Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны эканаміст ЭБРР: СНД наўрад ці зможа аказаць Менску неабходную дапамогу


Галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Эрык Бэрглоў сумняваецца, што СНД і Расея змогуць аказаць дастатковую фінансавую падтрымку Беларусі.

"Уважліва назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі. Цалкам відавочна, што там будуць істотныя патрэбы ў сродках з-за мяжы, звонку… СНД і Расея абяцалі прадставіць частку такога фінансаваньня. Ня ведаю, ці дастаткова будзе гэтых сродкаў для Беларусі", — заявіў Бэрглоф у Астане ў часе штогадовага пасяджэньня рады кіраўнікоў ЭБРР.

На яго думку, краіне неабходныя прынцыповыя рэформы: "Беларусь пацярпела ад крызісу, і ёй патрэбныя дадатковыя сродкі для разьвіцьця эканомікі. Але было б ілюзорным лічыць, што ўліваньне дадатковых сродкаў у эканоміку Беларусі зьменіць яе фундамэнтальныя праблемы".

Трэба прынцыпова мяняць падыход да эканомікі і ўносіць зьмены ў палітычную сыстэму. Там ёсьць сур'ёзныя праблемы", — лічыць галоўны эканаміст Эрык Бэрглоў, перадае БелаПАН.

19 траўня міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын пацьвердзіў, што Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС разглядае пытаньне пра вылучэньне Беларусі 3 мільярдаў даляраў крэдыту цягам трох наступных гадоў. А каб дапоўніць гэтую суму, Беларусі рэкамэндавана актыўна праводзіць прыватызацыю альбо зьвяртацца ў Міжнародны валютны фонд.
XS
SM
MD
LG