Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 траўня Ірына Халіп была прысуджаная да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады. Такое рашэньне вынесла Жана Брысіна, судзьдзя Завадзкога раёну Менску. За два дні да гэтага муж Ірыны, былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ірына Халіп нарадзілася 12 лістапада 1967 году ў Менску. Уласны карэспандэнт расейскай "Новой газеты" па Беларусі.

Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" і галоўным рэдактарам штотыднёвіка "Имя", якія спынілі выхад. Неаднаразова зазнавала крымінальны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.

У красавіку 1997 году разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам была жорстка зьбітая ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 году ёй пагражалі забойствам невядомыя. Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003), прэміі Генры Нанэна (2005), прэміі "Герой Эўропы" ў намінацыі "Мужнае сэрца" (2005), прэміі "За мужнасьць у журналістыцы" (2009).

19 сьнежня 2010 году, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў яе сілавым чынам затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне ў крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму паводле чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Пагражае зьняволеньне да 15 гадоў. Падчас яе знаходжаньня ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць зь сям'і трохгадовага сына — Даніка Саньнікава. 29 сьнежня меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам.

У лютым 2011 году, ужо пад арыштам, атрымала журналісцкую прэмію "Залатое пяро Расеі". Жонка палітыка Андрэя Саньнікава, якога 14 траўня пакаралі пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG