Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулыя выходныя ў Грузіі прайшлі акцыі пратэсту апазыцыі, якая дамагаецца адстаўкі прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. Пра маштабы і значэньне гэтых пратэстаў мы папрасілі распавесьці аглядальніка грузінскай службы нашага радыё Кобу Ліклікадзэ.

Дракахруст: Коба, наколькі сур'ёзныя і шматлікія акцыі апазыцыі ў Грузіі, якія пачаліся на мінулым тыдні? Як яны выглядаюць у параўнаньні з кампаніяй апазыцыі 2009 году?

Ліклікадзэ: У параўнаньні з кампаніяй 2009 году сёлетнія акцыі нешматлюдныя. Яны адбываюцца ў Батумі і ў Тбілісі. Я слухаў некалькі апазыцыйных каналаў, дзе прадстаўнікі апазыцыі скардзіліся, што людзі не прыходзяць на мітынгі, што пануе інфантыльнасьць. Але гэта віна самой апазыцыі, якая ўжо шмат разоў заклікала людзей на апошні штурм. Вы дарэчы прыгадалі красавік 2009 году, калі лічылі дні прэзыдэнта Саакашвілі. Але ў выніку яны паміж сабой не знайшлі згоды, людзі стаміліся і разышліся, а рэйтынг Саакашвілі вырас. Я ня буду апярэджваць падзеі, пачакаем 25 траўня, які анансавалі, як дзень гневу Грузіі.

Дракахруст: Ну а колькі ўсё ж людзей бяруць удзел у маніфэстацыях?

Ліклікадзэ: У першы дзень акцыі на плошчы Свабоды былі 5-6 тысяч чалавек. Зараз на плошчы перад тэлебачаньнем знаходзяцца адна-дзьве тысячы чалавек. І гэта ў прайм-тайм мітынгу, калі выступаюць лідэры апазыцыі, калі ад іх хочуць пачуць, як дзейнічаць. Потым застаецца некалькі соцень чалавек.

Дракахруст: Чаму яны актывізаваліся менавіта цяпер?

Апазыцыйныя пратэсты ў Грузіі
Ліклікадзэ: 26 траўня -- гадавіна незалежнасьці Грузіі, у гэты дзень праходзіць парад у Тбілісі. Апазыцыя абяцае ажыцьцявіць свой плян 25 траўня. Яны ня кажуць, як гэта будзе -- яны пойдуць штурмаваць парлямэнт, яны будуць атакаваць войскі, падрыхтаваныя для параду? Яны свой плян хаваюць у сакрэце. Але ёсьць падазрэньні, што пляну ніякага няма. Грузінскія СМІ, падкантрольныя ўладзе, выказваюць меркаваньне, што апазыцыя гэта зробіць пры дапамозе Расеі. Паводле гэтых СМІ, апазыцыя, якая заклікае людзей на вуліцы, насамрэч спадзяецца не на народ, а на дапамогу Расеі, на расейскія танкі. Пра гэта ўчора ў інтэрвію Свабодзе казаў таксама віцэ-прэм'ер Георгі Барамідзэ.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG