Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская апазыцыя дамагаецца, каб вярнулі льготы на праезд


Берасьцейская гарадзкая арганізацыя «Справядлівы сьвет» накіравала зварот да мясцовых дэпутатаў і ў аблвыканкам з прапановай даць права поўнага бясплатнага праезду школьнікам па горадзе, а ня толькі да месца вучобы і назад. Гэта матывавана найперш складаным матэрыяльным становішчам, у якім апынуліся звычайныя беларусы. Чыноўнікі разышліся ў меркаваньнях.

Старшыня арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Людміла Дзенісенка кажа, што зьвярнулася да дэпутатаў і чыноўнікаў з просьбай дазволіць школьнікам бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. У якасьці прыкладу яна прыводзіць Менск, дзе пытаньне зь бясплатным праездам школьнікаў вырашана яшчэ ў сакавіку:

З абласнога савету мне адказалі, што такія захады немагчымыя ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам.

«З абласнога савету мне адказалі, што такія захады немагчымыя ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам. А вось чыноўнікі аблвыканкаму адзначылі, што пытаньне будзе разглядацца. Магчыма, будуць выдзеленыя маршруты, дзе праезд школьнікам будзе бясплатным. Але атрымліваецца, што дзьве практычна аднолькавыя ўстановы даюць зусім розныя адказы».

Людміла Дзенісенка спадзяцца, што берасьцейскія школьнікі змогуць карыстацца грамадзкім транспартам у абласным горадзе бясплатна. У адваротным выпадку партыя і надалей будзе зьвяртаць увагу на гэтую праблему:

«Калі 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, чыноўнікі ня зробяць праезд бясплатным для школьнікаў, мы зноў будзем рыхтаваць зварот у аблвыканкам. Будзем таксама намагацца правесьці пікет. Бо чыноўнікі павінны выконваць свае абавязальніцтвы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG