Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Апошняе слова Міколы Статкевіча


19 сьнежня ў Беларусі сапраўды было зьдзейсьнена асабліва цяжкае злачынства.

Шаноўнае грамадзтва, у жыцьці бываюць такія сытуацыі, калі трэба ісьці на парушэньне заканадаўства больш дробнае, каб прадухіліць больш цяжкія наступствы

І гэта зрабіў адзін кандыдат у прэзыдэнты. Гэта злачынства кваліфікуецца артыкулам 357 часткай другой Крымінальнага кодэксу. І гучыць так: захаваньне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Я быў кандыдатам у прэзыдэнты і лічыў сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць гэтае злачынства. Я спрабаваў давесьці да шырокай грамадзкасьці, як будзе ажыцьцяўляцца гэтае злачынства. Таму што, на жаль, ўжо быў досьвед такіх злачынстваў.

Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата і пісьмова і праз эфір беларускага тэлебачаньня з прапановамі не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб шляхам прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей, якія дэманструюць сваю нязгоду, прымусіць уладу да закону.

Тут шмат гучала. што акцыя была незаконная, несанкцыянаваная і гэтак далей. Шаноўнае грамадзтва, у жыцьці бываюць такія сытуацыі, калі трэба ісьці на парушэньне заканадаўства больш дробнае, каб прадухіліць больш цяжкія наступствы.

Напрыклад, нікому не прыйдзе ў галаву абвінаваціць чалавека, які выскачыў на праезную частку, каб з-пад машыны выхапіць дзіцё. Ніхто ў здаровым розуме ня выпіша яму квітанцыю за парушэньне правілаў дарожнага руху. Або больш страшны прыклад. Ніхто, мабыць, таксама не абвінаваціць чалавека за нанясеньне цялесных пашкоджаньням забойцу, каб прадухіліць забойства. Праўда, бываюць і іншыя прыклады, калі наадварот. Я чытаў, як у Гомелі, чалавек, прадухіліўшы крадзеж уласнага магнітафону, выскачыў за рабаўніком, параніў яго, а потым бег за параненым і зарэзаў яго. Пазьней быў вызвалены на свабоду асабістым указам кіраўніка гэтай улады. Бываюць і такія выпадкі.

Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства — расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць фальсыфікацыяў. Расправа гэтая рыхтавалася загадзя.

Я спасылаюся на Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне, якое пасьля новага году дэманстравала зьвесткі, дакумэнты, што нібыта апазыцыя замаўляла халодную зброю на дзяржаўным заводзе.

У матэрыялах справы ёсьць ліст ад «МакДональдса», дзе напісана, што яны закрыліся ў 20.15 у сувязі з масавымі беспарадкамі. А ў 20.15 толькі пачынаўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Усё гэта сьведчыць па тое, што акцыя была загадзя сплянаваная

Гэта насамрэч сьведчыць пра тое, што яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым, мабыць, зразумелі, што гэта занадта белымі ніткамі шытае. Але спроба была. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца да вялікай колькасьці арыштантаў, пачалі зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.

Нават па матэрыялах справы бачна, што прадстаўнікі міліцыі абышлі ўсе ўстановы ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і папярэдзілі, што будуць масавыя беспарадкі, маўляў, зачыняйцеся. У матэрыялах справы ёсьць ліст ад «МакДональдса», дзе напісана, што яны закрыліся ў 20.15 у сувязі з масавымі беспарадкамі. А ў 20.15 толькі пачынаўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Усё гэта сьведчыць па тое, што акцыя была загадзя сплянаваная.

Правакацыя пачалася з нападу ў 19.30 на двух кандыдатаў, калі галасаваньне яшчэ ішло. Мэтай нападу было ня толькі нанесьці цялесныя пашкоджаньні, але каб узбудзіць ва ўдзельніках акцыі на Кастрычніцкай плошчы пачуцьцё помсты, каб атрымаць разбуральны натоўп, атрымаць нагоду для далейшай расправы. Людзі павялі сябе адказна і не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана блякавалі кандыдатаў, спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна, адказна.

Далей падчас мітынгу на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі «ГУВД», калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Хто выпадкова павёўся, а нехта спрабаваў такім чынам прадухіліць большае злачынства — краінай кіруе самазванец. Я думаю, што і зараз ў значнай часткі грамадзтва гэтыя маладыя людзі ўспрымаюцца як героі. Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях.

Кіраўнік рэжыму ў інтэрвію «Вашынгтон пост» хваліўся, што ў рэжыме онлайн кіраваў сытуацыяй каля Дому ўраду. Ён усё бачыў, аддаваў каманды. Ён, мабыць, аддаў каманду, калі падышоў АМОН, і людзі адышлі ад Дому ураду, каб АМОН сышоў, справакаваўшы такім чынам далейшы працяг удараў па гэтых дзьвярах. Бо я ня веру, што нейкі афіцэр мог на сябе ўзяць такую адказнасьць без каманды зьверху.

Унікальная беларуская вада, якая не замярзае пры 14 градусах марозу

Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей. Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта расправы была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства — захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне рэчавых доказаў. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада, і ёсьць дакумэнт. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд, а яны напісалі — вадкасьць. Унікальная беларуская вада, якая не замярзае пры 14 градусах марозу.

Увага грамадзкасьці была адцягнутая. Бо арыштаваныя дзясяткі людзей. Замест таго, каб абмяркоўваць захоп улады, мы абмяркоўвае гэта. Непараўнальныя рэчы. Ён уладу захапіў, а яму дзьверы пабілі на 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Зараз паводле рэальнага курсу гэта 2 тысячы даляраў, праз некалькі месяцаў 1 тысяча даляраў будзе. З другога боку толькі даход Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, які нікім не кантралюецца ў дзяржаве, складае 100 мільёнаў даляраў у месяц. За кадэнцыю прэзыдэнцкую 5пяцігадовую гэта 6 мільярдаў.

Да нашай сытуацыі вельмі добра падыходзіць гэтае слова -- муляжы.

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, пракурор, судзьдзя — але насамрэч муляж з загадзя вызначаным канцом. Як і з выбарамі — муляж. Парлямэнт — муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?

Нават нашу эканоміку, якая ў неблагім стане засталася ад савецкіх часоў, праелі і паступова ператвараюць у муляж, як і беларускую валюту.

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, пракурор, судзьдзя — але насамрэч муляж з загадзя вызначаным канцом. Як і з выбарамі — муляж. Парлямэнт — муляж

Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж — быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. А насамрэч за ўсім гэтым страх, залежнасьць і неабароненасьць ад любых нечаканасьцяў, ад таго, якія тараканы ў высокай галаве прабягуць. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. На жаль, але гэта немагчыма без змаганьня. На жаль, гэтае змаганьне не абыходзіцца без ахвяраваньняў.

Дзякую за мужнасьць тым, хто не напалохаўся і прыйшоў на Плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся на нарах, ў клетках. Хачу сказаць родным і блізкім гэтых людзей, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз на дадзены момант гэта высокае месца. Значна больш высокае, чым на тым баку залі.

Зьвяртаюся да дыпляматаў разьвітых эўрапейскіх краінаў — ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой. У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць будуць іншыя закладнікі, і сытуацыя доўга ня зьменіцца.

Што да асабіста мяне і прапановы пракурора. Я гатовы ахвяраваць сваёй уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG