Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.


Сёлета Ігару Герменчуку павінна было споўніцца ўсяго 50 гадоў. Гэтага чалавека шмат хто называе ўвасабленьнем беларускай незалежнай журналістыкі. А газэту «Свабода», якую ён узначаліў у 1991 годзе, — легендарнай. Наклады гэтага выданьня, ад пачатку друкаванага на тарашкевіцы, дасягалі 100 000 асобнікаў, а супраць самога Ігара Гермянчука генэральная пракуратара ня раз узбуджала крымінальныя справы.

Заяўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ на раздрукоўку пакету дакумэнтаў аб абвяшчэньні Незалежнасьці Беларусі, 23 жніўня 1991 г.

Ігар Гермянчук уваходзіў у фракцыю апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня і актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы надзвычайнай сэсіі 24–25 жніўня 1991 г., калі была абвешчана незалежнасьць Беларусі.

Сын Ігара Гермянчука Міраслаў Гермянчук страціў бацьку 9 гадоў таму: той памёр пасьля цяжкай хваробы. Цяпер Міраславу 27 гадоў. 1991-ы год яму запомніўся такім:

«Быў час нейкіх зьмен, але якіх, я не разумеў увогуле. Калі ў маленстве ты ідзеш па вуліцы і ўсе пытаюцца, хто твой бацька, я казаў: „Дэпутат“. „Дэпутат?! Гэта такая важная пасада, такі вялікі чалавек!“. А я яшчэ ня ведаў, што гэта такое. Я яго бачыў як журналіста, ён тады яшчэ працаваў у РІА-Навіны, як чалавека, які працуе, выдае газэту».

Пра дзейнасьць Ігара Гермянчука ў Вярхоўным Савеце згадвае дэпутат ВС 12 скліканьня Лявон Дзейка:

Ігар Гермянчук
«Ігар Іванавіч у тыя часы быў зусім маладым чалавекам. Дарэчы, ня ён адзін быў такі малады дэпутат. Чалавека вось такой энэргіі, мэтанакіраванасьці не заўсёды даводзіцца бачыць. Цяпер такіх людзей, мне здаецца, бракуе. Тых, у каго была такая яскрава пастаўленая мэта. Як агульная мэта — дзяржава, адраджэньне незалежнай Беларусі, — так і асабістая праца на тым кірунку, на якім яму было наканавана вылучыцца лёсам. Асабліва пасьля таго, як ён стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Бараўлянскай выбарчай акругі. Дэпутатам апазыцыі працаваць даводзілася ня ў самых простых умовах. Але таго энтузіязму, які тады быў, я да той пары нідзе не сустракаў. Мне здаецца, што тое, чаго ўдалося дасягнуць дэмакратычнай апазыцыі ў тыя гады, гэта спалучэньне абставінаў і разуменьне, што другога такога шанцу можа гісторыя і ня даць. У гэтым сэнсе дзейнасьць апазыцыі разам і асобных дэпутатаў Вярхоўнага Савету, мне здаецца, у тыя часы была надзвычай трапнай і эфэктыўнай. Маючы абсалютную меншасьць дэпутатаў, яны маглі абраць толькі адзін шлях — шлях інфарматызацыі, агітацыі, пераконваньня дэпутацкай большасьці ці тых дэпутатаў, якія не маглі вось так адназначна прыхіліцца да апазыцыі, у мэтазгоднасьці прыняцьця менавіта такіх рашэньняў, якія і вызначылі шлях Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Ад мікрафону выступае дэпутат Апазыцыі БНФ Ігар Гермянчук. Авальная заля, чэрвень 1991 г.


Ігар Іванавіч увогуле быў адзін з найлепшых прамоўцаў. Яму ніколі ня трэба было глядзець у нейкую паперку ці нават у нейкія тэзісы падглядваць. Ён гаварыў адкрыта, у вольнай форме, палемізуючы нават з заляй, заўсёды яго слухалі зацікаўлена. Ён шмат ведаў дэпутатаў, яны таксама яго ведалі, асабліва ўжо ў той час, як ён быў рэдактарам газэты «Свабода». Да яго думкі прыслухоўваліся, і часта бачна было, што з раніцы дэпутаты ў тыя часы прыходзілі на пасяджэньне са сьвежай прэсай, праглядалі яе, і калі ў той дзень выходзіла «Свабода», то яна ляжала амаль па ўсёй залі, была амаль ва ўсіх дэпутатаў.

Палемізаваць ён таксама ўмеў. Ён ніколі да нейкай агульнай крытыкі не апускаўся, заўсёды выступаў з канкрэтнымі прапановамі«.

Газэта «Свабода» стала паўнапраўным здабыткам незалежнасьці. Унікальны талент Гермянчука дазволіў зрабіць выданьне ня проста папулярным, але і аўтарытэтным.

Міраслаў Гермянчук: «Ведаеце, я памятаю гэтыя рэчы, калі НТВ паказвае па тэлебачаньні сюжэт, у якім газэта „Свабода“ выходзіць рэкордным тыражом 100 000 экзэмпляраў, калі „Свабоду“ перадаюць з рук у рукі, камусьці не хапае, хтосьці нешта са „Свабоды“ па тэлефоне зачытвае. Потым гэтая праблема зь „белымі плямамі“ ўжо пазьней была (у 2000 годзе друкарня адмовілася друкаваць навагодні выпуск сатырычна-гумарыстычнага разьдзелу „Нашай Свабоды“ — „Stinger“. — Рэд.), скандальная публікацыя паэмы „Лука Мудзішчаў“, усе гісторыі, зьвязаныя з забаронамі Міністэрства інфармацыі і гэтак далей».

Распавядае журналіст Аляксандар Старыкевіч:

«Зь Ігарам Гермянчуком мы пазнаёміліся ў 1992 годзе. Тады ягоная газэта „Свабода“ грымела, гэта быў час найбольшай папулярнасьці гэтага знакамітага выданьня. Якраз там зьявіўся адзін зь першых маіх гучных артыкулаў „Правая рука Кебіча“, які быў напісаны пра Генадзя Данілава — тагачаснага дзяржсакратара, які займаўся курыраваньнем сілавых структураў. Калі артыкул быў напісаны, паўстала пытаньне, дзе яго можна надрукаваць. „Свабода“ была ці не адзіным варыянтам, але нават для яе гэта быў сур’ёзны ўчынак, бо часы былі хоць у параўнаньні зь цяперашнімі вегетарыянскія, але ў любым разе ўлада заставалася ўладай і, вядома, адрэагавала на публікацыю рэзка. Былі і суды, былі і наезды іншыя, аднак Ігара гэта не спалохала, як не спалохала і тое, што ў нейкі момант ня ўсе тыя доказы, якія павінны былі быць, мы атрымалі. Ён паводзіў сябе ў гэтай сытуацыі звышкарэктна, і мы прайшлі праз усе гэтыя выпрабаваньні адзінай камандай. Я б, можа, нават сказаў — пасябравалі ў такім прафэсійным сэнсе».

Міраслаў Гермянчук кажа, што бацька працаваў бяз сну і выходных. Праца ў «Свабодзе» была часткай жыцьця ня толькі ягонага, але і ягонай сям’і.

Міраслаў Гермянчук: «Былі такія сытуацыі, пры якіх было вельмі цяжка. Я ня памятаю зараз год, але аднойчы мы прыехалі дадому, і на месцы, дзе бацька мой сядзіць, у вакне была дзірка ад кулі. Гэта было дастаткова жудасна, таму што гэта быў такі „намёк“. Гэта не злачынства было, як кажуць, а такі акт запалохваньня. Але бацька мой не запалохаўся. Бацька мой сказаў: „Добра, сынку, знайдзі, калі ласка, кулю, каб міліцыянты ня шурхалі па хаце“. Ён увогуле з гумарам заўсёды быў».

Аляксандар Старыкевіч тлумачыць посьпех газэты «Свабода»: «Гэта была газэта, якая ў пэўным сэнсе апярэджвала свой час, але не нашмат. Яна ішла на крок наперадзе і за кошт гэтага была не адарваная ад народу, а была лідэрам у сваёй галіне. Там было шмат невялікіх навінаў, быў зададзены менавіта той фармат, да якога ў выніку прыйшлі шмат якія выданьні празь некалькі гадоў. Ігар гэта адчуў адным зь першых».

Але блізкім было вядома, пра што марыць Ігар Гермянчук.

Міраслаў Гермянчук: «Ён вельмі хацеў не газэту насамрэч. Ён вельмі хацеў мець такі добры клясны часопіс, нешта накшталт «Newsweek». Вось гэта была яго ідэя. Больш аналітычнае, а не апэратыўнае выданьне. Ён гэта паспрабаваў рэалізаваць з «Кур’ерам». Ён да гэтага ішоў, і менавіта таму ён «Свабоду» давёў вось да такой «масавасьці» — ён на ёй «трэніраваўся».

«Калі я хадзіў у дзіцячы садок, я дакладна ведаў, што бацька мяне аднясе. Бо ён мяне ў дзяцінстве насіў на плячах. Мы жылі ў Калодзішчах, да бліжэйшага аўтобуса было два кілямэтры, і бацька ўвесь гэты шлях мяне нёс на плячах».

Гэтая ўпэўненасьць у заўсёднай і безумоўнай сямейнай падтрымцы, напэўна, пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне.

Міраслаў добра абазнаны ў гісторыі сваёй сям’і:

«Мой бацька — адзін зь пяцёх дзяцей. Мой прадзед быў у савецкі час кулак. Прозьвішча Гермянчук не радавое насамрэч — радавое імя нашае Гвозьдзь. І прадзед мой быў Гвазьдзём. У трыццатыя гады, калі прыйшлі савецкія ўлады да майго прадзеда рэквізаваць ягоную маёмасьць, ён сказаў ім: „Улада вашая бандыцкая, і вы бандыты“, і атрымаў 10 гадоў лягераў дзесьці ў Сыбіры. У гэты час ягоная дачка, мая бабуля, выйшла замуж за чалавека па прозьвішчы Гермянчук, і ў іх зьявілася пяцёра дзяцей. Мой дзед Гермянчук памёр ад раку, калі бацьку было 6 ці 8 гадоў. Потым вярнуўся ўжо з Сыбіры мой прадзед і трымаў ужо гэтую сям’ю».

Міраслаў кажа, што ад бацькі навучыўся таму, што трымае яго ў штодзённым жыцьці: «Заўсёды разьлічваць толькі на сябе. Бацька навучыў мяне і сякерай рабіць, і дровы сячы, нешта майстраваць, печ распальваць».


Ігар Гермянчук з сынам Міраславам.

Нягледзячы на ўсе цяжкасьці — пагрозы з боку ўладаў і невядомых асобаў, перасьлед, адданасьць бацькі да працы, Міраслаў перакананы, што і ён і бацька верныя радавому прозьвішчу — Цьвік:

Ігар Гермянчук (справа) і Сяргей Астравец на вайсковых зборах.

Міраслаў Гермянчук: «У дзяцей ёсьць такое разуменьне, што бацька заўсёды мае рацыю: ты за яго — ён за цябе. І ў гімназіі, калі я вучыўся, у нас на гэты час ужо і ў клясе была свая апазыцыя — гэта быў я. І тыя, хто за Лукашэнку былі. Гэта была на такім узроўні барацьба бацькоў празь дзяцей. Я лічу, што гэта толькі зьяднала і мяне, і маці, і бацьку. Таму што гэта была цяжкая сытуацыя, пры якой яны здолелі прайсьці ўсё гэта. Я лічу, што гэта вельмі добра і паказвае, што людзі — добрыя партнэры».
Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай залі. 11 красавіка 1995. Ігар Гермянчук -- чацьвёрты зьлева.

Але і пра бацьку, і пра бацькаву працу ён мае адмысловую самастойную думку:

Міраслаў Гермянчук: «Я магу шчыра сказаць, што бацька мой быў вялікі такі ігрок — вельмі азартны. Ён заўсёды граў на нейкай мяжы, на фол. Ніколі ні туды, ні сюды нагой — ані ў той, ані ў другі бок. Меў заўсёды сваю думку і ўвогуле нічога не баяўся. І газэта „Свабода“ — я б так сказаў, што гэта быў такі своеасаблівы набор карт, якія ён ператасоўваў, але заўсёды перамагаў — якія б ні былі суды, зачынялі ці не зачынялі газэту».

Праяўляючы незалежнасьць і ўпартасьць нават у імкненьні мець права на прозьвішча, Міраслаў застаецца годным сынам свайго бацькі Ігара Гермянчука:

«Я не кажу сваё прозьвішча тым, хто мяне ня ведае. Я заўсёды ведаў і пасьля ўжо сам адчуў, што цень бацькі заўсёды будзе побач. Ведаеце, калі Біл Гейтс сказаў, што сваім нашчадкам я пакіну адну тысячную сваіх грошай, то тут мне пакінулі амаль усё.

Калі чуюць „Гермянчук“, чакаюць тых жа дзеяньняў, чакаюць таго ж, чакаюць другога Ігара Гермянчука — і гэта цяжка, таму што я іншы чалавек. Наперадзе тое, што чалавек мусіць быць самім сабой, а пасьля ўжо прозьвішча. Бо за кошт прозьвішча могуць быць хібныя калькі, якія заўсёды будуць да цябе ліпнуць. Гэта калька. Бяруць бацьку, накладаюць на цябе, і калі не супадае, то гэта ўжо дрэнна.

У журналістыцы я паспрабаваў, але гэта не маё, я не „залатое пяро“, як кажуць. Я пайшоў сваім шляхам. Бацька вельмі любіў фатаграфаваць — і я фатаграфую. Ён змалку мяне прывучыў да фатаграфіі, я фатаграфаваў разам зь ім, ад яго засталіся і „Зэніты“ першыя, нешта з фататэхнікі. Ён мяне заразіў фатаграфіяй як часткай журналістыкі. Зараз я займаюся пераважна рэклямнай фатаграфіяй, а таксама рэпартажнай. Я ў гэтым бачу сябе».



У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі зь сямейнага архіву Міраслава Гермянчука.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG