Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены: "Асуджаных за 19 сьнежня ў калёніях сустрэнуць з павагай"


Звонку будынак Бабруйскага ізалятара выглядае ня надта дагледжаным. Месцамі на даху ўзьнятая бляха
Звонку будынак Бабруйскага ізалятара выглядае ня надта дагледжаным. Месцамі на даху ўзьнятая бляха
"Свабода ў турмах" адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбывае або сам чалавек, або яго сваякі.

Сярод тэмаў, якія мы абмяркуем сёньня:

Працэсы над фігурантамі справы 19 сьнежня — як рэагуюць на іх мінакі на гарадзкіх вуліцах і асуджаныя ў калёніях

"Вы не адны, хлопцы" — Юры Шаўчук зьвярнуўся да беларускіх палітзьняволеных

Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць. Бабруйскі астрог.

Турма і здароўе — "Без належнай мэдычнай дапамогі Зьміцер Бандарэнка можа апынуцца ў інвалідным вазку"

Кожны спрабуе нешта зрабіць нібыта, але бачыце, чым сканчаецца — вокс-популі

VOX POPULI


Сваё стаўленьне да апошніх судовых працэсаў у Менску выказалі мінакі на гарадзенскіх вуліцах. Жыхары Горадні падчас апытаньня гаварылі таксама пра сытуацыю ў краіне, якая стала фонам для гэтых судоў.

Спадар: Кепска, што яны там знаходзяцца, што пазбаўленыя волі. Людзі спрабавалі сказаць, што ня так усё было зроблена, як трэба. Не павінна так быць, як робіцца цяпер уладамі. Павінны даць народу слова — што народ думае, дэмакратыя, свабода павінны быць. А так — як што, народу дубінкамі ў плечы і ў турму, і там зьдзекавацца, — такога не павінна быць.

Другі спадар: Нейкая тут у нас дыктатура. Сам сябе ўздумаў царом: ухіліць усіх поўнасьцю, арышты…

Трэці спадар: Добра, па апошнім факце судзяць. А за што судзяць, уласна кажучы?

Спадарыня: Вы ведаеце, не магу сказаць нічога. Можа, "так", а можа, "не". Сказаць, што дрэнна, то мне потым… Ай, не хачу нічога гаварыць.

Малады спадар: Справа гэтая аб двух канцах. З аднаго боку, трэба было б ня так жорстка адрэагаваць на ўсё, што было. А з другога боку, тое, што рабілася ў Менску, таксама нядобра… Я асуджаю, што такое было здушэньне. Любы чалавек можа выказваць свой пункт гледжаньня.

Маладзён: Мне бяз розьніцы, як там, што і чаму. Я ў гэта ня лезу. У Беларусі, кажуць, лепей чым менш гаварыць. Кожны спрабуе нешта зрабіць нібыта, але бачыце, чым сканчаецца. Таму ўсе беларусы прывыклі жыць ціха цяпер, моўчкі. Маўчаць яны, больш нічога не магу сказаць. Без паняцьця — як доўга гэта будзе. Вечнасьць! Вельмі доўга будзе ў нас, у Беларусі. Цяпер ужо ніяк, і ніхто нічога не памяняе, і няма сэнсу спрабаваць.

Спадар: Не, 37-ы год мне гэта не нагадвае. Але тое, што перабор улады з паўнамоцтвамі, ёй даверанымі, прысутнічае, — гэта дакладна. Такога быць, вядома, не павінна. Суды праводзяцца, вядома ж, але наколькі аб’ектыўна, я пра гэта меркаваць не магу. Мне здаецца, што ўлада перагінае ў дадзены момант. У эканамічнай сытуацыі пасьля выбараў усё стала раптам вельмі дрэнна, у палітычнай сытуацыі таксама. Прэзыдэнт голасна заяўляе, што ў Эўропе яны — казлы! Я сам чуў асабіста па тэлевізары, як ён крычаў — ды дайце вы гэтыя даляры народу па завышанай цане, хай зажаруцца, ён сказаў, па-мойму. Аляксандар Рыгоравіч калі адрываецца ад паперкі, яго моцна нясе. Я лічу, што зампаліт на пасадзе прэзыдэнта блякла глядзіцца. Хоць яго вучаць, але… Я лічу, што ў ролі прэзыдэнта павінен быць як мінімум палітык, які атрымаў адпаведную адукацыю.

Маладзён: Кожны мае права, дапусьцім, выстаўляць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта. Так што не ўхваляем гэта мы. Ня ведаем, што яшчэ сказаць пасьля гэтага.

Спадар: Што судзяць — правільна, а што ўсіх запар — то не, вядома. Складана меркаваць, бо сродкі масавай інфармацыі рознае паказваюць, і простаму чалавеку цяжка вызначыць — дзе праўда, зь якога боку, а зь якога — не. Ня будучы там сьведкам або ўдзельнікам, складана цяпер даваць ацэнку нейкую. Скажам, гэта ўсё крышку няправільна, але гэта — кірунак такі ў нашай краіне ў палітыцы. Таму — без камэнтароў.

Другі спадар: Я супраць гэтага, канечне, гэта ненармальна. Але ў нашай краіне такі рэжым, што нават не хачу абмяркоўваць гэтую тэму, небясьпечна можа быць. Так што ня варта, не.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952

Званок з калёніі: "Буду падтрымліваць тых палітыкаў, якія выступілі супраць цяперашняй сыстэмы"


На гэтым тыдні да нас дазваніўся з калёніі актыўны ўдзельнік нашай праграмы 35-гадовы Ігар М.

Паводле Ігара, у ягонай калёніі імкнуцца праз самыя розныя крыніцы адсочваць ход судовых працэсаў па справе 19 сьнежня. Прысуды палітыкам і грамадзкім актывістам выклікаюць у вязьняў абурэньне, а таму самі зэкі сустрэнуць гэтых людзей з павагай:

"Магу засьведчыць, што я асабіста буду падтрымліваць тых палітыкаў, якія выступілі супраць цяперашняй сыстэмы. Раней я ніколі ня быў ангажаваны ў палітычнае жыцьцё. Але цяпер сытуацыя моцна зьмянілася. Зьвязана гэта і зь Мікалаем Аўтуховічам, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Дарэчы, да яго зьняволеныя ставяцца зь вялікай павагай.

Што да правакацыяў у адносінах да палітычных, то на зоне іх могуць учыніць толькі прадстаўнікі адміністрацыі калёніі. Аднак нечага непрыемнага і значнага яны ня змогуць зрабіць, бо ім не дадуць самі асуджаныя".

Як адзначыў Ігар, тэлефануючы на "Свабоду", адміністрацыя калёніі ўвесь час імкнецца абмежаваць доступ зьняволеных да інфармацыі:

"Апошнім часам перасталі паступаць да нас выданьні. Тычыцца гэта найперш "Народнай волі" і "Нашай нівы". Што тычыцца тэлебачаньня, то замест інфармацыйных перадач на Расейскім тэлебачаньні пачалі ўключаць забаўляльна-музычныя праграмы. Мала вельмі інфармацыі, не даюць глядзець спадарожнікавае тэлебачаньне. У той жа час тут ніхто не давярае Беларускаму тэлебачаньню. Няма веры таксама прапагандысцкім "савецкім беларусіям", напісанаму там".

Юры Шаўчук: "Улада, якая так абыходзіцца са сваімі свабоднымі грамадзянамі, баязьлівая"


У мінулай праграме мы расказвалі пра паштоўкі, якія накіраваў беларускім палітвязьням усясьветна вядомы навуковец і ў мінулым сам беларускі палітвязень Барыс Кіт.

А на гэтым тыдні да акцыі "Паштоўка" далучыўся вядомы расейскі рок-музыка Юры Шаўчук. Вось як ён патлумачыў сваё жаданьне падтрымаць беларускіх палітзьняволеных:

"Гэтыя хлопцы — вельмі годныя людзі, я проста перад імі схіляюся, як і многія людзі тут, у Расеі. Я жадаю ім мужнасьці, разумею, як гэта цяжка. Але зь іншага боку — вы не адны, хлопцы…Не бывае свабоды на ўзор Лукашэнкі, свабода або ёсьць, або яе няма... Улада, якая так абыходзіцца са сваімі свабоднымі грамадзянамі, — яна баязьлівая. А гэта ўжо яе пракол... Свабоды!".



Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра гісторыю і сёньняшні дзень беларускіх астрогаў, а таксама пра іх сядзельцаў.

Герцэн: "Хай Сыбір, але толькі ня гэтая страшэнная бабруйская турма на рацэ Бярэзіне" (ч. 2)

Сёньня працяг расказу пра адну з самых старажытных турмаў у Беларусі — бабруйскую. Цяпер у былой крэпасьці Апэрмана месьціцца сьледчы ізалятар № 5. Раней, падчас ІІ усясьветнай вайны, тут быў фашысцкі канцлягер. А яшчэ раней, 200 гадоў таму — царскі астрог, дзе адбывалі зьняволеньне дзекабрысты. У свой час Аляксандар Герцэн пісаў: "Хай Сыбір, хай што хаця, але толькі ня гэтая страшэнная бабруйская турма на рацэ Бярэзіне".

Вежа Апэрмана сёньня

Пра бабруйскую турму — Андрэй Белагубаў:

Вежа Апэрмана знаходзіцца на завулку Пераезным, 10. Гэта каля чыгуначнай станцыі "Беразіна", на беразе невялікай рачулкі Бабруйкі, ад якой паходзіць назва Бабруйску. Вежу ад асноўнай часткі крэпасьці аддзяляе чыгуначнае палатно. Будыніна з чырвонай цэглы ў тры паверхі агароджаная белым бэтонным плотам, па-над ім калючы дрот. Да старой камяніцы, узьведзенай пры канцы 30-х гадоў 19-га стагодзьдзя, у 1975 годзе дабудавалі адміністрацыйны корпус.

Вежа носіць імя расейскага інжынэра, які спраектаваў увесь комплекс Бабруйскай крэпасьці і кіраваў будаўніцтвам. Вежа — помнік архітэктуры. Ня кожны бабруец бачыў, як выглядае архітэктурная славутасьць гораду знутры. Гэты "гонар" маюць супрацоўнікі сьледчага ізалятара і яго арыштанты. Нявольнікам ізалятара ў 2009 годзе быў маладафронтавец Арцём Дубскі:

"Па памерах ён ня вельмі вялікі. Параўнальны хіба што зь Белдзяржцыркам, што ў Менску. Чаго там толькі не было. Былі там і нейкія стайні. Там былі сховішчы боепрыпасаў пасьля ІІ усясьветнай вайны. Перад стайнямі там была турма для людзей, якія пазычалі й не вярнулі ў час грошы. Там вельмі вялікі набор профіляў быў. Увесь час яны зьмяняліся. На сёньня ўжо 60 гадоў там сьледчы ізалятар № 5, у якім мне "пашэнціла" адбываць чатыры месяцы".

У дасьледніка бабруйскай мінуўшчыны Аляксандра Чыгіра пытаюся: у якім стане цяпер вежа Апэрмана?

"Будынак СІЗА № 5 — рэжымны аб’ект, і зразумела, што на яго тэрыторыю не дапускаюць людзей, якія займаюцца пытаньнямі аховы помнікаў і культуры. Трэба адзначыць, што Бабруйск з гледзішча гістарычнай спадчыны — вельмі значны горад. Тут шмат помнікаў архітэктуры, але тая ж самая крэпасьць, якая не рэжымны аб’ект, — і тая разбураецца. Таму зразумела, што будынку вежы Апэрмана вялікай увагі не надаецца. Людзі на яго проста не зважаюць".

Карэспандэнт: "А наколькі мэтазгодна выкарыстоўваць такі рэдкі будынак у якасьці турмы?".

Аляксандар Чыгір: "Мэтазгодна. Будынак жа выкарыстоўваецца, і, як бы там ні было, ён пад сякім-такім даглядам. Ёсьць надзея, што ён захаваецца. Ня факт, што там турма ўвесь час будзе. Магчыма, знойдуць сродкі й будзе пабудаваная новая турма. Будынак жа захаваецца".

Пабачыць вежу Апэрмана можна з-за плота. Звонку гістарычны будынак выглядае ня надта дагледжаным. Найперш кідаецца ў вочы дах. Месцамі на ім узьнятая бляха. Рачулка, на беразе якой стаіць вежа, штогод увесну затапляе навакольле. Перападае і ізалятару.

Адзін зь "не занядбаных" аб’ектаў бабруйскай крэпасьці

Ізалятар перанаселены арыштантамі. Гэта прызнаў днямі намесьнік пракурора Магілёўскай вобласьці Сяргей Парфёнаў.

"Жылая плошча № 5 складае 793,46 мэтра квадратнага. У сувязі з чым на адну асобу, узятую пад варту, замест вызначаных 2,5 мэтра прыпадае 2,1 мэтра".

Умовы ў ізалятары зьведаў на сабе Арцём Дубскі:

"Выключаюць пітную ваду пасьля адзінаццатай. І ўлетку там ня тое што горача, але дужа душна. 0,75 мэтра на 1 мэтар, невялікае акенца — гэта вельмі мала, улічваючы яшчэ й тое, што можа ня быць ветру. А ўзімку, калі дваццаць чатыры чалавекі палілі, адзін я не рабіў гэтага, то вельмі пакутаваў. Вырашыў напрасіцца да вэнтыляцыйнай шахты, якая выцягвала ўвесь гэты смог, і праз суткі-двое атрымаў сабе шыкоўны гаймарыт. Яго потым залечваў два ці тры тыдні. Лекаў ніякіх не было. Набіралася ў бутэльку вада цёплая й проста прыкладалася да носу".

У якіх камэрах давялося сядзець?

"Першы раз я сядзеў у камэры, разьлічанай на дваццаць — дваццаць пяць чалавек. Знаходзілася ў ёй на аднаго-два чалавекі болей. А ў другі заезд я ўжо быў у так званай "двушцы" на чатыры месцы — гэтак званай "прэс-хаце". У яе кідалі людзей, зь якімі не пажадана было мець нейкіх камунікацыяў. Там і вокны выходзілі ва ўнутраны дворык, і сувязі ніякай не было зь іншымі камэрамі, бо яна ў асобным крыле. Наагул жа на першым паверсе — гэтак званы жаночы сэктар, бо там нейкі лазьнева-пральны комплекс ёсьць. І ад гэтага комплексу цёплая вада бяжыць толькі па першым паверсе. Другі й трэці паверхі — мужчынскія камэры".

Ці ёсьць у арыштантаў магчымасьць палепшыць умовы зьняволеньня?

"Калі сядзець "у камфорце", то там ёсьць некалькі такіх "камэрцыйных кватэр", якімі з маўклівай згоды адміністрацыі за пэўную ўзнагароду (грашыма, вядома, там не бяруць, а бяруць тэхнікай, бяруць нейкімі харчамі, бяруць нейкімі будаўнічымі матэрыяламі) можна палепшыць сабе ўмовы. А звычайныя людзі ў асноўным сядзяць у жудасных умовах. Зараз будзе вось такі цёплы сэзон, сьпёка, то яны будуць пакутаваць".

Маладафронтавец Арцём Дубскі першыя два месяцы да суду ўтрымліваўся ў ізалятары па справе неаплаты паслугаў мабільнай сувязі. Паводле праваабаронцаў, яе сфабрыкавалі, каб пакараць хлопца за грамадзкую дзейнасьць. Наступным разам два месяцы да суду актывіста трымалі ў ізалятары за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня на "хіміі". Перад судом у тым жа ізалятары сядзеў прыхільнік беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Яўген Васьковіч. Яго абвінавацілі ў падпале дзьвярэй бабруйскага КДБ.

Наагул жа вязьні ізалятара — гэта не асуджаныя судом арыштанты. Іх трымаюць тут, пакуль вядзецца сьледзтва. Людзі сядзяць розныя. Як кажа Аляксандар Чыгір, для Бабруйску турма ў вежы Апэрмана — установа ў нейкім сэнсе культавая:

"У Маскве ёсьць "Бутырка", у Санкт-Пецярбургу — "Кресты", а вось у Бабруйску ёсьць такое СІЗА № 5, якое проста называюць "Башняй". Усе тыя чыноўнікі, якія праходзілі па карупцыйных справах, таксама знаходзіліся ў гэтым сьледчым ізалятары".

Ці мэтазгодна, каб у двухсотгадовым будынку месьціліся турма? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да мінакоў на бабруйскіх вуліцах:

Спадарыня: Гэта цяжка сказаць. Мы ж далёкія ад гэтага. Напэўна, зь цягам часу яно будзе гістарычным. Адновіцца й будзе. Але на гэта ж патрэбны час, ну й грошы, вядома. Вы ж бачыце, у якім стане ўся крэпасьць.

Спадар: Як хлопцы казалі, якія там бывалі, там умовы зусім непрыдатныя для людзей. Яго сапраўды трэба зачыняць і рабіць нешта больш цывілізаванае. Адназначна. Вось музэй, бадай што так.

Спадар: А які сэнс турму там трымаць? Праўда! Ну, а наагул цяпер ставіцца пытаньне — усю крэпасьць пераўтварыць у музэй. Гаворка такая ёсьць. Аднак усё ўпіраецца ў тое, што мала сродкаў.

Спадарыня: Вядома, можна яго адтуль прыбраць. Калі ёсьць магчымасьць, у крайнім выпадку, стварыць музэй, то, вядома, лепш было б. Каб там сапраўды было створана нешта такое, каб вось заходзіш і пранікаесься духам старога. Вядома, гэта было б добра.

Некаторыя з бабруйскіх чыноўнікаў балюча ўспрымаюць пытаньне пра тое, чаму ў вежы Апэрмана турма. Адна зь іх у гутарцы пра стан крапаснога комплексу неаднойчы дакарала журналіста:

"Вы ўвесь час настойваеце, што гэта турма. Гэта не турма. Гэта сьледчы ізалятар. Гэта розныя рэчы. Гэта проста рэжымны аб’ект. Кантроль за ім ажыцьцяўляе дзяржава. Бальшыня аб’ектаў патрабуюць рэстаўрацыі, але занядбаныя — гэта зусім кінутыя, якім няма ўвагі. Цяпер прапрацоўваецца пытаньне пра стварэньне гісторыка-культурнага комплексу "Бабруйская крэпасьць". Аднак гэта адбудзецца пры ўмове фінансаваньня".

Вершы за кратамі


Уладзь Яроменак

Блакітнае неба… Шэрыя сьцены…
"Расьнічкі" спыняюць сьвятло…
Шукаю я Госпада… Божа мой, дзе ты?
Але не знаходжу Яго…

Чаму жа так сталася, Госпадзе мілы?
Чаму я сяджу у турме?
Чаму, быццам ворага, ў роднай краіне
Цкуюць, заганяюць мяне?

Таму, што адзіная, родная мова
Была даражэйшай за ўсё?
Ці, можа, таму, што я прагнуў свабоды,
Абрыдла насіць мне ярмо?

Ці, можа, таму, што казаў я, што думаў?
Мне рот было цяжка закрыць.
Я ўжо не баюся, хай будзе што будзе,
Мяне не зламаць, не скарыць…

Хай зараз навокал "расьнічкі" ды краты,
Халодныя сьцены, калючы дрот...
Але не скаруся бязбожнай уладзе,
Мяне не палохаюць сьмерць ды астрог!

Мы шмат, беларусы, трывалі дагэтуль,
Улады ўвесь час затыкалі нам рот!
Але не зачыняць рот вольным паэтам,
Пакуль пад прымусам жыве наш народ!

Але спадзяюся я, мілы мой дружа,
Што краты зламаюцца, мур упадзе,
На дроце колючым вырастуць ружы...
Тады у свабодзе з табой зажывем!

Гэты верш напісаны сёлета ў сакавіку ў СІЗА на «Валадарцы» ў Менску 20-гадовым маладафронтаўцам Уладзем Яроменкам. Як фігурант падзеяў 19 сьнежня ён асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Сваё зьняволеньне Ўладзь лічыць выпрабаваньнем, якое паслаў яму Госпад і якое трэба прайсьці годна й мужна.

Турма і здароўе


"Далейшае знаходжаньне Зьмітра Бандарэнкі ў турэмных умовах без аказаньня яму належнай мэдычнай дапамогі можа скончыцца інвалідным вазком", — пра гэта заявіла жонка палітвязьня Вольга, наведаўшы яго на «Валадарцы». Паводле Вольгі Бандарэнкі, складанае нэўралягічнае захворваньне, якое мае яе муж — дыскагенная радыкуляпатыя з частковым парэзам нагі — у турэмных умовах толькі прагрэсуе.

Зьміцер і Вольга Бандарэнкі
"У Зьмітра літаральна вісіць ступня, і гэта можа мець вельмі сумныя наступствы. У сувязі з зашчамленьнем сьпіннамазгавых нэрваў тут патрэбная неадкладная апэрацыя", мяркуе Вольга ня толькі як блізкі чалавек, але і як прафэсійны спартовы трэнэр, спэцыяліст, які знаецца на фізіялёгіі чалавека.

Усе просьбы сп-ні Бандарэнкі наконт спэцыялізаванай дапамогі яе мужу з боку нэўроляга ні да чаго не прывялі ні ў СІЗА КДБ, ні на «Валадарцы».

Нагадаем, што давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Зьмітра Бандарэнку, асуджанага на 2 гады калёніі агульнага рэжыму за ўдзел у акцыі 19 сьнежня, перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён будзе чакаць далейшага этапаваньня. Днямі ў СІЗА № 1 перавялі і асуджанага на 5 гадоў калёніі Андрэя Саньнікава. У заяве, якая была агучаная падчас судовага працэсу, экс-кандыдат на прэзыдэнта расказаў пра катаваньні ў "амэрыканцы", якія могуць за раз вывесьці са строю траўмаваныя канечнасьці, суставы ды хрыбетнік.

Як сьведчаць лекары-адмыслоўцы, такія працэдуры пры траўмаваных канечнасьцях, як у Андрэя Саньнікава, ці нэўралягічных праблемах, як у Зьмітра Бандарэнкі, выклікаюць невыносныя болі. У такім стане, тым больш калі хворым не аказваецца аніякай мэдычнай дапамогі і нават не выдаюцца болепатольныя прэпараты, ім трэба некалькі дзён ляжаць. Прычым у цяпле. Замест гэтага і Саньнікава, і Бандарэнку прымушалі рабіць "расьцяжкі" ды прысяданьні ў сырым халодным памяшканьні.

Сур’ёзныя праблемы са здароўем каардынатар "Хартыі’97" Зьміцер Бандарэнка пачаў адчуваць летась увесну. Пра сябе нагадала колішняя траўма пазваночніка. Моцныя нэўралягічныя болевыя прыступы Зьміцер пераносіў на нагах, купіруючы іх анальгетыкамі. Гэта працягвалася да часу, пакуль ён аднойчы ня рухнуў на падлогу. Вольга Бандарэнка згадвае:

"На маіх вачах разьвіваліся ўсе гэтыя праявы. Летась вясной ён хадзіў з жудаснымі болямі. І скончылася тым, што ён проста зваліўся ў пакоі. Проста зваліўся на падлогу. Спачатку ад болю. Мы тады выклікалі хуткую. Потым ён проста ня змог хадзіць. Падаў, бо ня рухалася ступня. Нага ня слухалася, былі задушаны нэрвовыя канчаткі".

Зьмітра Бандарэнку тады шпіталізавалі ў 5-ы клінічны шпіталь Менску, там ён і атрымаў курс адпаведнага лячэньня. Выпісваючы, лекары настойліва рэкамэндавалі яму і надалей наглядацца ў нэўролягаў, а калі будуць болевыя сымптомы, праблемы з органамі малога таза і хадою, зьвяртацца да спэцыялістаў-нэўрахірургаў. Варыянт хірургічнага лячэньня ў сувязі з зрушэньнем дыска не выключаўся.

Менскі клініцыст, кандыдат мэдычных навук Аляксандар на падставе знаёмства з выпіскай з гісторыі хваробы Зьмітра Бандарэнкі зрабіў наступную выснову:

"Так. Уся гэтая карціна зьвязаная з грыжай, якая ссоўваецца далей у пазваночны канал, пераціскае там цалкам карэньчыкі, і тады сапраўды парушаецца функцыя органаў малога таза, маю на ўвазе — мочаспусканьне, дэфэкацыю. І тут могуць адняцца ногі, можа парушыцца іх адчувальнасьць. Тое, што ў яго парэз, парушэньне адчувальнасьці, гэта сьведчыць пра нешта сур’ёзнае. Тут трэба глядзець МРТ, наколькі зрушыўся там гэты дыск. Хутчэй за ўсё, там зрушэньне ў бок пазванковага канала, канал у выніку можа быць перакрыты, а ўсе гэтыя карэньчыкі ў сьпіннамазгавой вадкасьці могуць зьвісаць. Вядома, болі невыносныя. Тут самае галоўнае — трэба некалькі дзён ляжаць. Прычым у цяпле. Калі ўставаць, то толькі ў прыбіральню ці паесьці. А так трэба нэўрахірургічна ўсё вырашаць".

Як кажа Вольга Бандарэнка, яе муж ужо доўга цярпіць няспынны моцны боль. Пад сьледзтвам у яго абвастрыліся і іншыя хваробы — падагра, язва страўніка. Аднак асноўнае захворваньне палохае яе больш за ўсё.

Як лічыць менскі клініцыст Аляксандар, самае сумнае ў гэтай сытуацыі — што ў выпадку інваліднасьці ані хворы, ані яго сваякі ніколі не дакажуць, што гэта зьвязана з затрыманьнем належнай мэдычнай дапамогі:

"Гэта не апэндыцыт, не пэрытаніт, не пнэўматоракс, якія патрабуюць неадкладнага хірургічнага ўмяшаньня паводле жыцьцёвых паказаньняў. А што такое нэўралягічныя хваробы з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў? Нічога. Колькі людзей, асабліва на вёсцы, якія кульгаюць, маюць праблемы з хрыбетнікам і г.д.! Тым ня менш тыя сымптомы, якія назіраюцца ў Бандарэнкі, гэта вельмі сур’ёзныя сыгналы".

Так ацэньвае стан здароўя палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі менскі клініцыст.

Тым часам сам Зьміцер Бандарэнка, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, ня страчвае сілы духу. У апошнім лісьце да жонкі ён напісаў:

"Вядома, усе хацелі б выйсьці, аднак калі выбіраць паміж мінулай балотнай перадвыбарнай сытуацыяй і тым, што адбываецца цяпер, пакінуў бы цяперашнюю дынаміку. І, упэўнены, ня толькі я. Нельга ня толькі двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж раку, але і ўсё жыцьцё сядзець у балоце. Беларусы, што вылазяць з балота, — відовішча і захапляльнае, і страшэнна цікавае. Таму што калі адны паднімаюцца, некаторыя апускаюцца. Вельмі складана таму, хто адзін. А калі нас шмат і тут, і там, і ўсюды, і беларусы, і расейцы, і эўрапейцы, і атлянтысты, і ўкраінцы — як можа ўсё застацца па-старому?! Наперад да зорак!".

Слухаць перадачу можна тут:

Свабода ў турмах, 22 траўня, частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:22 0:00
Наўпроставы лінк


Свабода ў турмах, 22 траўня, частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:25 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG