Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютны крызіс ў Беларусі найперш адбіўся на заробках. Тая сума, якая ў сьнежні адпавядала абяцаным уладай 500 далярам – паўтара мільёна рублёў – цяпер у пераліку на валюту скарацілася ўдвая. Але і гэтыя абясцэненыя заробкі адміністрацыі дзяржаўных устаноў імкнуцца абрэзаць, выконваючы дырэктыву аб эканоміі бюджэтных сродкаў.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У настаўнікаў з гораду адбяруць 20% заробкаў, у вясковых — 18%

Жыхарка Берасьця Людміла Мікалаеўна паведаміла "Свабодзе", што настаўнікі, якія працуюць у горадзе, мусяць адмовіцца ад 20% сваіх заробкаў, а вясковыя настаўнікі — ад 18%:

"У бюджэтнікаў з-за крызісу проста нахабна забіраюць каля 20% ад заробку. Прычым начальства цынічна тлумачыць, што нібыта настаўнікі пішуць добраахвотна заявы. Што тычыцца настаўнікаў, якія працуюць у вёсцы, то ў іх забіраюць каля 18%. Тут няма чаго зьдзіўляцца. Перад выбарамі далі грошы, а зараз проста іх забіраюць".

Людзі абураюцца, кажа Людміла Мікалаеўна, але ніхто нічога ня можа зрабіць. Тым ня менш цяпер, перад летам, некаторых прымушаюць адмаўляцца ад папярэдняй аплаты за адпачынак:

"Нават цяпер дайшло да таго, што пішуць заявы аб адмове ад платы за адпачынак. Паводле заявы, грошы нібыта прадстаўляюцца дзяржаве, кшталту крэдыту на нявызначаны тэрмін. Гэта цяжка зразумець".

"Настаўнікі безабаронныя, бо яны зьвязаныя кантрактамі"

Намесьніца старшыні прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк кажа, што настаўнікі апошнім часам скардзяцца на такія захады ўладаў. Але многія баяцца агучваць гэту інфармацыю:

"У нашага заводу "Цьветатрон" было раней пяць падшэфных школаў, якія месьцяцца непадалёк. Некаторыя настаўніцы памятаюць мяне з тых часоў і падчас сустрэч распавядаюць пра такія факты. Праўда, яны вельмі баяцца і просяць не называць іх прозьвішчы. Яны зьвязаныя кантрактамі, ня могуць зрабіць кроку самастойна".

Мікалай Коўш, лідэр абласной арганізацыі АГП, у мінулым працаўнік адукацыі, кажа, што адукацыйная сыстэма сёньня, як практычна і ўсе сфэры, — закладніца сыстэмы палітычнай:

"У нашай краіне назіраецца татальны кантроль. Настаўнікі ня могуць выказаць свой пратэст. Акрамя таго, зараз ва ўсіх школах Берасьця вядуцца комплексныя праверкі. Краінай жа кіруе чалавек, які можа толькі напалохаць, зьняць з працы. Але гэта -- тупіковы шлях".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"У нас і без таго заробкі ўсё меншыя і меншыя"

На Гомельшчыне ў настаўніцкім асяродку абмяркоўваецца пытаньне пра магчымае зьніжэньне заробкаў у зьвязку зь фінансавым крызісам.

Выкладчыца з Рэчыцы апавяла, што іх нядаўна пазнаёмілі з новай калектыўнай дамовай, паводле якой школьным пэдагогам зразаюць прэміяльныя:

"Мы падпісваем калектыўную дамову. У гэтым годзе нам прыслалі варыянт дамовы, які мы мусім падпісаць. Паводле гэтага варыянту, прэмія нам будзе налічвацца ўжо ня 20 адсоткаў, а 15. Дырэктарка доўга нам тлумачыла, што са старой 20-адсоткавай прэміі яна не магла заахвоціць тых, хто вельмі добра працуе. А калі будзе 15-адсоткавы памер абавязковых прэмій, тады яна рэсурсы для заахвочваньня знойдзе".

"Паслухмяныя начальству атрымаюць больш"

Школьным настаўнікам яшчэ прадугледжаныя й так званыя дырэктарскія надбаўкі, але яны налічваюцца даволі выбарачна:

"Там ёсьць нейкае палажэньне, каму й колькі. Той, хто бліжэй да начальства, той атрымлівае. А хто не, той можа нічога не атрымліваць. І яшчэ будзеш вінаваты, што ты прыйшоў і задаў пытаньне".

Адна з настаўніц абласнога цэнтру паведаміла, што наагул рыхтуецца перагляд аплаты працы ўсім працаўнікам бюджэтнай сфэры. Навіну такую прынесьлі бацькі школьнікаў, якія зьвязаныя з бухгальтэрыяй. Настаўнікі ў гэтых сьпісах на карэктаваньне заробкаў — у першых шэрагах:

"Абгрунтаваньне такое, што яны, гэтыя заробкі, былі завышаныя паўгода таму — перад выбарамі. І зараз гэтую памылку нібыта вырашылі выправіць, каб нашы заробкі былі абгрунтаваныя, бо нам іх павысілі неабгрунтавана. Рэальна на 18 адсоткаў зьбіраюцца панізіць нашы заробкі".

"У час фінансавага крызісу рэальны заробак беларускага настаўніка — 200 даляраў"

Пэдагог кажа, што нават без перагляду памеру аплаты працы, з улікам цяперашняй вартасьці даляра, многія настаўнікі ўжо не атрымліваюць у эквіваленце нават 200 даляраў:

"Калі лічыць па сёньняшнім курсе даляра і калі настаўнік атрымлівае мільён, а даляр — 6—7 тысячаў, дык настаўнік не атрымлівае рэальна й 200 даляраў. Калі паўтара мільёна атрымлівае, але гэта рэдка хто, то гэта толькі 300 даляраў. Я па сваім заробку гляджу, што нават без карэктаваньня ў мяне ў параўнаньні са сьнежнем то на 50, то на 100 тысячаў меней і меней. У сьнежні адзін заробак, а пасьля — усё меншы й меншы. Мы, вядома, абураемся. Але ж куды мы пойдзем? Нас жа мала. І хто нас падтрымае? Гэта на МАЗе — тысячы. Ну, выйдзе ў нас на вуліцу 30 чалавек — ну і што?"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG