Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Някляеў: «Расея будзе шукаць партнэра сярод беларускай намэнклятуры»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў заявіў сёньня, што расейскія палітыкі ня будуць ставіць на яго ў будучыні. "Расея будзе шукаць сабе партнэра ў беларускай намэнклятуры. І гэта, у першую чаргу, рашэньне праблемы 2012 году (парлямэнцкіх выбараў у Беларусі)", -- цытуе Інтэрфакс заяву, зробленую Някляевым на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Палітык патлумачыў :"З Лукашэнкам у Расеі ўжо ніхто размаўляць не жадае. Дзе Масква будзе шукаць новых суразмоўцаў? У намэнклятуры! Свае будуць шукаць сярод сваіх. Някляева крамлёўская намэнклятура не падтрымае: хто ён – паэт".

У. Някляеў перакананы, што ўлада сядзе з апазыцыяй за стол перамоваў: "Шаснаццаць гадоў былі грошы, якія дазвалялі сказаць: "я ня буду з апазыцыяй размаўляць". Зараз іх няма", -- лічыць палітык.

"Асноўным палітычным гульцом у сытуацыі, якая зьмянілася, будзе Расея. Нам з Расеяй ня толькі ў эканамічных, але і ў палітычных пытаньнях трэба весьці дыялёг", падкрэсьліў Уладзімер Някляеў.

Ён таксама заявіў, што застаецца ў палітыцы.

"Пакінуць палітыку, пакінуць беларусаў, якія падтрымалі мяне -- значыць здрадзіць. Гэта -- першае. А другое -- мы павінны пабудаваць пры нашым жыцьці новую Беларусь. Тая сыстэма, якая сёньня называецца РБ, абсалютна сябе зжыла, яна сьцяной стаіць на шляху руху наперад, трэба гэтую сьцяну праламаць", -- заявіў У. Някляеў у панядзелак.

Ён прызнаў, што ў сваіх рашэньнях адчувае сябе "закладнікам тых ці іншых учынкаў, дзеяньняў, рашэньняў". "Я прызнаюся, шчыра, я не чакаў, што беларусы акажуць мне такую падтрымку -- рацыянальныя беларусы", -- сказаў ён. Палітык прызнаў, што яго стымуляваў да палітычнай дзейнасьці "рускі сэгмэнт яго "Я", -- дадаў ён.

Палітык паведаміў, што праект пераўтварэньня грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" ў палітычную партыю застаўся ў КДБ Беларусі.

"Якія пэрспэктывы трансфармацыі кампаніі "Гавары праўду" ў палітычную партыю?" -- Мне сьледчы задаваў гэтае пытаньне раз 150. Пэрспэктывы вельмі добрыя, праўда, праект стварэньня палітычнай партыі з кампаніі "Гавары праўду" застаўся ў КДБ. Можа быць, яны там створаць?", -- сказаў Някляеў на прэсавай канфэрэнцыі.

Ён паведаміў, што яго ўдзел ці няўдзел у парлямэнцкіх выбарах залежыць ад вызваленьня палітвязьняў. "Мы, нягледзячы на ўсё, што адбылося, прапануем дыялёг уладзе", -- сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG