытар і як выканаўца. У сярэднім, ён дае 150 канцэртаў на год, і працягвае запісваць альбомы з новым матэрыялам.

Апошнія студыйныя альбомы Дылана -- «Together Through Life» і «Christmas in the Heart» -- былі выдадзеныя ў 2009 годзе.

У красавіку сёлета Дылан упершыню выступіў у Пэкіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG