Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ: Улады праводзяць беспрэцэдэнтныя ў сучаснай гісторыі рэпрэсіі


«Партыя БНФ рашуча асуджае жорсткія прысуды ўсім удзельнікам працэсаў па падзеях 19 сьнежня. Безумоўна, усе асуджаныя зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі і павінны быць неадкладна вызваленыя, бо ні сьледзтва, ні суд не даказалі наяўнасьць масавых беспарадкаў у дзень выбараў», — гаворыцца ў заяве Партыі БНФ.

ПБНФ зьвяртае ўвагу, што сьведчаньні былых кандыдатаў на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча і Андрэя Саньнікава пра катаваньні ў турме КДБ патрабуюць неадкладнага расьсьледаваньня.

«Наяўнасьць у Беларусі палітычных зьняволеных будзе мець эканамічныя наступствы, бо ў выніку дзеяньняў уладаў быў істотна парушаны балянс зьнешняй палітыкі дзяржавы і ўсе зьнешнепалітычныя сувязі. Расейскі капітал мае амаль неабмежаваныя магчымасьці рэалізацыі сваіх інтарэсаў, што нэгатыўна адаб’ецца на беларускім народзе. Адказнасьць за гэтую сытуацыю цалкам ляжыць на сёньняшнім рэжыме», — гаворыцца ў заяве.

Партыя БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, бо «іх наяўнасьць ня толькі зьяўляецца недапушчальнай для любой дзяржавы, але і можа паставіць пад пагрозу незалежнасьць Беларусі», перадае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG