Лінкі ўнівэрсальнага доступу

I love, you love, we love. Уся зацалаваная, у нашай любові быццам сыр у масьле. Краіна-мара, утопія!? Не, у нашым разе мачаха, з нас робяць няродных дзяцей. Адныя любяць гэтак моцна, ня вымкнуцца ёй з абдымкаў жалезных, небарацы. А мы любім плятанічна, сьціпла, моўчкі, на адлегласьці. Мы — статысты. Нас да харашуні не падпускаюць, можам толькі ў тэлевізары паглядзець, станчыць зь ёю не дадуць…

Нам нават пажыраць вачыма няможна, як замах на чужую маёмасьць расцэньваецца гэта. Так што сядзі ціха і глядзі яшчык, ён табе ўсё раскажа сам — якая яна ў нас сінявокая. Але ў мяне апошнім часам усё мацней думка — ці ня лінзы гэта? Начэпяць для папарацы, а затым вымуць. Больш блізарукай краіны цяжка сабе ўявіць. Сапраўдных вачэй мы ня ўбачым, сапраўдныя, мабыць, бляклыя, зьбянтэжаныя.

Фокус-покус


Любоў бывае рознай: шчырай, адданай, фанатычнай, бывае любоў паказушная, бывае карысьлівая, паводле разьліку, як шлюб. Калі крычаць-выхваляюцца на кожным кроку білборды “I love Belarus!”, мне карціць крыкнуць — “ня веру!”

Хтосьці любіць яе як свой асабісты агарод, свае ўласныя шэсьць сотак. А хто хоча таксама яблык сарваць, а ня толькі аблізвацца, для таго дубальтоўка з сольлю. У лепшым разе лупцоўка.

Так, штукары ня першы дзень замужам, сінявокую прыручылі: яна ў іхніх руках то птушка ў клетцы, якая сьпявае па камандзе, а толькі накрыў хусткай — папугай сапіенс зь дзьвюма фразамі — “до получки одолжи!” і “give me some money!” Адпрацавана ў іх: дзе сьлязу скупую выціснуць, а калі толькі носам пашморгаць досыць.

Яна ў іх і курыца, што нясе залатыя яйкі, і яблыня з райскімі пладамі, і дойная карова. Досыць накрыць-зьняць хустку. А для нас яна проста боль і сорам, нямоц, і сэнс існаваньня таксама, хай гэта прагучыць літаратурна.

Прадаўцы паветра нашы, штукары са стажам ужо з двухручнай пілой на сцэне: зараз раскавалім сінявокую! Публіка ў жаху! Так, менавіта, то яна ў іх расьпілаваная на часткі, то ў паветры падвешана. І хуценька з цыліндрам перакуленым па радах: просім раскашэліцца за фокус, за спрыт нашых рук!

Яны зь ёю без цырымоній: могуць за вушы з цыліндра выцягнуць, а могуць паказваць на сцэне як славэтнага сабаку царскага сьвяцілы навукі, якому з ранай у баку было вельмі цяжка… А часам мне здаецца, яна для іх — кабан, пра дзяльбу якіх любяць распавядаць нашы пісьменьнікі. Штосьці схуднеў, дайце на кабана, мы вам каўбаскамі аддзячым, салкам!

Гімны бываюць розныя


Дзяўчына наша шчыра старалася: I love Belarus! Гімн Беларусі? Шлягер з назальлівым паўторам хутчэй. Дзяўчына наша — закладніца сытуацыі. Як можна любіць такую Беларусь?! Канвэерныя суды, андропаўскія праверкі, застрашаньне беларусаў, якія яшчэ баяцца не па-жывёльнаму! А гімн такой Беларусі прапаноўвалася сьпяваць усёй Эўропе, бо песьня-пераможца робіцца агульнаэўрапейскай, як вядома. Карацей, у неадпаведны час і не ў адпаведным месцы прагучала.

Мы гэта праходзілі: “Шырака страна мая радная… дзе так вольна дышыць чалавек”, “Бывайце здаровы, жывіце багата!” — славутыя шлягеры 1937-га… Эўропа хоча ўздыхнуць з нагоды Беларусі, яна ў напружаньні, яна стамілася. Так што наракаць, што мы да іх з гімнам прыўкрасным, а яны да нас з казінай быццам бы мысай — несур’ёзна проста. Колькі ні крычы “казлы!”, грошай болей ня будзе. Беларусь сёньня як камень у нырках Эўропы, як скула на целе. Бо яна, Эўропа, увогуле прызвычаеная сачыць за сваім здароўем.

Маліцца трэба бадай, а не — “люблю Беларусь!” Прыпамінаецца сэрбка Марыя Шэрыфавіч з “Малітвай” менавіта, прыгожая песьня, моцна выкананая. Яна перамагла на “Эўрабачаньні” у 2007-м. У тым годзе я трапіў у прыморскае мястэчка на Адрыятыцы. Зь Бялграду прыяжджала Шэрыфавіч. Канцэрт у рэстарацыі бяз даху з басэйнам пасярэдзіне. Што рабілася! Хто ня трапіў, лез на агароджу, стараўся хоць адным вокам убачыць празь дзіркі, шчыліны, як яна сьпявае. Паліцыя нікога не чапала, дый паліцыі не было відно, калі шчыра.

Так, Сэрбія забылася на Слабадана, сэрбская малітва атрымала воплескі. Бо эмацыйны фон шмат значыць, усе гэта разумеюць. Хаця, вядома ж, у душы хочацца, каб перамагала проста найлепшая песьня. Часам супадае: “Малітва” была сапраўды файнай. Увогуле ад былых югаславаў часта пачуеш выдатныя сьпевы, славянскія. Сёлета Дзіна Мэрлін мяне вельмі парадаваў. Прыгожая і сцэнічная была песьня, словам і шоў таксама атрымалася, што на такіх конкурсах важыць. Ён, Мэрлін, вельмі папулярны ў краінах былой Югаславіі, я маю кружэлкі, асабліва люблю слухаць канцэртныя запісы, як яму шчыра падпяваюць. Але Босьнія і Герцагавіна, за якую выступаў ён, напэўна нічым не прыцягвае сёньня ўвагі эўрапейцаў, на яе забыліся, яна казламі нікога не абзывае…
XS
SM
MD
LG