Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргаў апазыцыянэраў на камітэтчыкаў


Магілёўскі абласны суд 23 траўня не задаволіў скаргі актывісткі стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяны Шамбалавай на вырак Ленінскага суду Магілёва. Актывістка намагаецца праз суд скасаваць рашэньне абласной управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб пастаноўцы яе на прафіляктычны ўлік, а таксама афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі БХД.

5 красавіка судзьдзя раённага суду Андрэй Юрчанка не знайшоў падстаў, каб задаволіць скаргу Шамбалавай. Вынесенае ёй папярэджаньне і пастаноўку на ўлік ён прызнаў законнай. Актывістка ж даводзіла, што КДБ перавысіў свае паўнамоцтвы й пакараў яе за палітычную дзейнасьць.

Сёньня інтарэсы Шамбалавай у абласным судзе прадстаўляў праваабаронца Барыс Бухель. Актывістка цяпер за мяжой. Вучыцца ў Польшчы. Паводле праваабаронцы, разглядала скаргу калегія суду пад старшынствам Сьвятланы Стальмаховай. Яна таксама не знайшла парушэньняў з боку КДБ у адносінах да Шамбалавай.

"Цуду не адбылося. Сваім рашэньнем абласны суд патурае беззаконьню, якое чыніць КДБ, і набліжае Беларусь да 1937 году. КДБ выйшаў цалкам за межы сваіх кампэтэнцыяў. Такія рашэньні выносяцца пракуратурай і міліцыяй. У артыкуле "Аб дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў і партыяў" ёсьць заўвага, што гэты артыкул не распаўсюджваецца на дзейнасьць арганізацыяў, якія знаходзяцца ў працэсе рэгістрацыі. БХД рэгіструецца. Акрамя таго, у Шамбалавай не было раней такіх пакараньняў, а іх павінна быць сама меней два. КДБ, такім чынам, парушыў закон. Судзіцца працягнем у беларускіх судах і дойдзем да Камітэту па правах чалавека ААН", камэнтуе вырак Барыс Бухель.

18 траўня абласны суд не задаволіў аналягічную скаргу кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва. Яе разглядала тая ж судовая калегія пад старшынствам Сьвятланы Стальмаховай. Салаўёва КДБ паставіў на прафіляктычны ўлік за арганізацыю мерапрыемстваў апазыцыі, якія праходзілі ў 2010 годзе, і ўдзел у іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG