Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка сядзіць на Валадарцы ў «падлодцы»


Якія ўмовы ў падвальнай камэры турмы на Валадарскага, дзе трымаюць Зьмітра Бандарэнку? Алесь Атрошчанкаў у калёніі не спраўляецца з нормай пашыву рукавіцаў. Актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў мяркуе, што цягам году ўсіх «вязьняў Плошчы» вызваляць. Маці Эдуарда Лобава наведала сына ў калёніі.

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку трымаюць у Валадарцы ў адной з найгоршых камэраў, якая перанаселеная і да таго ж знаходзіцца ў падвале. Паводле Вольгі Бандарэнкі, падобныя камэры на Валадарцы клічуць «падлодкай» — за цісканіну, вялікую вільгаць і дрэннае асьвятленьне. Адметна, што сам Бандарэнка падчас сустрэчы з жонкай на камэру ня скардзіўся. «Ён па-мужчынску ўсё трывае, але, паводле дасьведчаных людзей, там умовы самыя горшыя на „Валадарцы“. І кантынгент сукамэрнікаў своеасаблівы», — паведаміла Вольга Бандарэнка. Пра здароўе мужа, у якога ў зьняволеньні абвастрыўся шэраг хвароб, Вольга сказала:

«Зноў абвастрылася язва страўніка. Я столькі яму таблетак перадала, што, відаць, зрабіла плян некалькім аптэкам. Усе кажуць, што там вельмі дрэннае харчаваньне, значна горшае, чым у СІЗА КДБ. І ўсё астатняе таксама — нага вісіць, сьпіна ные, нэўроляга да яго не выклікаюць».

Зьміцер Бандарэнка
Алесь Атрошчанкаў
Павал Вінаградаў
Эдуард Лобаў
Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Бандарэнка асуджаны на 2 гады зьняволеньня за ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Вязьню ніяк не перададуць пратакол судовага паседжаньня, каб ён змог скласьці скаргу на прысуд.

Прэсавы сакратар штабу Саньнікава Алесь Атрошчанкаў ужо адбывае свой 4-гадовы тэрмін у калёніі пад Віцебскам. Жонка вязьня Дар’я Корсак паведаміла, што Алесь шмат чытае кніг з турэмнай бібліятэкі:

«Апошні ліст быў нават з камэнтарамі, з аналітыкай, нейкія кніжкі ён там знайшоў цікавыя, нават з сучаснай літаратуры. Але піша, што часу ўсё ж мала. Працуе, шые свае рукавіцы. Адна пара каштуе 100 рублёў, трэба пашыць за дзень 45 пар, але гэта, піша, нерэальна».

Актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў па-ранейшаму знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага. Cуд скончыўся 5 траўня, Вінаградаў атрымаў 4 гады зьняволеньня, з прысудам не пагадзіўся і падаў касацыйную скаргу. Але калі яе будуць разглядаць — невядома. Сяброўка Паўла Вінаградава Сьвятлана на гэтым тыдні мела зь ім спатканьне:

«Зараз у яго ў камэры стала лепей. Меней людзей, удзень шмат каго возяць на суды і можна хоць выспацца. Увогуле настрой у яго добры, ён перакананы чамусьці, што да канца году ўсіх выпусьцяць. Таму проста чакае гэтага часу».

Марына Лобава, маці актывіста «Маладога фронту» Эдуарда Лобава, які быў асуджаны на 4 гады калёніі, наведала сына ў калёніі пад Івацэвічамі. У калёніі праводзілі гэтак званы «Дзень адчыненых дзьвярэй», калі вязьняў могуць наведаць сваякі. Марына Лобава разам зь іншымі прайшла кантроль, які цягнуўся некалькі гадзінаў, і трапіла на тэрыторыю калёніі. З сынам бачылася 2 гадзіны — падчас канцэрту лягернай самадзейнасьці і азнаямленьня з умовамі побыту ў калёніі. Як ставіцца да палітвязьня адміністрацыя, ці няма ціску з боку крымінальнікаў?

«Пакуль нічога няма, ня скардзіўся. І вязьні таксама. Тым больш якія там крымінальнікі? Ён сам казаў, што ў яго ў параўнаньні зь іншымі самы крымінальны артыкул — злоснае хуліганства. Там усе — хто за эканамічныя злачынствы, хто першы раз за крадзеж. Казаў, што бачыў па тэлевізары, што далі 5 гадоў Саньнікаву. Але перакананы, што ніхто столькі не адбудзе. Казаў, няважна, колькі каму далі, усё роўна выходзіць будзем разам. Ён гэтак думае».

Эдуард Лобаў быў арыштаваны ў Менску разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам за дзень да выбараў — нібыта хлопцы зьбілі мінака. Маладафронтаўцы кажуць пра правакацыю спэцслужбаў. Зьміцер Дашкевіч, якога асудзілі на 2 гады і яшчэ трымаюць на «Валадарцы», зьвяртаўся ў пракуратуру, каб завялі крымінальную справу супроць пацярпелых, якія, як ён лічыць, агаварылі яго з Лобавым. Пракуратура ў завядзеньні справы адмовіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG