Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст дамогся, каб пакаралі міліцыянтаў


Уладзімер Лапцэвіч
Уладзімер Лапцэвіч
Карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі "БелаПАН" Уладзімера Лапцэвіча трымалі пад адміністрацыйным арыштам разам з чалавекам, які раней быў судзімы. Паводле працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях утрыманьне несудзімага чалавека ў адной камэры з судзімым забараняецца.

Журналіст паскардзіўся ў пракуратуру Ленінскага раёну Магілеву, якая прызнала факт парушэньня закону. У адказе яму паведамілі, што міліцыянты Казакоў і Балсун за несумленнае выкананьне службовых абавязкаў пакараныя мерамі матэрыяльнага ўзьдзеяньня.

"Пра гэтае палажэньне я даведаўся выпадкова. У мяне няма імкненьня некаму адпомсьціць. Я проста хацеў выкрыць парушэньне, якое зрабілі супрацоўнікі ізалятара. Магчыма, такое палажэньне мала каму вядомае. Людзі павінны ведаць, што ў іх такое права ёсьць у зьняволеньні. Важна тое, каб людзі пра яго ведалі. Паводле маіх зьвестак, такое парушэньне рабілася даволі часта ў ізалятары", – камэнтуе адказ з пракуратуры Ўладзімер Лапцэвіч.

Раней Уладзімер Лапцэвіч скардзіўся на тое, што супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрыманьня не гаварылі зь ім па-беларуску. Тым самым, паводле журналіста, яны парушалі закон "Аб мовах". Пасьля скаргі, як паведаміла начальства ізалятара Лапцэвічу, для міліцыянтаў былі праведзеныя моўныя заняткі.

Уладзімера Лапцэвіча затрымалі 25 сакавіка на пешаходнай вуліцы Ленінскай у Магілёве. Ён зьбіраўся асьвятляць акцыю мясцовай апазыцыі, прымеркаванай да Дня волі. Судзьдзя Ірына Ланчава прызнала яго вінаватым па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу: за лаянку і няўвагу да заўвагаў міліцыянтаў, а таксама за непадпарадкаваньне ім. Журналіста асудзілі на сем сутак арышту. Трое зь іх ён адбыў да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG