Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлоў: «Някляеў і праз 100 гадоў застанецца ня толькі ў хрэстаматыях, але і ў палітычнай гісторыі»


Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы прагучалі апошнія словы шасьці фігурантаў справы за 19 сьнежня — кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама Аляксандра Фядуты, Андрэя Дзьмітрыева, Вяргея Вазьняка і Насты Палажанкі.

Кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, якому пракурор папрасіў, як і Някляеву, самае сур’ёзнае пакараньне з шасьці падсудных, кажа, што ў яго вельмі складаныя і супярэчлівыя адчуваньні. Па-чалавечы ён рады, што ня пойдзе ў турму:

«Але я бачу людзей, якія зрабілі нашмат меней, і яны атрымліваюць тэрміны. Ведаеце, сорамна за краіну, і сорамна за тое, што я — тут, а яны — там. Я разумею, што быццам бы я і не вінаваты, што яны там. Але мне неяк няёмка…

Што тычыцца сёньняшніх выступаў, мне было цікава, што ўсе сказалі вельмі па-свойму. І гэта надзея на тое, што калі ўсё ж Беларусь будзе іншай, калі будуць сапраўдныя палітыкі, у нас будзе шмат розных людзей, не падобных адзін на аднаго. А розных — з рознымі прамовамі, з рознымі ідэямі, з рознымі поглядамі. Мы нават на лаве падсудных зь Віталём Рымашэўскім паспрачаліся па некаторых палітычных пытаньнях».

Актывістка партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Валерыя Чарнаморцава, якая ўважліва сачыла за ўсім працэсам, параўнала яго са спэктаклем:

«Вельмі цікава было назіраць за судзьдзёй, за пракурорам. Судзьдзя сядзела за барыкадай з тамоў справы, фактычна была схаваная ад усіх тых рэчаў, якія казалі ў яе бок так званыя падсудныя. Пракурор сядзеў, падпёршы галаву рукой у позе асуджанага. Сапраўды, усе выступалі вельмі годна. Практычна ніхто не спрабаваў бараніцца, але ўсе казалі менавіта тое, што павінна зараз гучаць як мага гучней не ў будынку гэтага суду, а на тых самых вуліцах і плошчах, за якія іх судзяць».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў перакананы: каб адбывалася гістарычнае, палітычнае дзеяньне, трэба каб былі дзейныя асобы. І сёньня на судзе ён яшчэ раз пераканаўся, што такія асобы ёсьць:

«Сярод іх, безумоўна, Уладзімер Някляеў, які — я абсалютна ў гэтым ўпэўнены — і праз 100 гадоў застанецца ня толькі ў літаратурных хрэстаматыях і анталёгіях, але і ў нашай палітычнай гісторыі. Пра гэта сьведчыць ягоная бліскучая прамова. Ён ня мог не згадаць — і ў гэтым таксама выявіўся яго талент — што гэты суд адбываецца на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, які калісьці ў сваёй „Пінскай шляхце“ намаляваў амаль такую ж самую карціну. І той, хто прачытае прамову, пераканаецца яшчэ раз у таленце і геніі і Дуніна-Марцінкевіча, і ў таленце і геніі нашага палітыка і клясыка Ўладзімера Някляева».

Уладзімер Арлоў кажа, што сёньня ён думае яшчэ і пра тое, каб Бог даў Някляеву часу, сілы і мудрасьці, каб беларусы абралі яго прэзыдэнтам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG