Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкі-анархісты кажуць пра пагрозы і ціск падчас сьледзтва


У Заводзкім судзе Менску працягваецца працэс над пяцьцю актывістамі анархісцкага руху, якіх вінавацяць у спробах падпалаў дзяржаўных устаноў і расейскай амбасады. Адразу чатыры сьведкі заявілі пра незаконныя захады да іх падчас сьледзтва, два зь іх істотна зьмянілі паказаньні.

Сьведкі, якія пачалі мяняць паказаньні, дадзеныя раней падчас сьледзтва, — гэта маладыя людзі, якія цікавіліся ідэямі анархізму і асабіста ведалі абвінавачаных. У прыватнасьці, Мікалая Дзядка, пра якога сьледзтва мяркуе, што ён арганізаваў акцыю пратэсту каля Генштабу ў верасьні 2009 году, і Аляксандра Францкевіча, які, паводле сьледзтва, быў адміністратарам сайту беларускіх анархістаў і здымаў на відэа іх акцыі. Менавіта гэткія зьвесткі, згодна са сьледзтвам, даў на допыце пасьля затрыманьня сьведка Аляксей Жынгероўскі. Таксама ён распавёў пра падрыхтоўку іншых акцый, у якіх, на яго думку, браў удзел і абвінавачаны Ігар Аліневіч. У прыватнасьці, сьведка Жынгероўскі казаў пра ўдзел Аліневіча ў закідваньні «кактэйлем Молатава» расейскай амбасады ў Менску.

Мікалай Дзядок

Гэтыя паказаньні зачытваліся ў судзе пасьля таго, як Жынгероўскі 19 траўня публічна адмовіўся ад сваіх словаў і заявіў пра ціск на яго з боку супрацоўнікаў КДБ. Сьведка казаў пра пагрозы адносна вучобы, на адрас бацькоў і ў сувязі зь дзіцем. Назваць прозьвішчы тых, хто яму пагражаў, Аляксей Жынгероўскі ня змог. Маўляў, вельмі спужаўся і таму агаварыў сваіх сяброў, а зараз перадумаў і адмаўляецца ад большасьці былых паказаньняў. Тое ж зрабіла і Ксенія Каўко, заявіўшы, што давала паказаньні пад моцным псыхалягічным ціскам. Ігар Багачак і Аляксандар Бугаеў паказаньняў, якія і не супадалі з высновамі сьледзтва, не мянялі. Сьведкі шмат казалі пра незаконныя дзеяньні міліцыі. Бугаеў назваў супрацоўніка, які нібыта ўжываў супраць яго фізычную сілу, каб дамагчыся патрэбных паказаньняў:
Я не даваў паказаньняў, пакуль мяне не пачалі біць. Ударылі гумовай палкай па каленнай чашачцы і ўдарылі па твары.

«Я не даваў паказаньняў, пакуль мяне не пачалі біць. Ударылі гумовай палкай па каленнай чашачцы і ўдарылі па твары».

«Па-мойму, гэта быў супрацоўнік Літвінскі», — назваў прозьвішча гэтага чалавека сьведка Аляксандар Бугаеў. Гэта была адзіная пэўная спасылка на чалавека, які нібыта ўжываў незаконныя захады. «Чаму вы ня скардзіліся на гэтыя дзеяньні?» — «Я тады быў пад арыштам і баяўся новых праблем», — адказаў на пытаньне пракурора Артура Мірошніка сьведка Аляксандар Бугаеў.

У перапынку паседжаньня я прасіў пракурора пракамэнтаваць тое, што сьведкі, якія былі пад арыштам у якасьці падазроных, зараз мяняюць паказаньні. Артур Мірошнік ад камэнтару адмовіўся. Сказаў, што да часу, пакуль ня выступіць у спрэчках, камэнтароў не дае.

Аляксандар Дзядок
А вось што сказаў бацька абвінавачанага Мікалая Дзядка Аляксандар Дзядок, які ўважліва сочыць за працэсам і занатоўвае ўсё, што на ім адбываецца:

«Іх ранейшыя паказаньні, як яны сказалі, былі выбітыя ў іх пад псыхалягічным, а ў некаторых і фізычным ціскам супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Называліся нават прозьвішчы. Прычым гэтае прозьвішча гучала і ўчора ў паказаньнях такога ж кшталту. Таму яны нічога не прыдумляюць і не хаваюць, у мяне няма падстаў ім ня верыць. Маладых недасьведчаных людзей затрымлівалі, некаторых з надуманай прычыны, як майго сына, трымалі шмат дзён пад моцным ціскам. Уяўляю, як гэтая 18-гадовая Каўко, якой сказалі, што цябе пасадзім і твая маці застанецца адна. Што яна мусіла рабіць? Ня кожны сталы чалавек гэта вытрымае».

На працэсе ў Заводзкім судзе павінна неўзабаве пачацца вывучэньне матэрыялаў справы і рэчавых доказаў.
XS
SM
MD
LG