Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Нам трэба выцягнуць ні ў чым не вінаватых людзей з турмы»


Адразу ж пасьля вызваленьня, на ганку суду Фрунзэнскага раёну сталіцы былы абвінавачаны па крымінальнай справе, а цяпер ужо вольны Уладзімер Някляеў даў першае інтэрвію журналістам пасьля пяцімесячнага вымушанага маўчаньня.

І хоць падчас усіх адзінаццаці дзён працэсу атмасфэра ў залі была даволі цёплая, у клетцы нікога не было, а Някляеву, які знаходзіўся пад хатнім арыштам, міліцэйскі канвой дазваляў кантактаваць зь людзьмі, інтэрвію і камэнтароў ён ня меў права даваць. На ганку яго сустракалі надзвычай цёпла:

(Апладысмэнты, воклічы «Жыве Беларусь!)

Някляеў: «Дзякуй усім. Падтрымка, тое, што мы адчувалі, тое, што ішло празь сьцены турмы ад усіх вас, ад людзей ва ўсім сьвеце, якія казалі ня толькі „Выпусьціце іх з турмы, яны там ні за што“, а казалі: „Не — дыктатуры, не — бяспраўю, а так — свабодзе, так — справядлівасьці, так — дэмакратыі!“. Я клянуся вам Богам, які ёсьць на небе і ў маім сэрцы, у маёй душы — яна дапамагала жыць, дапамагала выжыць. Не скажу, што там было ўжо так невыносна, што хоць ты памірай, але ня проста. І тое, што пра Беларусь, пра нас, беларусаў, нашы літаратурныя геніі Янка Купала і Якуб Колас казалі праз усё жыцьцё з жалем, з болем у сэрцы, шкадуючы і нас, і сябе, раптам падумалі людзі, якія ведаюць, што такое свабода, ведаюць, што такое змаганьне за свабоду, і праз тое сталі нашымі паплечнікамі. Гэта зарука таго, што з турмы выйдуць ня толькі вязьні, якія сёньня там, а выйдзе з турмы ўся Беларусь. Жыве Беларусь!».

Натуральна, усіх цікавіла, што Някляеў зьбіраецца рабіць на свабодзе:

«Вызваляць нашых сяброў, без усялякага гандлю. Свабоду ні ў чым не вінаватым людзям! Свабоду лепшым сынам і дочкам Беларусі! Гэтае патрабаваньне не падлягае абмеркаваньню. Нам трэба выцягнуць ні ў чым не павінных людзей з турмы. Таму мы кажам: вы адмаўляецеся ад рэпрэсій, мы адмаўляемся (пакуль што) ад неадкладнага патрабаваньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля будзем глядзець, што рабіць далей. Калі гэтага ня будзе, то ніякай размовы не атрымаецца — калі не зразумее гэтая ўлада, што з грамадзтвам, з той часткай грамадзтва, якую яны ўбачылі 19 сьнежня і якой спалохаліся, давядзецца размаўляць. Можа, тады, калі выйдзе нейкі дыялёг, мы выйдзем з гэтай сытуацыі бяз страт як для іх, так і для краіны. У іншым выпадку яны яшчэ больш сытуацыю зрушаць да горшага».

Уладзімер Някляеў у сваім апошнім слове казаў, што ня прыме ніякага прысуду, акрамя апраўдальнага. Дарэчы, пракурор прасіў для яго тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай, судзьдзя дала два гады з адтэрміноўкай. Але, на яго думку, даволі мяккія прысуды — вынік агульначалавечай салідарнасьці:

«Не таму, што добры суд, не таму, што нешта зразумела і зьбіраецца павярнуць краіну да свабоды і дэмакратыі ўлада — гэтага пакуль што і блізка не відаць. Гэта, зноў жа, вынік агульначалавечай салідарнасьці.
Гэта вынік таго, перад чым паўстала гэтая антынацыянальная ўлада. Перад тым, чаго яна найбольш баіцца — перад Судом, перад днём, калі давядзецца за ўсё адказваць.

Гэта вынік таго, перад чым паўстала гэтая антынацыянальная ўлада. Перад тым, чаго яна найбольш баіцца — перад Судом, перад днём, калі давядзецца за ўсё адказваць. У тым ліку за тое, што адбывалася ня толькі з намі, але і з вамі. За тое, што адбывалася з вашымі роднымі, з маёй жонкай і жонкамі кожнага, хто там сядзеў, за прыніжэньне, за іх сьлёзы, за тое, што яны ня ведалі, жывыя іх родныя людзі ці не — за гэта таксама давядзецца адказваць. І мы ня будзем адцягваць гэта да таго моманту, пакуль спытае за гэта Бог — перад чалавечым судом за гэта, і перш за ўсё — за гэта».

Вялікую ролю ў даволі мяккіх прысудах адыграла ўсясьветная дэмакратычная супольнасьць, лічыць Уладзімер Някляеў:

«Калі б не было падтрымкі Эўразьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі, то не стаяў бы я зараз перад вамі і не казаў тое, што кажу. Сядзеў бы ў „амэрыканцы“, і той самы сьледчы гэтаксама тупа пытаўся ў мяне адно і тое ж: якой краіны я шпіён — Расеі, Нямеччыны ці ЗША? Дзякуй усясьветнай дэмакратычнай супольнасьці».

На думку Уладзімера Някляева, 19 сьнежня, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі і наступствы, народ атрымаў маральную перамогу над дыктатурай:

«У нас наперадзе — дай Бог, каб меней было барацьбы, чым яе засталося за сьпінай — але барацьбы нямала. І гэта ўжо абсалютна ў новых умовах.
Мне казалі: „Вы знаеце, колькі вы людзей пагубілі, колькі сьмерцяў на вас?“

Гэта ўжо ў той краіне, дзе, па сутнасьці, 19 сьнежня народ маральна перамог уладу! Гэта відавочна. Вы па сабе гэта адчуваеце, і я адчуваю — пасьля таго шоку, які стаўся з кожным з нас. І са мной таксама. Я сядзеў у турме абсалютна ізаляваны, я ня ведаў, што ж там сталася… І было адчуваньне, што яны сапраўды перамаглі, калі цябе цягнуць штодня за каўнер на допыты: маўляў, ты будзеш адказваць, ледзьве не расстрэл… Як мне казалі: „Вы знаеце, колькі вы людзей пагубілі, колькі сьмерцяў на вас?“. Цяпер я зразумеў, што яны проста ад страху гэта казалі…

19 сьнежня мы ж ня выйшлі змагацца з узброенай міліцыяй, мы не зьбіраліся яе перамагаць. Дык чаму яны кажуць, што ўзброенай міліцыяй, АМАПам, спэцназам нас перамаглі? Не, мы зь імі ня біліся. Гэта яны біліся, па сутнасьці, ужо самі з сабой, ня ведаючы, што рабіць у такой сытуацыі. 19 сьнежня 2010 году мы ўсе разам — уся Беларусь — атрымалі маральную перамогу над дыктатурай. А гэта значыць вельмі многа. Гэта значыць столькі, колькі можа значыць малітва ў душы чалавечай за свабоду і за незалежнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG