Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыі КДБ Беларусі супраць Польшчы


Беларускія спэцслужбы, выкарыстоўваючы дакумэнты, скрадзеныя з польскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў, праводзяць акцыі дэзінфармацыі ў Польшчы. Пра гэта піша Войцэх Чучноўскі ў Gazecie Wyborczej.

Студзень 2011 году. Супрацоўнікі консульства Польшчы ў Берасьці зьнішчаюць старыя дакумэнты - неактуальныя анкеты на візы, справаздачы і г.д. Файлы не зьяўляюцца сакрэтнымі, таму зьнішчэньне рэгулярна ажыцьцяўлялася ў кацельні па-за консульствам.

У памяшканьне раптам уваходзяць супрацоўнікі беларускай міліцыі і КДБ. Заяўляюць, што няма дазволу на спальваньне дакумэнтаў і што палякі забруджваюць навакольнае асяродзьдзе. Гэта прыводзіць да сваркі.

«Цалкам магчыма, што КДБісты забралі тады частку матэрыялаў», - распавядае польскі дыплямат, які працуе ў Беларусі. Ён прасіў не называць яго імя, паколькі МЗС ня хоча агалоскі.

Анна Навакоўска, генэральны консул Польшчы ў Берасьці, пацьвердзіла толькі, што такі інцыдэнт меў месца. «Не магу паведаміць падрабязнасьці», - кажа яна. Ці маглі забраць якія-небудзь дакумэнты? - «Паводле людзей, якія там прысутнічалі, - не».

Выпадак важны, таму што на падставе матэрыялаў зь пячаткамі і штампамі польскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі спэцслужбы вырабляюць падробкі, якімі спрабуюць зацікавіць польскія сродкі масавай інфармацыі.

Першая партыя такіх фальшывак прыбыла ў Польшчу ў сакавіку. Другая - два дні таму.

У абодвух выпадках мэханізм аднолькавы: копіі дакумэнтаў з амбасады ў Менску і консульстваў перамяжоўваюцца з сфабрыкаванымі "дыпляматычнымі рассылкамі". У сакавіку яны датычыліся меркаванага (нібыта) фінансаваньня Польшчай дэманстрацый у Беларусі. Цяпер сфабрыкаваныя паведамленьні павінны дыскрэдытаваць сям'ю беларускага карэспандэнта Gazety Wyborczej Анджэя Пачобута, вязьня рэжыму Лукашэнкі, а таксама аднаго з супрацоўнікаў консульства ў Горадні.

Да гэтага далучаныя некалькі дзясяткаў старонак фінансавай справаздачнасьці польскай амбасады ў Менску, старыя візавыя анкеты, матэрыялы аб стыпэндыях для палякаў у Беларусі і курсаў, якія праводзяцца ў Менску "Салідарнасьцю". Гэтыя копіі сапраўдных дакумэнтаў павінны пацьвердзіць падробкі.

«Гэта чарговае «ўкіданьне» беларускіх спэцслужбаў. Ужо ў сакавіку мы перадалі гэтыя матэрыялы агенцтву ўнутранай бясьпекі. Той факт, што фальшыўкі суправаджаюцца сапраўднымі дакумэнтамі, выклікае занепакоенасьць», - заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Марцін Басацкі.

Па дадзеных крыніцаў Gazety Wyborczej, агенцтва ўнутранай бясьпекі лічыць, што матэрыялы альбо былі выкрадзеныя да іх зьнішчэньня, альбо беларускія спэцслужбы ўзламалі электронную пошту польскіх прадстаўніцтваў альбо МЗС.

Другі варыянт пацьвярджаецца тым, што консульства ў Берасьці ня мае доступу да фінансавай справаздачнасьці амбасады ў Менску. Зрэшты, гэтую справаздачнасьць, падобна, таксама падмянілі. Побач з справаздачамі аб выдатках на прадукты харчаваньня і канцылярскія прылады знаходзіцца інфармацыя аб дарагіх рахунках за абеды з актывістамі, арганізацыі якіх зьнішчаюцца рэжымам.

Дакумэнты суправаджаюцца ананімным лістом з інфармацыяй аб тым, што польскія дыпляматы ў Беларусі "прагульваюць грошы".

Прэсавы сакратар агенцтва ўнутранай бясьпекі падпалкоўнік Катажына Каняцпольска-Урублеўска адмаўляецца даваць інфармацыю па гэтай справе. Яна таксама ня кажа, колькі спраў вядзе контравыведка ў сувязі зь дзейнасьцю беларускіх спэцслужбаў у Польшчы.

«Польшча зьяўляецца галоўным ворагам для Беларусі. Беларуская выведка праводзіць тут шырокую дзейнасьць, у асноўным супраць прадстаўнікоў апазыцыі, якія знайшлі прытулак у нас. Дыскрэдытацыя эмігрантаў і апазыцыі ў краіне - вось асноўная мэта КДБ, - лічыць афіцэр агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Беларускія спэцслужбы спрабуюць вэрбаваць у Польшчы агентаў. У лютым 2008 году быў затрыманы афіцэр аддзелу агенцтва ўнутранай бясьпекі ў Беластоку. У 2009 годзе Gazeta Wyborcza (суаўтарам тэксту быў Андрэй Пачобут) апублікавала інфармацыю пра тое, што КДБ у Гародні атрымаў з Польшчы дадзеныя аб тысячах дробных гандляроў, якія куплялі тавары ў нас, атрымліваючы кампэнсацыю падатку на даданую вартасьць. Матэрыялы былі выкарыстаныя для шантажу гандляроў штрафамі. Па словах нашых крыніцаў, яны потым маглі быць прыцягнутыя да супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG