Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч — Эўропе: «Не давайце рэжыму грошай, інакш будуць новыя палітвязьні»


На працэсе ў Ленінскім судзе Менску за адзін дзень правялі судовыя спрэчкі і выслухалі апошнія словы ўсіх сямі абвінавачаных.

Судовыя спрэчкі пачаў пракурор Кірыл Чубкавец. Пракурор мяркуе, што віна ўсіх абвінавачаных у судзе была цалкам даказаная, што 19 сьнежня ў Менску мелі месца масавыя беспарадкі, якія арганізавалі Мікалай Статкевіч з удзелам Дзьмітрыя Вуса, а абвінавачаныя Класкоўскі, Квяткевіч, Грыбкоў, Пазьняк і Буланаў бралі ў іх удзел.

Былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі, паводле пракурора, таксама прысвоіў уладу, калі апрануў на мітынг пад куртку міліцэйскі кіцель, а таксама ён абражаў прадстаўнікоў улады. Гаворка пра міліцыянтаў, на якіх Класкоўскі, паводле ягоных словаў, сварыўся за тое, што яны білі людзей на плошчы. У выніку пракурор запатрабаваў для Статкевіча 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, для Вуса — 7 гадоў, для Квяткевіча, Пазьняка, Грыбкова і Буланава — па 4 гады. Найцяжэй Кірыл Чубкавец запрасіў пакараць Класкоўскага — ажно 8,5 гадамі зьняволеньня.

Болей за дзьве гадзіны выказвалі свае аргумэнты абаронцы абвінавачаных. Адвакат Дзьмітрыя Вуса спадар Сазанчук разабраў па складніках паняцьце масавыя беспарадкі і паспрабаваў даказаць, што іх не было. Бо не было пагромаў, падпалаў, узброенага супраціву — таго, з чаго складаюцца паводле закону, масавыя беспарадкі. Уладзімер Сазанчук заклікаў суд апраўдаць Дзьмітрыя Вуса, бо ня ўбачыў у справе доказаў ягонага злачынства.

Адвакат Тацяна Станкевіч, якая абараняе Статкевіча, даводзіла, што той намагаўся спыніць празь мірную акцыю фальшаваньне выбараў, і ў гэтых дзеяньнях не было злачынства. Паводле адваката, абвінавачаньне са Статкевіча трэба зьняць.

Іншыя абаронцы таксама даказвалі, што масавых беспарадкаў 19 сьнежня не было. Адносна сваіх падабаронных адвакаты заўважалі, што ніхто са сьведак абвінавачаньня не паказаў, што тыя чынілі гвалт і не падпарадкоўваліся міліцыі. Абаронца Ірына Тачкар казала, што яе падаабаронны Дзьмітрый Буланаў, які цяжка хворы, можа апынуцца за кратамі за два ўдары нагой па драўляных шчытах. Андрэй Пазьняк увогуле ня ўдзельнічаў у падзеях на ганку Дома ураду, — даводзіў адвакат Іван Жабко.
Арцём Грыбкоў: Высокі суд! Страх праходзіць за некалькі хвілін, а пачуцьцё віны застаецца на ўсё жыцьцё. Перад вынясеньнем прысуду падумайце аб гэтым.


Паўгадзіны пайшло па апошнія словы абвінавачаных. Самым даўгім было апошняе слова Мікалая Статкевіча. Скончыў ён заклікам да прадстаўнікоў замежных урадаў:

«Хацеў бы зьвярнуцца да прадстаўнікоў дэмакратычных краін, найперш эўрапейскіх краін. Калі ласка, ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы на нашу свабоду. У бандытаў закладнікаў выкупляць нельга. Калі вы гэта робіце, то будуць новыя закладнікі, і сытуацыя ў нашай краіне яшчэ доўга ня зьменіцца. Зараз пра сябе і тое, што прапанаваў пракурор. Я гатовы ахвяраваць уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай».

У сваім кароткім апошнім слове Дзьмітрый Вус быў зноў катэгарычным адносна дзейнага выбарчага закону. Ён сказаў, што будзе зьбіраць мільён подпісаў за зьмену гэтага закону. Што тычыцца турмы, то да яе экс-кандыдат на прэзыдэнта таксама гатовы.

Абвінавачаны Арцём Грыбкоў, якога сьледзтва спрабавала выставіць хранічным алькаголікам, у апошнім слове выявіў шчырасьць і прынцыповасьць.

«Я не прычыніў нікому шкоды, нікога ня ўдарыў, але хачу папрасіць прабачэньня ў сваякоў і знаёмых. Выбачайце, калі што ня так. Прашу прабачэньня ў кандыдатаў, што, магчыма, сваімі дзеяньнямі падвёў іх пад гэты нічым не абгрунтаваны артыкул. Высокі суд! Страх праходзіць за некалькі хвілін, а пачуцьцё віны застаецца на ўсё жыцьцё. Перад вынясеньнем прысуду падумайце аб гэтым».

Прысуд прагучыць 20 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG