Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Міронаў скрытыкаваў крамлёўскую партыю "Адзіная Расея"


Дэпутаты заканадаўчага сходу Пецярбургу прынялі рашэньне пра адкліканьне свайго прадстаўніка Сяргея Міронава з верхняй палаты расейскага парлямэнту. Тым самым, Міронаў аўтаматычна пазбавіўся пасады старшыні Рады Фэдэрацыі -- трэцяй паводле вяршэнства ў Расейскай Фэдэрацыі, пасьля прэзыдэнта і прэм'ер-міністра.

Такое рашэньне падтрымалі 43 дэпутаты, 5 былі супраць. Напярэдадні галасаваньня паліцыя затрымала 12 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі у падтрымку Міронава.

Выступаючы перад дэпутатамі заканадаўчага сходу Пецярбургу, Міронаў рэзка скрытыкаваў пракрамлёўскую партыю "Адзіная Расея", абвінаваціў яе ў "перасьледзе за іншадумства" і і заявіў, што гэтая партыя можа вярнуць "6-ты артыкул Канстытуцыі", які ў СССР замацоўваў ролю кампартыі як кіруючай. Міронаў сказаў таксама, што "па ўсёй краіне сацыяльныя ліфты абарваныя, у кадравай палітыцы квітнее кумаўство, дзеці чыноўнікаў займаюць "цёплыя месцы".

Назіральнікі адзначаюць, што галасаваньне за адстаўку Міронава адбылося пасьля перапынку, у часе якога дэпутаты глядзелі трансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзведзева, які заявіў, што адстаўка Міронава, калі б яна адбылася, была б "адлюстраваньнем палітычнай канкурэнцыі".

Раней кіраўніцтва партыі "Адзіная Расея" крытыкавала Міронава за ягоныя выказваньні адносна палітычнай сытуацыі ў краіне.
XS
SM
MD
LG