Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арастовічу і Корбану пашпарты вярнулі, Лябедзьку і Кобецу — не


Будынак КДБ, Менск
Будынак КДБ, Менск
Што адбываецца са справамі супроць тых удзельнікаў падзей 19 сьнежня, якіх трымалі пад вартай у КДБ і ў розны час выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд?

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька — сярод тых некалькіх удзельнікаў падзей 19 сьнежня, якіх падчас расьсьледаваньня справы трымалі ў КДБ, а потым вызвалілі пад падпіску пра нявыезд. "Справу не спынілі, не накіравалі ў суд, і адначасова руху па ёй няма", — кажа Анатоль Лябедзька. Палітык паведаміў пра апошнія навіны адносна сваёй справы:

"Мяне праінфармаваў адвакат, што 20-га скончыліся 5 месяцаў, на якія было працягнута сьледзтва адносна мяне і, як кажуць, групы таварышаў. Сьледчы яму сказаў, што справа знаходзіцца ў вытворчасьці, працягнутыя тэрміны сьледзтва, а на які тэрмін — што нас праінфармуюць у пісьмовым выглядзе. Стан я свой ацэньваю так: палітычны закладнік, і колькі я буду знаходзіцца паміж небам і зямлёй, незразумела. Я пакуль ня ведаю. Чакаю паперы".

"Група таварышаў", пра якую казаў Анатоль Лябедзька, — гэта таксама былы кіраўнік штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец, кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў, кіраўнік "Маладых дэмакратаў" Алег Корбан і сябра штабу Мікалая Статкевіча Алесь Арастовіч. Анатоля Паўлава і Алега Корбана вызвалілі з "амэрыканкі" неўзабаве пасьля падзей 19 сьнежня, менш як праз два месяцы выйшлі з турмы Ўладзімер Кобец і Алесь Арастовіч, больш за ўсіх — да красавіка — сядзеў у СІЗА КДБ Анатоль Лябедзька. Прынамсі Анатолю Лябедзьку і Ўладзімеру Кобецу дагэтуль не аддалі пашпарты. Астатнім дакумэнт, які сьведчыць пра асобу, вярнулі, але ці азначае гэта, што яны вольныя ехаць з пашпартам за мяжу? Алесь Арастовіч кажа, што мае тэрміновую патрэбу зьезьдзіць у Польшчу, каб адведаць дачку, і будзе зьвяртацца па дазвол да сьледчага:

"Трэба зьвярнуцца, можа дазволіць. У мяне дачка жыве ў Польшчы, а шэнгенская віза заканчваецца — засталося толькі два тыдні".

Алеся Арастовіча пасьля вызваленьня тройчы выклікалі ў КДБ. "Каб вярнуць рэчы", — кажа былы вязень "амэрыканкі". А вось пра працяг расьсьледаваньня спадару Арастовічу дагэтуль не паведамілі. Як і Ўладзімеру Кобецу са штабу Саньнікава:

"Ніхто са мной ня зьвязваўся і нічога не паведамляў. І з дня вызваленьня мяне ніводнага разу не выклікалі да сьледчага, нават каб вярнуць рэчы".

Уладзімер Кобец ня стаў камэнтаваць тое, што расьсьледаваньне справы, паводле якой ён праходзіць як абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках, зноў працягнулі на неназваны тэрмін. Адмовіўся ад камэнтару і Алесь Арастовіч. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька выказаў наступную вэрсію:

"Гэта з-за таго, што 23-га ў Эўразьвязе вырашаюць пытаньне пра санкцыі. Патрэбныя людзі для нейкага гандлю. Відаць, я для гэтага падыходжу, як і астатнія фігуранты нашай справы".

Анатоль Лябедзька лічыць, што ў такіх жа "закладніках" улады трымаюць і экс-кандыдатаў Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама яшчэ 5 удзельнікаў падзей 19 сьнежня. 20 траўня ім меліся вынесьці прысуд, але абвяшчэньне яго адклалі, паводле афіцыйнай вэрсіі, з-за хваробы судзьдзі. Дзень, калі будзе абвешчаны прысуд Статкевічу, Вусу ды іншым, яшчэ не прызначаны, казалі 23 траўня ў Ленінскім судзе Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG