Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўнае парушэньне: ня быў даказаны сам факт масавых беспарадкаў

  • Міхаіл Раманоускі

Наста Лойка

Наста Лойка

На ўсіх судовых працэсах, дзе разглядаюцца крымінальныя справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, прысутнічаюць беларускія праваабаронцы. Яны рыхтуюць свае ацэнкі і рэкамэндацыі. На пытаньні Свабоды адказала прадстаўніца Праваабарончага цэнтру "Вясна" Наста Лойка.





Ракіцкі: Ці можаце вы сказаць, што працэсы адпавядаюць беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам. Якія найбольш прынцыповыя парушэньні асабіста вы адзначаеце?

Лойка: Безумоўна, нельга сказаць, што гэтыя працэсы адпавядаюць і беларускаму заканадаўству, і міжнародным стандартам, паколькі на ніводным працэсе ня быў даказаны сам факт масавых беспарадкаў. Бо там павінна быць сукупнасьць такіх дзеяньняў, як падпалы, пагромы, гвалт над асобай і г.д. Доказаў гэтага мы ня бачылі цалкам, мы гэта адзначаем у кожным аналітычным аглядзе. І таксама, што да дзеяньняў кожнага з абвінавачаных, сукупнасьці такіх дзеяньняў не было. Таму можна сказаць, што абсалютна неадэкватная кваліфікацыя дзеяньняў гэтых людзей і беспадстаўнае іхнае асуджэньне на такія вялікія тэрміны па гэтым артыкуле. Гэта асноўнае парушэньне.

Акрамя гэтага, вельмі вялікая колькасьць працэсуальных парушэньняў – як на этапе папярэдняга расьследаваньня (гэта тычыцца асабліва тых, хто быў зьняволены ў СІЗА КДБ, да якіх нават не пускалі адвакатаў) – так і падчас самога судовага працэсу, калі было задаволена вельмі мала хадайніцтваў з боку абароны аб дадатковым дасьледваньні некаторых фактаў, і абвінавачвальныя прысуды выносіліся на падставе незразумелых доказаў. Напрыклад, у працэсе над Саньнікавым вельмі вялікую ролю ў абвінавачаньні гралі відэаматэрыялы, якія відавочна былі змантажаваныя.

Ракіцкі: Гэтыя працэсы неўзабаве скончацца. Якія будуць наступныя дзеяньні праваабаронцаў?

Лойка:
Асноўная дзейнасьць будзе накіраваная на поўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных. Будзем актывізоўваць і міжнародную супольнасьць, і сілы ўнутры краіны. І ў нас ёсьць падазрэньні, што на гэтым палітычныя працэсы могуць ня скончыцца, і што могуць зьяўляцца, на жаль, новыя.
XS
SM
MD
LG