Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Чыноўнікі заяўляюць, што на сёньня ў рэгіёнах фактычна вырашаныя праблемы з дэфіцытам солі й цукру. Тым часам імкліва расьце ажыятажны попыт на імпартную й айчынную бытавую тэхніку — лядоўні, тэлевізары, пральні. Пакупнікі тлумачаць, што такім чынам імкнуцца засьцерагчы свае ашчаджэньні ў беларускіх рублях ад хуткага абясцэньваньня.

Сытуацыю на спажывецкім рынку ў рэгіёнах адсочваюць журналісты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Аб’ёмы выбралі — паліцы пустыя…»

Гарадзеншчыну, як і іншыя рэгіёны, захапіў ажыятаж на закупы айчыннай бытавой тэхнікі, мэблі і іншых тавараў. У літаральным сэнсе паліцы ў крамах пустыя.

У цэнтры Горадні — фірменная крама «Гарызонт», дзе прадаецца бытавая тэхніка айчыннай вытворчасьці. На прылаўках толькі некалькі электрачайнікаў, няма пакупнікоў, сумуюць прадаўцы-кансультанты.

Адзін зь іх кажа, што начальства штодня тэлефануе ў Менск, каб давозілі тавар, а там толькі абяцаюць, ну дык вось сядзяць прадаўцы і чакаюць. Спадар кажа, што за гэтыя дні нагледзеўся ў краме рознага.

Спадар: «Быў, да прыкладу казус, калі тэлевізары куплялі. Адзін спадар хацеў набыць два тэлевізары па безнаяўным разьліку, а другі за наяўныя грошы — ох, і скандалілі… Людзі ўсе сьмяяліся. А некаторыя бралі тавар у растэрміноўку аж на 12 мільёнаў».

У адной з самых вялікіх мэблевых крамаў — «Сьвятлана» — сытуацыя вельмі падобная.
Ранейшы тавар разабралі, а на тое, што падвязуць, цэны будуць новыя.

Спадарыня: «Зайдзіце паглядзіце — нічога няма зь мяккай мэблі. Усё, што стаяла, усё бралі. А цэны былі розныя: ад паўтара мільёна да чатырох з паловай. Новага нічога не было, можа заўтра што падвязуць, але цэны ўжо будуць новыя».

У Слоніме прадавачка прыватнай крамы з бытавой тэхнікай распавядае, што ў іх засталася толькі імпартная тэхніка. Яна вельмі дарагая, і людзі толькі заходзяць паглядзець на яе.

Спадарыня: «Людзі кажуць, што гэта крама для алігархаў, што ўсё дорага, ходзіш як у музэй, і г.д.».

Яна дадае, што імпартнай тэхнікі тут цяпер не замаўляюць, бо ня могуць вызначыцца з цэнамі, а беларускай не давозяць, бо яе яўна не хапае.

А вось прадавачка дзяржаўнай крамы зь Ліды бядуе, што айчынную тэхніку распрадалі, але «Атлант» ім болей не пастаўляе.

Спадарыня: «Ведаеце, „Атлант“ нам пакуль нічога не адгружае ў сувязі з тым, што мы ўсе аб’ёмы на гэты месяц выбралі. Пакуль ня кажуць, што наагул не дадуць, але атрымалі толькі некалькі пральных машынаў і заўтра паедзем па пліты».

Паліцы фірмовай крамы «Гарызонт» у Горадні

ВІЦЕБШЧЫНА


Мясцовая ўлада спрабуе стрымаць цэны

На афіцыйным сайце віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне пра ўведзеную ў вобласьці «сыстэму захадаў па стрымліваньні росту коштаў на спажывецкія тавары».

Сутнасьць захадаў у тым, што аблвыканкам рэкамэндуе гандлёвым прадпрыемствам не падвышаць або нават зьнізіць гандлёвыя надбаўкі. На тое, што кошты ў вытворцаў і пастаўшчыкоў па-ранейшаму растуць, чыноўнікі не зважаюць, усю адказнасьць за дарагоўлю ўскладаючы на сыстэму гандлю. Паводле афіцыйнай інфармацыі з аблвыканкаму, становішча на спажывецкім рынку застаецца стабільным, хоць, паводле намесьніка начальніка ўправы гандлю Віцебскага аблвыканкаму Аляксея Шчабляцова, у рэгіёне фіксуецца ажыятажны попыт на прадукты харчаваньня — аб’ёмы продажу солі, да прыкладу, вырасьлі за мінулы тыдзень на 70%, а макароны і круп — на 50%. Гэтаксама вырас і попыт на бытавую тэхніку — лядоўні, тэлевізары і іншае.

Сяргей Серабро, рэдактар незалежнага сайту «Народныя Навіны Віцебску», стаў сьведкам спажывецкага буму:
Ніводнай лядоўні, ніводнай пральнай машыны…

«Першая крама, куды я зайшоў, быў цэнтральны ўнівэрмаг. Тэлевізараў з вадкакрышталічным экранам ужо не было — гандляры расстаўлялі па паліцах старыя маленькія „Віцязі“. У аддзеле бытавой тэхнікі не было ніводнай лядоўні, ніводнай пральнай машыны. У мэблевым — таксама ўсё спустошана… Але мы ўзялі тахту — давялося набыць, пакуль была».

Паводле спадара Сяргея, гэта была плянавая пакупка — але, можа, зь ёй не сьпяшаліся б, каб не было ажыятажу ў чаканьні істотнага падаражэньня.

Гэтаксама разважае і спадарыня Ларыса з Полацку:

«Калі ёсьць нейкія грошы, то чаму б іх ня ўкласьці? Бо яны абясцэньваюцца жудасна! Я во хацела набыць сабе маленькі тэлевізар на кухню, але ўжо, мусіць, не куплю. Ва ўнівэрмагу ўсё пуста: стаіць пара штук, але напісана «адкладзена» або «прададзена». Во так, я ўсё адкладала… А падаражэла ўсё ў два разы! І я ўжо чула, як на кірмашы адна бабуля бабулька «мітынг» ладзіла, крычала: «Колькі мы будзем маўчаць?! Вунь як усе падаражэла!».

Пакуль адны абураюцца, а іншыя моўчкі стаяць у чэргах па прамтавары, аршанка спадарыня Натальля разважае так:

«Я ня ведаю, навошта людзям купляць дзьве ці тры лядоўні! Маю адну няма чым напхаць, яна во пустая стаіць! А маразілку я ўвогуле адключыла. Так што ніяк я не ратую свае зьберажэньні: на іх толькі крупы купіць — дык чарвякі ў іх завядуцца ды зьядуць! І не такія ўжо вялікія нашы зьберажэньні: адзін мой заробак і адзін заробак мужа. За месяц мы гэтыя грошы праямо, і будзе заробак наступны. А там ужо мы паглядзім…».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Нехта лядоўні закупляе, нехта — валюту. Я ж — будаўнічыя матэрыялы!»

У Магілёве скупляюць бытавую тэхніку, мэблю, будаўнічыя матэрыялы.

У крамах са зьбяднелым таварным асартымэнтам цяпер нешматлюдна. За прамінулыя крызісныя дні людзі скупілі багата тэлевізараў, лядоўняў, мэблі. Ля крамы з будаўнічымі матэрыяламі спадар наладоўвае легкавік нейкімі скрынкамі.

«Рамонт трэба рабіць. Вось будаўнічых матэрыялаў закупіў на колькі было грошай. Бо яны ж даражэць будуць. Ці праўда. Вось так мы й ратуемся. Нехта лядоўні закупляе, нехта, напрыклад, валюту. Я ж — будаўнічыя матэрыялы».

Багата народу ўсё ж зьберагае свае ашчаджаньні ў валюце. Як вось гэты гаспадар. Ён заяўляе, што яму не патрэбная айчынная прадукцыя, на якую акурат узрос попыт:

«У мяне ў беларускіх рублях зьберажэньняў проста няма. А што валюта? Яна як ляжала ў мяне, так і будзе ляжаць. Што з далярам стане? Нічога зь ім ня будзе сёньня».

Неспакойна тым, хто ня можа цяпер зьняць свае зьберажэньні з банкаўскіх рахункаў. Як гэты спадар:
У Беларусбанку мае зьберажэньні цяпер не аддаюць.

«У „Беларусбанку“ трымаю. Зьняць жа іх я цяпер не магу, толькі праз пэўны тэрмін можна. Канечне, перажываем. Спадзяемся на лепшае, што ўсё нармальна будзе, што абстаноўка стабілізуецца ў краіне».

На многіх магілёўскіх прыватных крамах вісяць абвесткі — «Пераўлік» альбо «Зачынена з тэхнічных прычын». Камэрцыйныя фірмы вымушаныя прыпыніць працу. Іх працаўнікі сталі беспрацоўнымі. Як гэты спадар. Яго зьберажэньні — у валюце:

«Наагул я займаюся ўстаноўкай акон. Вось, пакуль такі час, я крыху ў адпачынку. Ну проста палохаем людзей цаной. Людзі пакуль іх ня ставяць. Я нават сваім сталым кліентам кажу, каб яны крыху пачакалі, бо дужа дорага цяпер».

Найбольш цяжка цяпер людзям сталага веку. Спрыту ў набыцьці тавару ў нас куды меней, чым у маладзейшых, прызнае адзін з такіх:

«Я па-старому жыву. Ну, абясцэніцца рубель крыху. Бог зь імі. Ляжаць у мяне на рахунку ў беларускіх рублях. Шаснаццаць працэнтаў мне ідзе. Мяркую, неяк выжыву. За гэтым усім ня ўгонісься».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Жывем амаль як на вайне

Недавер да беларускага рубля, рост цэнаў і інфляцыя выклікаюць ажыятажны попыт на харчовыя і прамысловыя прадукты. Берасьцейцы, не давяраючы беларускай валюце, стараюцца пазбавіцца ад яе, набываючы тавары.

На тле значнага росту коштаў берасьцейцы скардзяцца, што заробкі не падымаюцца. Людзі імкнуцца рабіць запасы, мяркуючы, што цэны і надалей будуць расьці, кажа жыхар Берасьця Мікалай:

«Цэны павялічыліся прыкладна на 15–20%. І пры ўсім гэтым ніхто не зьбіраецца павялічваць заробкі. Таму людзі стараюцца набыць па старых цэнах прадукты. Нас пераконваюць, што цэны не павялічваюцца. Але кіраўніцтву краіны ніхто ня верыць. Паглядзіце, тыя ж запалкі, якія разьбіраліся з паліцаў крамаў, каштавалі 50 рублёў, а цяпер — 80 рублёў. Макарону па старых цэнах мы набывалі па 1300 рублёў, а цяпер — каля 4000 рублёў».

Жыхары горада над Бугам адкладаюць значныя пакупкі, свае зьберажэньні захоўваюць у валюце, кажа берасьцейка Марыя Мікалаеўна:

«Крызіс выявіўся найперш у тым, што павялічыліся кошты. Таму людзі зараз вымушаны жыць як на вайне. Можна толькі паспачуваць людзям. Бо вельмі многія атрымалі крэдыты і цяпер мусяць іх сплочваць. Асабліва гэта тычыцца тых, хто выплочвае ў валюце. Лічу, што ў цяперашняй сытуацыі найперш вінавата кіраўніцтва краіны. Нельга такога дапускаць, ды й захадаў ніякіх ня робіцца, каб выправіць сытуацыю. Асабіста я захоўваю свае зьберажэньні ў валюце. Чакаю, ня ведаю, ці атрымаю ад гэтага выгаду».

Валютчык зь Берасьця Валер кажа, што за апошнія дні курс даляра на чорным рынку зьменшыўся. Але гараджане па-ранейшаму імкнуцца пазбавіцца ад беларускіх рублёў, набываючы тавары, а свае зьберажэньні захоўваюць у валюце:

«Цяпер на чорным рынку курс даляра складае каля 5100–5200. Хоць яшчэ на мінулым тыдні на чорным рынку курс складаў каля 6500 рублёў за адзін даляр ЗША. Гараджане, каб уратаваць свае зьберажэньні, сьпяшаюцца набыць хоць што-небудзь. Таму і назіраецца такі ажыятаж на макароны, соль, воцат. Некаторы час таму быў ажыятаж на цукар, алей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG